26 красавiка 2024, Пятніца, 11:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЖЭС два тыдні не рамантуе пашкоджаны падзеннем дрэва дах дома

6
ЖЭС два тыдні не рамантуе пашкоджаны падзеннем дрэва дах дома
Фота: onliner.by

Ліпеньская непагадзь не дае забыць пра сябе.

Старая таполя ўпала на шматкватэрны дом на вуліцы Любанскай, 9 яшчэ 13 ліпеня, але дах дагэтуль не адноўлены. Бацькі 10-месячнага немаўляці турбуюцца за здароўе дзіцяці, якое вымушанае жыць у вільгаці вось ужо два тыдні. Са слоў жыхаркі дома, ЖЭС дае ім абяцанкі-цацанкі, але рамонт так і не робіць.

Двухпавярховы дом пацярпеў не так моцна, улічваючы маштабы навалы: падчас урагану знесла толькі пару лістоў шыферу і абарвала лінію электраперадачы, але жыць з плямамі на столі і адчуваннем волкасці ў кватэры не вельмі выгодна, піша onliner.by.

- Столь у нас «не надта», але яна як мінімум была белай да ўрагану, - усміхаецца мянчанка Ганна Мядзведзева. - Гэтая таполя не адзін год расла пад нахілам, мы сто разоў прасілі яе спілаваць, але ніхто не рэагаваў. 13 ліпеня яна ўпала, пашкодзіла лінію электраперадачы, пакінула нас без вады, сарвала некалькі лістоў шыферу. Калі пачаўся дождж, вада сцякала па сценах, заліла ўсю бялізну, коўдры, падушкі. Не, страшнага патопу не было, але, пагадзіцеся, не вельмі прыемна жыць у вільгаці.

- Дрэва ЖЭС прыбрала хутка, у той жа дзень, па-мойму, а вось дах ладзіць не спяшаецца. Мы пакінулі ўжо пяць заявак у службе 115, але рэакцыі практычна ніякай не было. Мы заяўку пакідаем, нам праз дзень дыспетчар тэлефануе і пачынае адну і тую ж размову:

- Вам дах паправілі?

- Не, ніхто нават не прыходзіў.

- Тады пакіньце паўторную заяўку.

І так пяць разоў. Муж размаўляў з дырэктарам ЖЭС, дык той кідаў слухаўку, хаміў, казаў, што нічога не ведае.

- Я 15 ліпеня тэлефанаваў дырэктару, ён сказаў, што з праблемай знаёмы, і 14-га яны проста не паспелі, але сёння ўсё будзе. Увечары 15-га я зноў патэлефанаваў, адразу як прыйшоўшы з працы, пераканаўся, што дахам ніхто не займаўся. Мне сказалі «у вас нейкіх 2 лісты шыферу» (а гэта, на хвілінку, практычна палова маёй спальні) і «проста працоўных не адпусцілі з хіміі». Ну і пад канец - што заўтра дакладна зробяць. Цяпер абяцаюць, што будзе закончана на наступным тыдні. Калі я апошні раз затэлефанаваў у ЖЭС дырэктару і спытаў, калі мне зробяць дах, ён лаканічна адказаў: «Ой, я не ведаю, я цяпер не сачу за працай». Проста цуды з праявамі! - абураны ягамосць.

Дзіркі ў даху ЖЭС заштукаваў толькі ўчора. Са слоў Ганны, іх проста заляпілі цэлафанам.

- Кажуць, трэба мяняць бэлькі, яны, маўляў, згнілі. Нам ужо два тыдні даюць абяцанкі-цацанкі, слаба верыцца... - смуціцца жанчына.

Са слоў дырэктара КУП «ЖЭУ» №4 Сяргея Цімафеева, супрацоўнікі ягонай арганізацыі не маюць права выпраўляць няспраўнасць:

- Ураган не мае да гэтай цечы ніякага дачынення. Там, дзе ўпала дрэва, мы ўсё аднавілі. А з другога боку, дзе і знаходзіцца кватэра, па шыферы пайшлі расколіны, якія мы заладзіць не можам. Мы не маем права выконваць такія работы. Але мы ўжо затэлефанавалі ў КУП «ЖКГ», і яны нанялі выканаўцаў. А там жа тэндар павінен прайсці, на гэта трэба час... Гэтыя расколіны не былі відаць да таго, як пачаліся дажджы. Выканаўцы абследавалі месца і сказалі, што трэба мяняць трыццаць лістоў даху. Мы часова сёе-тое падлаталі, каб іх менш тапіла. Думаю, найбліжэйшым часам зробяць ім гэты дах. Можа, нават на наступны тыдні, і будзе ўсё нармальна.

У КУП «ЖКГ» Кастрычніцкага раёна Менска паведамілі, што частка работ ужо выкананая, і на наступным тыдні рамонт будзе скончаны:

- Праз ураган было пашкоджанае пакрыццё. Кажучы простай мовай, шыфер споўз і пакалоўся. Работы для лакалізацыі цечы ўжо выкананыя, а калі на наступным тыдні дазволіць надвор'е, памяняем увесь схіл.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках