4 траўня 2024, Субота, 23:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У 100 км ад мяжы Беларусі фармуецца новая расейская мотастралковая дывізія

29

Расея прадаўжае размяшчэнне вайсковай групоўкі ўздоўж мяжы з Украінай і Беларуссю.

Пра гэта піша міжнародная валанцёрская супольнасць InformNapalm.

4 траўня міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што «тры новыя дывізіі будуць створаныя для процідзеяння нарошчванню сіл NATO каля расейскіх межаў». Характэрна, што ні Украіна, ні Беларусь не з'яўляюцца чальцамі гэтага паўночнаатлантычнага альянсу. Больш за тое, Украіна, у якой ужо больш за два гады прадаўжаецца расейская ваенная агрэсія і акупавана дзесьці 7% тэрыторыі краіны, вядзе ў ваеннай сферы дзеянні выключна абарончага характару і выбудоўвае ўздоўж мяжы з агрэсарам лінію эшаланаванай абароны.

Беларусь жа і зусім звязаная з Расеяй усімі мажлівымі вайсковымі саюзамі і дамовамі, і нават уваходзіць з ёй у адзіную рэгіянальную групоўку войскаў і адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны.

Аднак у гэты момант ідзе актыўнае будаўніцтва вайсковых баз у г.Новачаркаску і п.Кадамаўскім Растоўскай вобласці, дзе будзе размешчана 159-я мотастралковая дывізія; у г.Багучар Варонежскай вобласці, дзе фармуецца 10-я танкавая дывізія; у н.п.Валуйкі Белгародскай вобласці практычна скончанае стварэнне вайсковай базы 23-й мотастралковай брыгады; у г.Клінцах Бранскай вобласці ствараецца вайсковая база, на якую перакідваюцца падраздзяленні 28-й мотастралковай брыгады. Мілітарысцкія падрыхтоўкі закранулі цяпер і г. Ельню Смаленскай вобласці.

Паводле наяўных звестак, у Ельні ўзнаўляецца 144-я мотастралковая дывізія, якая да лета 2017 года будзе налічваць больш за 6 000 вайскоўцаў, сярод якіх прыблізна 3600 чалавек - афіцэры і кантрактнікі. У новыя дывізіі, як мяркуецца, увойдуць тры мотастралковыя палкі, адзін танкавы, самаходны артылерыйскі і зенітна-ракетны палкі, а таксама падраздзяленні забеспячэння.

13 ліпеня зафіксаванае прыбыццё першага эшалона з вайсковай тэхнікай і падраздзяленнямі 28-й ОМСБр з Екацярынбурга, вайскоўцы якой будуць займацца непасрэдным разгортваннем новай вайсковай базы на месцы.

З паведамленняў мясцовай раённай газеты «Знамя», сёлета на месца дыслакацыі прыбудуць два батальёны колькасцю 400 чалавек у кожным. Характэрна, што падраздзяленні 28-й ОМСБр перакідаюцца таксама і ў г.Клінцы Бранскай вобласці.

У гэты момант вайскоўцы ўсталёўваюць намётавы гарадок і ўладкоўваюць месца дыслакацыі.

Вядома, што Ельнінская дывізія ўвойдзе ў склад 1-а гвардзейскага танкавага войска разам з Таманскай мотастралковай і Кантэміраўскай танкавай дывізіямі, што дазволіць ёй валодаць значным ударным патэнцыялам.

У 2017 годзе ў Ельню будуць перадыслакаваныя два палкі, колькасць вайскоўцаў якіх склала 2200 і 2800 чалавек адпаведна. Для прыблізна 2500 жаўнераў тэрміновай службы запланаванае збудаванне 12 модульных казармаў і салдацкай сталовай. Тэрмін, які камандаванне адвяло для гэтага будаўніцтва, не перавышае 6 месяцаў. Таксама, недалёка ад месца дыслакацыі ў Ельні прадугледжаная арганізацыя новага танкавага палігона.

Варта адзначыць той факт, што новая дывізія ў Ельні роўнападаленая як ад Віцебска, так і ад Магілёва і гэта адлегласць складае ўсяго 200 км.

Падчас выведкі адкрытых крыніц была выяўленая вельмі цікавая дэталь: выбарчая камісія Смаленскай вобласці ў правядзенні выбараў у Дзярждуму РФ мае намер стварыць пад Ельняй часовы выбарчы ўчастак. Правядзенне выбараў, як вядома, запланаванае на 18 верасня 2016 года. Зыходзячы з гэтага факту, можна меркаваць, што значны кантынгент вайскоўцаў, для якіх неабходнае стварэнне асобнага выбарчага ўчастка, будзе перадыслакаваны ў Ельню ўжо ў жніўні 2016 года.

Ніжэй прыводзім спадарожнікавы здымак сэрвісу «Яндэкс.Карты» з месцам дыслакацыі новай мотастралковай дывізіі. На фота зафіксаваная тэрыторыя вайсековай базы, а таксама мікрараён Ельні «Кутузаўскі», у якім першы час будзе знаходзіцца частка прыбылых вайскоўцаў.

Таксама адзначым, што дывізія ў Ельні, як і брыгада ў Клінцах, фармуецца на базе падраздзяленняў 28-й ОМСБр з Екацярынбурга, якая мае значны баявы досвед, атрыманы падчас ваеннай агрэсіі супраць Украіны і Сірыі. Месца яе дыслакацыі ў Смаленскай вобласці сведчыць аб абсалютнай прыярытэтнасці беларускага кірунку. Разам з мотастралковай брыгадай у Клінцах, якая знаходзіцца ў 90 км ад Гомеля, новая дывізія ў Ельні будзе валодаць значным ударным патэнцыялам для правядзення аперацый падчас магчымай гібрыднай вайны ва Усходняй Беларусі.

Можна смела выказаць здагадку, што створаныя новыя вайсковыя базы будуць у напоўніцу выкарыстаць і спецпадраздзяленні ГРУ, якія пад прыкрыццём дыслакаваных на іх мотастралковых частак будуць праводзіць аперацыі для дэстабілізацыі сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь у выпадку рэалізацыі кожнага са сцэнарыяў для анэксіі дзяржавы. Адсутнасць памежнага кантролю, а таксама наяўнасць значных вайсковых сіл уздоўж мяжы з Расеяй істотна спрыяе такому развіццю падзей.

Калі правесці гістарычныя паралелі паміж Расеяй і Беларуссю з саюзам Нямеччыны і Італіі ў час Другой сусветнай вайны, не ўзнікае ніякіх сумненняў у тым, што ў выпадку неабходнасці Расея, таксама як і калісьці Нямеччына, акупуе тэрыторыю свайго ўчорашняга саюзніка, улічваючы, што абарону сваіх так званых «нацыянальных інтарэсаў» яна паводле традыцыі вядзе ваенным шляхам на тэрыторыі іншых дзяржаў.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках