26 красавiка 2024, Пятніца, 23:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-дэпутат Бундэстагу: Свабодную журналістыку немагчыма забіць

Экс-дэпутат Бундэстагу: Свабодную журналістыку немагчыма забіць
Герт Вайскірхен
ФОТА З САЙТА DW.COM

Павел Шарамет быў узорам дэмакратычнай журналістыкі.

У 2002 годзе нямецкі дэпутат Герт Вайскірхен, будучы кіраўніком камітэту Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях, уручыў Паўлу Шарамету прэмію АБСЭ за дэмакратыю і абарону правоў чалавека ў галіне журналістыкі.

Былы дэпутат бундэстага ў інтэрв'ю DW успамінае пра журналіста, які быў забіты ў Кіеве 20 ліпеня.

- Раскажыце, як вы пазнаёміліся з Паўлам Шараметам. Як я разумею, гэта адбылося ў 2002 годзе?

- Так, 6 ліпеня 2002 года. Мы ўручылі яму прэмію АБСЕ за дэмакратыю і абарону правоў чалавека ў галіне журналістыкі - за тое, што ён быў асаблівым журналістам. Ён адважна паведамляў пра беларускія рэаліі, не перабольшваючы іх. Для нас гэта было падставай адзначыць яго працу асаблівым чынам.

- Як вы маглі б ахарактарызаваць Паўла Шарамета як журналіста?

- Як журналіст, ён вельмі мужна задаваў усе пытанні, што яго цікавілі, любому, не залежна ад становішча чалавека ў грамадстве або яго пасады. Пры гэтым Шарамет памятаў, што заўсёды неабходна правяраць усю інфармацыю.

Дэмакратычнага журналіста адрознівае тое, што ён крытычна і прама задае пытанні. Ён таксама задаецца пытаннем, якім чынам сам можа дапамагчы грамадству, у якім жыве, раскрываючы праўду.

- Якую ролю, на вашу думку, гуляў Шарамет у краінах, дзе ён працаваў - ва Украіне, у Расеі і Беларусі?

- Ён быў вельмі крытычным да ўсіх праяў карупцыі і спробаў дэзінфармацыі насельніцтва з боку ўлады. Шарамет спрабаваў не дапусціць таго, каб краіны, дзе ён працаваў, патанулі ў небяспечных традыцыях, якія там усё яшчэ паразітуюць ці ж часткова вяртаюцца. Ён быў вельмі наглядальным і не баяўся ўголас казаць пра тое, што яго непакоіла.

- Вы ведалі Шарамета асабіста, якім ён быў чалавекам?

- У журналістыку ён прыйшоў маладым, яшчэ ў Менску, і хутка зразумеў, што гаворка ідзе не пра тое, каб зрабіць кар'еру. Як Павел нам аднойчы распавядаў, ён хацеў стаць банкірам, але калі ўбачыў, што адбываецца ў Беларусі, без сумненняў вырашыў: я павінен пісаць пра тое, што бачу і, што мне не падабаецца. І гэта стала момантам нараджэння незвычайнага і таленавітага журналіста, які сваёй працай паказаў, што магчыма сумясціць дзве рэчы: здольнасць знаходзіць вельмі дакладную інфармацыю і выкладваць яе на зразумелай для людзей мове. Да гэтага можна дадаць і трэці момант: ён не быў берсеркам, што пагарджае людзьмі, і не стаў цынікам. У Шарамета, наадварот, было ярка выяўленае разуменне, што чалавек павінен зрабіць усё магчымае, каб зрабіць грамадства, у якім ён жыве, больш чалавечным. Вядома, гэта яго вельмі хутка звяло з іншымі журналістамі-аднадумцамі.

Можна сказаць, што ён быў паслядоўнікам Георгія Гангадзэ, які быў таксама забіты, і якому мы таксама, хоць і пасмяротна, прысвоілі прэмію АБСЭ за дэмакратыю і абарону правоў чалавека ў галіне журналістыкі (у 2001 году.- рэд.). Шарамет прадстаўляў традыцыю цеснай узаемасувязі журналістыкі і дэмакратыі. Гэтая традыцыя звязана з Адамам Міхнікам або Цімаці Гартанам Эшам. Шарамет працаваў у жанры сумленнай і мужна журналістыкі, якая адначасова ставіць сабе мэтай спрыяць дэмакратыі. І ён рабіў гэта ідэальна.

- Не маглі б вы расказаць якую-небудзь асабістую гісторыю пра Паўла Шарамета?

- Так. Узнагароду мы уручалі яму ў Бэрліне. Шарамет ішоў будынкам Рэйхстага, які нямецкія парламентарыі незадоўга да гэтага, у 1999 годзе, зрабілі сваім працоўным месцам. Ён вельмі здзівіўся, убачыўшы на сценах запісу пакінутыя салдатамі Чырвонай Арміі.

- А што менавіта яго так здзівіла?

- Я так разумею, яго здзівіла, што запісы там захаваліся дагэтуль - не ўсе канешне. Наколькі я магу гэта пракаментаваць, яго здзівіў сам факт, што бундэстаг захоўвае гэта як гістарычную спадчыну.

У заключэнне хочацца сказаць: мне бязмежна шкада, што гэтага разумнага і таленавітага журналіста больш няма з намі - на жаль, як і многіх іншых ягоных калегаў, якія былі забітыя ў Расеі і ва Украіне. Але дэмакратычную журналістыку немагчыма забіць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках