2 траўня 2024, Чацвер, 5:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы патрабуюць спыніць ціск на Міхаіла Жамчужнага

4
Праваабаронцы патрабуюць спыніць ціск на Міхаіла Жамчужнага
Міхаіл ЖАМЧУЖНЫ
ФОТА: RFE/RL

Адпаведны зварот на імя міністра ўнутраных спраў і генеральнага пракурора Беларусі накіраваў Алесь Бяляцкі.

Як адзначае сайт spring96.org, у лісце выкладзены ўсе вядомыя «Вясне» факты, якія сведчаць пра пераслед былога кіраўніка праваабарончай «Платформы інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі і заснавальніка гэтай арганізацыі Міхаіла Жамчужнага. Бандарэнка ўтрымліваецца ў магілёўскай турме №4, Жамчужны - у папраўчай калоніі №14 у Навасадах.

Напрыклад, як адзначаецца ў лісце, небяспека для жыцця і здароўя Бандарэнку стала магчымай «праз патуранне адміністрацыі калоній (ВК-2 і пасля - ВК-17) фармаванню сярод зняволеных нефармальных стасункаў, якія дазваляюць ствараць умовы для жорсткага, зневажальнага абыходжання з асобнымі асуджанымі». Аднак замест выдавання эфектыўнай абароны зняволенаму праваабаронцу яго абвінавацілі ў парушэнні дысцыплінарных правілаў і перавялі ў больш жорсткія - турэмныя - умовы.

Акрамя таго, гаворыцца ў звароце, без якіх-небудзь аб'ектыўных падстаў Бандарэнка завочна пастаўлены на прафілактычны ўлік як «схільны да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяў».

«Вясна» нагадвае, што звароты праваабаронцаў да міністра ўнутраных спраў Ігару Шуневічу засталіся без разгляду, «што стала прычынай працягу прымянення дыскрымінацыйных, выбарчых мер ціску ў дачыненні да Андрэя Бандарэнкі ў сувязі з яго папярэдняй праваабарончай дзейнасцю».

У сваю чаргу органы пракуратуры не сталі разглядаць скаргі зняволенага на выпадкі незаконнага і неабгрунтаванага прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці, перанакіроўваючы іх у дэпартамент выканання пакаранняў МУС. Гэта, на думку аўтара ліста, толькі сведчыць аб адсутнасці намеру даць скаргам зняволенага аб'ектыўную ацэнку.

Што тычыцца Міхаіла Жамчужнага, то, як адзначаецца ў лісце, праваабарончая супольнасць краіны прызнала яго палітвязнем і патрабуе неадкладнага перагляду яго судовага прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва.

Ціск на Жамчужнага ў ВК-14 праваабаронцы звязваюць з характарам яго грамадскай дзейнасці. Пры гэтым, адзначаецца ў лісце, Жамчужны «пастаўлены на ўлік у сувязі са схільнасцю да экстрэмізму, што накладае на яго дадатковыя абмежаванні і абавязкі», хоць «прынятае рашэнне не было абгрунтавана юрыдычнымі нормамі і не прадугледжвае магчымасці якой-небудзь формы абскарджання».

Спасылаючыся на нацыянальны закон, які гарантуе абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў асуджаных, а таксама на міжнародныя дакументы, падпісаныя Беларуссю, «Вясна» патрабуе «спыніць неабгрунтаваны пераслед Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага з боку прадстаўнікоў дэпартамента выканання пакаранняў, правесці праверку ўмоў утрымання гэтых асуджаных і дазволіць ім сустрэчу з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый для ўдакладнення фактычных ўмоў утрымання і стану з захаваннем іх законных правоў».

Андрэй Бандарэнка - стваральнік і былы кіраўнік інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» і культурна-асветніцкай установы «Платформы інавэйшн», якія займаліся абаронай правоў асуджаных. 12 жніўня 2014 года суд прызнаў яго вінаватым у хуліганстве і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней у сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў. 17 снежня 2015 года на пастанову суда Бандарэнку перавялі са шклоўскай калоніі ў турму Магілёва ў сувязі з «шматлікімі парушэннямі» рэжыму.

Міхаіл Жамчужны быў затрыманы неўзабаве пасля вынясення прысуду Бандарэнку. 10 ліпеня 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным разгалашэнні звестак, якiя з’яўляюцца службовай таямніцаю, і дачы хабару і прысудзіў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне - шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, што ўчора ў СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што Міхаіла Жамчужнага збілі турэмшчыкі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках