2 траўня 2024, Чацвер, 2:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ФСБ на варце расейскага допінгу

6
ФСБ на варце расейскага допінгу
Фото: svoboda.org

Што інспектары Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (САДА) апавялі пра дзяржаўную сістэму ўтойвання допінгу ў расейскім спорце.

Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (САДА) апублікавала вынікі двухмесячнага расследавання пра ўжыванне забароненых прэпаратаў у расейскім спорце.

Асноўная выснова: Міністэрства спорту Расеі пры падтрымцы ФСБ і Цэнтра спартыўнай падрыхтоўкі зборных камандаў пабудавала сістэму падмены спробаў і фальсіфікацыі вынікаў тэставання расейскіх спартоўцаў. Расейскае выданне Slon апісвае галоўныя факты, прыведзеныя ў дакладзе.

Мача пад аховай ФСБ

Як апавёў інспектарам САДА былы кіраўнік маскоўскай лабараторыі Рыгор Родчанкаў, Федэральная служба бяспекі непасрэдна ўдзельнічала ў праграме ўтойвання станоўчых допінг-спробаў. У 2006 годзе, калі Родчанкаў узначаліў лабараторыю, яму быў прысвоены аператыўны псеўданім Куц (верагодна, у гонар бегуна Уладзіміра Куца – Родчанкаў таксама быў стаерам).

У дакладзе падрабязна апісаная падмена допінг-спробаў падчас зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы. У рэгіянальнай управе ФСБ было арганізаванае сховішча загадзя сабраных «чыстых» аналізаў мачы расейскіх спартоўцаў. За падмену адказваў афіцэр з імем Яўген Блахін. На думку Родчанкава, ён удзельнічаў у распрацоўцы спосабу ўскрываць кантэйнеры з мачой так, каб іх можна было потым зноў запячатаць.

Пра працэдуру падмены спробаў ужо апавядалася ў матэрыяле New York Times. У ноч пасля здачы аналізаў супрацоўнік сочынскай лабараторыі праз дзірку ў сцяне перадаваў патрэбныя спробы Блахіну (запісаны ў рэестры супрацоўнікаў як інжынер-водаправоднік). Той асцярожна ўскрываў кантэйнеры і замяняў змесціва на мачу са сховішча ФСБ.

ПЛАНІРОЎКА ПАМЯШКАННЯЎ АНТЫДОПІНГАВАЙ ЛАБАРАТОРЫІ Ў СОЧЫ: 6 – ПАКОЙ У ІЗАЛЯВАНЫМ БЛОКУ, 5 – СУМЕЖНЫЯ ПАМЯШКАННІ З ДЗІРКАЙ У СЦЯНЕ

Выява: САДА

Планіроўка памяшканняў антыдопінгавай лабараторыі ў Сочы: 6 – пакой у ізаляваным блоку, 5 – сумежныя памяшканні з дзіркай у сцяне

Для праверкі словаў Родчанкава САДА папрасіла ў лазанскай лабараторыі 95 кантэйнераў з мачой расейскіх спартоўцаў, указаных у спісах на падмену спробаў. З іх выпадковым чынам адабралі 11 кантэйнераў для падрабязнага вывучэння. Ва ўсіх выпадках на кантэйнерах выявілі драпіны на ўнутраным баку вечка, што кажа пра магчымую падмену мачы.

Чужыя аналізы

САДА змагло даказаць, што ў асобных выпадках у спробах аднаго і таго ж расейскага спартоўца на самай справе змяшчаецца мача розных людзей. Для гэтага быў праведзены аналіз ДНК мачы, якая захоўваецца ў Лазане.

Выяўлены як мінімум тры спартоўцы, у якіх у мачы прысутнічае чужая ДНК. І ва ўсіх гэтых выпадках кантэйнеры са сховішча мелі прыкметы несанкцыянаванага ўскрыцця.

Методыка ўтойвання станоўчых спробаў

Камісія САДА высветліла, што ў Расеі была распрацаваная спецыяльная сістэма фальсіфікацыі вынікаў допінг-спробаў, калі самі спробы не атрымлівалася падмяніць. Яна была цалкам рэалізаваная на базе Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі, дзе ўсе ўзятыя на тэрыторыі Расеі спробы праходзілі папярэдняе даследаванне. Меркаваная пакрокавая схема працы сістэмы:

У аналізе спартоўца выяўленыя прыкметы забароненага рэчыва.

Сігнал пра гэта паступае з лабараторыі да пасярэдніка ў адну з установаў Мінспорту.

Пасярэднік праз Расейскае антыдопінгавае агенцтва праз нумар спробы высвятляе імя спартоўца.

Справу спартоўцы і вынік спробы перадаюць намесніку міністра спорту Юрыю Нагорных.

Нагорных адказвае кодавым словам: ЗАХАВАЦЬ або КАРАНЦІН.

ЗАХАВАЦЬ – антыдопінгавая лабараторыя не праводзіць дэталёвы аналіз спробы, яна заносіцца ў міжнародную сістэму ADAMS як адмоўная, ва ўнутранай сістэме станоўчы аналіз выпраўляецца.

КАРАНЦІН – спроба апрацоўваецца ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, то бок праводзіцца поўнае даследаванне з занясеннем усіх вынікаў ва ўсе сістэмы.

Асабліва адзначаецца, што гэтая методыка ўжывалася як да расейскіх, так і да замежных спартоўцаў. Бо лабараторыя ведала толькі нумар спробы, але не імя атлета. Расследаванне паказала, што для расейцаў у 54% выпадкаў прымалася пастанова ЗАХАВАЦЬ, гэта значыць «выратаваць» спартоўца. Замежнікаў з тых ці іншых прычынаў «захоўвалі» толькі ў 12% выпадкаў.

Праверка архіваў ADAMS паказала, што з 2012 да 2015 года такім чынам былі сфальсіфікаваныя 643 станоўчыя спробы на розных спаборніцтвах.

Пуцін у курсе?

САДА не ўдалося знайсці прамой сувязі паміж удзельнікамі схемы фальсіфікацыі спробаў і найвышэйшым кіраўніцтвам Расеі. Аўтар даклада Рычард Макларэн між тым спасылаецца на аналагічную сітуацыю ў справе пра забойства Аляксандра Літвіненкі. Тады судовае следства таксама не знайшло прамой сувязі паміж выканаўцамі і кіраўніцтвам краіны, але ў матэрыялах паказана, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін заўсёды знаходзіўся ў кантакце са спецслужбамі.

Пастанова МАК

Паводле вынікаў даклада САДА афіцыйна заклікала ўсе спартовыя арганізацыі выключыць расейскіх атлетаў з усіх спаборніцтваў, уключаючы Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанэйра. Канчатковую пастанову пра допуск да Гульняў, якія пачнуцца 5 жніўня, будзе прымаць Міжнародны алімпійскі камітэт. Сёння брытанскае выданне The Daily Mail са спасылкай на дасведчаныя крыніцы ў Міжнародным алімпійскім камітэце (МАК) паведаміла, што паводле пастановы МАК уся расейская каманда з 387 атлетаў не паедзе на Алімпіяду – 2016 у Рыа-дэ-Жанэйра ў пакаранне за допінгавыя парушэнні.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках