Самалёт на сонечных батарэях завяршыў кругасветнае падарожжа
2- 26.07.2016, 10:29
- 5,760
Падарожжа Solar Impulse-2 доўжылася 16 месяцаў.
Самалёт на сонечных батарэях «Solar Impulse-2» а 00:05 паводле Грынвічу прызямліўся ў Абу-Дабі, завяршыўшы сваё 16-месячнае кругасветнае падарожжа, праведзенае цалкам на сонечнай энэргіі.
«Гэта пачатак будучага. Сёння споўнілася мара. #futureisclean», - напісала ў «Твітэры» каманда праекта, пасля таго як самалёт прызямліўся. Хэштэг #futureisclean («чыстая будучыня») выкарыстоўваецца для таго, каб падкрэсліць патэнцыял аднаўляльных крыніц энэргіі.
Апошні этап кругасветнага падарожжа самалёта, пералёт з Каіра ў Абу-Дабі, заняў 48 гадзін, паведамляе расейская служба BBC.
Палёт вакол зямнога шара стартаваў 9 сакавіка 2015 года. Машынай кіравалі швейцарскія пілоты Бертран Пікара і Андрэ Боршбэрг.
Да таго часу «Solar Impulse» ўжо паставіў шэраг сусветных рэкордаў у катэгорыі палётаў на сонечнай энэргіі, ажыццявіўшы першы такі палёт праз усю тэрыторыю ЗША ў 2013 годзе.
Самалёт з размахам крылаў 72 метры і вагой 2,3 тоны выкарыстоўвае для палёту толькі сонечную энэргію. Яго крылы пакрытыя 17 тысячамі сонечных батарэй.
Галоўная мэта праекта - прадэманстраваць магчымасці экалагічна чыстых тэхналогій.
#Si2 & @bertrandpiccard successfully landed in Abu Dhabi, proving #futureisclean pic.twitter.com/KBvlnwi4Mh
— SOLAR IMPULSE (@solarimpulse) 26 июля 2016 г.