5 траўня 2024, Нядзеля, 10:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Берасці збанкрутавала адзіная прыватная мастацкая галерэя

7
У Берасці збанкрутавала адзіная прыватная мастацкая галерэя
ФОТА З САЙТА BK-BREST.BY

19 жніўня берасцейская мастацкая галерэя «БелАрт» адзначыць сваё 24-годдзе - у апошні раз перад ліквідацыяй.

Пра гэта абвясціла Людміла Крапіўная - заснавальніца і гаспадыня гэтай рэдкай на Берасцейшчыне ўстановы.

Такая пастанова вымушаная, са слязамі на вачах. Менавіта так сказала гаспадыня «БелАрту» запрошаным ёю мастакам, мецэнатам, журналістам, піша «Брэсцкі кур'ер».

Апошнім часам Людміла Крапіўная не раз падымала трывогу, хадзіла ва ўладныя кабінеты і прасіла аб дапамозе, паведамляла прэсе аб гаротным становішчы спраў. І быццам бы летась, калі Берасце называлі культурнай сталіцай Беларусі, і ў гэтым, калі рэспубліка абвясціла 2016 год Годам культуры, трэба было б першачаргова дапамагаць аб’ектам культуры.

«БелАрту» дапамога патрэбная канкрэтная - у памяншэнні платы за ацяпленне. Гэтая ж праблема ва ўсіх мастакоў, чальцоў СМ - уладальнікаў майстэрняў.

Відавочна, што да зімы ўслед за галерэяй пойдзе працэс масавай адмовы мастакоў ад сваіх працоўных месцаў - майстэрняў. Што набудзе ад гэтага дзяржава? Дэградацыю культуры і пустыя плошчы нікому не патрэбных спецыяльных памяшканняў? Бо ўжо проста абаграваюць паветра пустуючыя майстэрні знакамітых мастакоў, якія пакінулі гэты свет...

Як адзначыў старшыня Берасцейскага аддзялення Саюза мастакоў РБ Павел Рабаў, які прысутнічаў на сустрэчы, такая агульная негатыўная тэндэнцыя і ў нас, у Сінявокай, і ў суседняй Расеі. А ў Берасці яна асабліва відавочная праз самыя малыя даходы насельніцтва, заробкі.

Але вернемся да аргументаў гаспадыні «Беларту». Галерэя існавала пры шасці мэрах Берасця, бачыла ўсякае стаўленне. Удзячныя Аляксандру Палышанкову, які адшукаў магчымасць паменшыць арэндную плату для галерэі. Аднак ацяпленне 113 кв.м стала каменем на шыю ў мінулую зіму, не жадае галерыстка прадаваць асабістую кватэру, каб аплачваць гэта ацяпленне ў будучыя маразы.

Людміла Крапіўная, рыхтуючыся да банкруцтва, паспрабавала ўсё выплаціць дзяржаве. А вось мастакам застаецца віннай, пасля ліквідацыі прадпрыемства будзе ім выплачваць са сваёй пенсіі, - яна ў яе 2,6 мільёна рублёў.

Людзі, якія сабраліся, спрабавалі знайсці выхад з тупіка: адны мастакі прапаноўвалі галерэі прадаваць свае карціны значна танней, бо гэта дыктуе агульнае падзенне пакупніцкага попыту. Іншыя, шануючы свой статус, не жадалі б гэтага рабіць, бо іх працы высока цэняць за межамі Берасця і Беларусі. А ці нельга - задаваліся пытаннем - сысці галерэі пад крыло дзяржавы? Адказ галерысткі быў такі: «Гэты варыянт разглядаўся, але статус грамадскай установы забараняе прадаваць карціны. Тады навошта патрэбна галерэя? Галоўная яе функцыя - быць пасярэдніцай ад мастакоў, якім трэба атрымліваць грошы за продаж сваіх работ, да пакупнікоў.

- Я мяркую, што дзяржава зрабіла мяне банкрутам, - заявіла Людміла Пятроўна.

Яна выконвала ўсе законы і загады: рамантавала фасад будынка за свой кошт. Мяняла дзейсныя касавыя апараты за вялікія грошы. Цяпер вось, у сувязі з дэнамінацыяй, зноў галерэі даводзіцца аплачваць усе новыя фінансавыя аперацыі. А чакаць зімы, калі прыйдуць абцяжараныя рахункі на ацяпленне, няма сіл.

Звярталася гаспадыня «БелАрту» да заможных бізнэсоўцаў, якія маглі б лёгка дапамагчы маленькай, але адзінай у Берасці прыватнай галерэі (у Гародні такіх дзесяць). Не дараслі цяперашнія спонсары да Траццяковых і Мамантавых...

Шкада, што ў мінулы Год культурнай сталіцы берасцейскія ўлады не прыйшлі ні на адну выставу, арганізаваную «БелАртам», - нават да 70-годдзя Перамогі.

І на цяперашні сход з нагоды ліквідацыі паважанай мастацкай галерэі ніхто з запрошаных чыноўнікаў не зазірнуў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках