26 красавiка 2024, Пятніца, 14:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заўтра ў цэнтры Менска пройдуць акцыі пад бел-чырвона-белымі сцягамі

5

Акцыі «Маладога фронту» і апазіцыйных партый прысвечаныя Дню Незалежнасці 27 ліпеня.

Да рэфэрэндуму 1996 году 27 ліпеня ў Беларусі адзначалася як Дзень Незалежнасці. У гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

Раніцай - акцыя # СьвятаНезалежнасьці з бел-чырвона-белымі сцягамі ў цэнтры Менска

«Малады Фронт» абвясціў, што а 8.30 правядзе акцыю # СьвятаНезалежнасьцi. Актывісты заклікаюць выйсці на менскую Плошчу Незалежнасці з бел-чырвона-белымі сцягамі. Папярэдне мяркуецца, што ўдзельнікі акцыі са сцягамі стануць уздоўж праспекта Незалежнасці. Хто не мае сцяга, можа атрымаць яго ад арганізатараў на акцыі.

«Раніцай - каб увесь народ перад тым, як пайсці на працу, змог адсвяткаваць слаўную дату нашай гісторыі. Хто не баіцца ўвечары, той не спалохаецца і раніцай», - заявіў «Радыё Свабода» сустаршыня «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч.

Удзень - уручэнне Памятнага знака імя Віктара Івашкевіча і публічнае чытанне Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі

У Філармоніі падчас супольнага пікету ў гонар Дня Незалежнасці пройдзе акцыя партыі БНФ. Плануецца, што а 17.00 актывісты БНФ утвораць ланцуг з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Закончыцца пікет уручэннем Памятнага знака імя Віктара Івашкевіча - гэта штогадовая прэмія, якой Партыя БНФ заахвочвае асоб або арганізацыі, якія сталі ініцыятарамі найбольш значных масавых акцый, у тым ліку мітынгаў, дэманстрацый, пікетаванняў, шэсцяў, аўта- або велапрабегаў.

У шорт-ліст уключаныя тэатральная лабараторыя «Форцінбрас», Мікалай Статкевіч, Алесь Макаеў, Вячаслаў Сіўчык, а таксама Зміцер Дашкевіч.

А 18.00 каля ГУМа пройдзе супольны пікет кааліцыі, куды ўваходзяць рух «За свабоду», Аб'яднаная грамадзянская партыя і Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

Прадстаўнікі кааліцыі правядуць публічнае чытанне Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі. Праз мегафон да мінакоў звернуцца Мікалай Казлоў, Вольга Маёрава, Вольга Кавалькова, Марына Хоміч і Юрый Губарэвіч.

«Мы хочам нагадаць беларусам, што ёсць такі дакумент - Дэкларацыя аб суверэнітэце Беларусі, і што ён быў прыняты 27 ліпеня 1990 году. Менавіта згодна з гэтым дакументам Беларусь абвясцілі суверэннай дзяржавай», - сказаў журналістам лідар АГП Анатоль Лябедзька.

Увечары - бясплатны канцэрт Вольскага

Увечары а 19.00 пройдзе бясплатны канцэрт Лявона Вольскага. Выступ адбудзецца ў рамках пікету актывіста руху «За свабоду» Аляксандра Лагвінца.

Паводле папярэдняй інфармацыі, вулічны канцэрт Лявона Вольскага прадоўжыцца мінімум гадзіну.

«Дэталі наконт рэпертуару яшчэ абмяркоўвацца. Але мы дамаўляліся, што Лявон будзе выступаць як мінімум гадзіну. Фармальна пікет будзе прадоўжыцца да 22.00», - адзначыў Лагвінец.

Выступ адбудзецца на скрыжаванні вуліц Сухараўская і Лабанка (насупраць ГЦ «Максімус»). Таксама ў імпрэзе возьмуць удзел тэлевядоўца Юрый Жыгамонт і мастак Алесь Пушкін.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках