4 траўня 2024, Субота, 12:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: караблю, знойдзенаму ў Бярэзіне, больш за 200 гадоў

2

У пачатку траўня стала вядома аб тым, што ў Барысаве ў рацэ Бярэзіне знайшлі тры старадаўнія судны.

Выявілася, што дрэва, з якога зроблены адзін з іх, было ссечанае ў 1810-1820 гадах, паведамляе tut.by.

- Пакуль даследаванае толькі адно судна. Дрэва, з якога яно зробленае, ссечанае ў 1810-1820 гадах, - распавядае Максім Ярмохін, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута экспэрыментальнай батанікі НАН Беларусі. - Падчас даследавання мы вывучылі блізу 8-10 узораў дрэва з бярвення гэтага карабля. Вымяралі шырыню гадавых кольцаў, лічылі іх колькасць. На некаторых пробах іх было блізу 120, што паказвае на салідны ўзрост матэрыялу. Затым параўналі серыю кольцаў з мадэльнымі шкаламі, распрацаванымі для Беларусі і сумежных рэгіёнаў.

Пабудаваны карабель з хвоі. А шпангоўт - папярочнае рабро корпуса судна - дубовы.

Вядома, калісьці ў Барысаве знаходзіўся порт, і гэтыя караблі разам з іншымі, плавалі ў гэтым рэгіёне. Тры знойдзеныя судны вельмі падобныя, пабудаваныя з аднаго матэрыялу. Аднак называць узрост двух іншых вучоны-дэндрахранолаг не бярэцца: яны могуць быць і старэйшыя, і маладзейшыя.

У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі кажуць: драўляныя караблі - знаходка ўнікальная.

- Кожны гістарычны артэфакт - гэта важная крыніца інфармацыі пра мінулае, - дзеліцца меркаваннем Вадзім Лакіза, намеснік дырэктара ў навуковай рабоце ўстановы. - Да XIX і нават пачатку XX стагоддзяў - судны, лодкі, чаўны з'яўляліся важным сродкам перамяшчэння і нават пэўным чынам жыцця ў некаторых рэгіёнах Беларусі. Бо ў нас вельмі шмат рэк, праходзяць два такія буйныя каналы, як Аўгустоўскі і Агінскі. Думаю, і сёння нашы рэкі і азёры захоўваюць нямала караблёў і чоўнаў. Я сам быў сведкам, як са Шчары ў Дзятлаўскім раёне спрабавалі дастаць сярэднявечную лодку-аднадрэўку пачатку XVI стагоддзя, а яшчэ фрагмент адной мы паднялі і перадалі ў Дзятлаўскі музей. У Інстытуце гісторыі ў нас стаіць човен сярэдзіны XIX стагоддзя, а ў Музеі старажытнабеларускай культуры ёсць лодка з Сожа, якой амаль тысяча гадоў.

Са словаў навукоўца, пакуль дакладна вядома пра лодкі, знойдзеныя ў Жыткавіцкім, Калінкавіцкім раёнах, на возеры Іказнь, на Гарадзеншчыне і Палессі. Але палічыць, колькі караблёў у Беларусі ўжо адшукалі, даволі складана:

- Падводная археалогія ў нас яшчэ толькі пачынае развівацца. Да таго ж, калі дрэва дастаюць з вады, пад уздзеянне кіслароду яно хутка разбураецца. Яго трэба тэрмінова кансерваваць, а гэта працэс дарагі і працаёмкі. Цяпер мы толькі падыходзім да таго, каб ствараць службы для кансервацыі дрэва.

Вядома, што даўжыня кожнага з трох караблёў блізу 30 метраў, а шырыня - прыкладна восем. Тып суднаў пакуль не называюць.

Мясцовыя краязнаўцы мяркуюць, што гэта байдакі - караблі, якія ў названы перыяд выкарыстоўвалі для перавозкі грузаў па ўсходнееўрапейскіх рэках. Кажуць, яны падобныя на хорціцкі байдак, які знайшлі на Дзісне і дэманструюць у Хорціцкім музеі. Андрэй Ліхачоў, кіраўнік менскага дайвінг-цэнтра «Марскі пегас», які выявіў трэцяе судна, упэўнены: адказы на ўсе пытанні павінны даць навукоўцы.

- Мы ж плануем яшчэ ўзяць пробы з некалькіх месцаў з розных пунктаў элементаў канструкцыі, - агучвае ён планы. - Гэта ўнікальная знаходка, бо ўсе тры караблі ляжаць у адным месцы. Адзін з іх фактычна закансерваваны пяском і даволі добра захаваўся. Але пры ўсёй іх выключнасці сёння паўнавартасна з імі працаваць нельга. І гаворка тут не толькі пра пад’ём. Пад'ём - адзін этап, другі - кансервацыя, трэці - экспазіцыя. Дзе, які музей можа дазволіць вылучыць такую прастору для экспанатаў?

Са словаў дайвера, ні пра які пад’ём гаворка ў найбліжэйшай будучыні не ідзе:

- Няма сэнсу іх даставаць, каб яны развалілася. Больш важна зразумець, што рабіць з кавалкам, які паднялі супрацоўнікі мясцовага МНС. Таму што яго як вырвалі, так ён на беразе і застаўся. Цяпер стаіць пытанне пра тое, каб апусціць яго назад. Не хацелася б, каб караблі былі кінутыя. Важна, каб і ў архівах, і пад вадой праца для іх вывучэння прадаўжалася.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках