5 траўня 2024, Нядзеля, 6:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таксісты Менску абвясцілі вайну дыспетчарскім службам?

14
Таксісты Менску абвясцілі вайну дыспетчарскім службам?
ФОТА З САЙТА 24MINSK.BY

Раніцай 30 ліпеня скончылася аднадзённая забастоўка менскіх таксістаў, арганізаваная прафсаюзам таксі «Цэнтр».

Таксісты выставілі шэраг патрабаванняў да дзяржавы і дыспетчарскіх службаў, пры невыкананні якіх акцыя пратэсту можа паўтарыцца ў рэспубліканскім маштабе.

Што прымусіла таксістаў ахвяраваць працоўным днём і не выйсці на працу? Аб мэтах і задачах забастоўкі ў інтэрв'ю БДГ распавёў старшыня прафсаюза таксі «Цэнтр» Аляксандр Стахоўскі.

- Як вашы калегі адрэагавалі на заклік прафсаюза абвясціць дзённую забастоўку?

- Дакладную колькасць таксістаў ў Менску наогул складана вызначыць, а звесткі дыспетчараў не заўсёды адпавядаюць рэчаіснасці. Я ўчорашні дзень правёў з сям'ёй, але мяркуючы па сітуацыі на раёнах, таксі праблематычна было выклікаць. Многія хлопцы адгукнуліся на наш заклік.

Мы хочам прыцягнуць увагу дзяржавы да праблем таксі і прымусіць дыспетчараў праявіць хоць трохі павагі да кіроўцаў, якія ў іх працуюць. Часцяком «клопат пра таксістаў» разыходзіцца са справамі: калі цягам трох месяцаў дыспетчары павялічваюць расцэнкі за свае паслугі, то проста праяўляюць элементарную непавагу да сваіх супрацоўнікаў.

Цяпер кожнаму беларусу жывецца значна цяжэй, чым раней. Таму галоўная праблема сённяшняга дня, напэўна, не павышэнне тарыфу, якое прывядзе да падзення попыту на таксі; трэба хоць бы павысіць мінімальную цану на праезд - з цяперашніх 3.5 рубля да 5 рублёў. Раней дзяржава рэгулявала тарыфы, цяпер адхрысцілася.

Пад шырмай «лепшага аказання» дыспетчары сёння беспадстаўна выганяюць многіх хлопцаў з працы. Калі пасля нашай забастоўкі звольняць хаця б аднаго таксіста, прафсаюз таксі «Цэнтр» накіруе звароты ў пракуратуру і суд з мэтай абараніць свае грамадзянскія правы. Сёння нашы правы парушаюцца паўсюдна: мінімальнага гарантаванага заробку ў нас няма, хлопцы працуюць часцяком па 14, 16, у выходныя - па 18-20 гадзін. Гэта не надуманыя лічбы: сродкі кантролю касавага абсталявання, думаю, дазваляюць адсачыць сітуацыю.

- Вы дамагаецеся, каб дыспетчары ўсталявалі хоць бы мінімальны парог гарантаванага заробку і лімітавы ўзровень занятасці?

- Беларускае заканадаўства дакладна прапісвае: дыспетчарская служба не правамоцная падымаць тарыфы, яна проста аб'яўляе тарыф, па якіх працуе чалавек, які нясе непасрэдныя выдаткі: альбо індывідуальны прадпрымальнік, альбо перавозчык з ліцэнзіяй.

Безумоўна, у сітуацыі, якая склалася выйграе пасажыр. Але кіроўца плаціць поўную дзяржаўную мыту за два тэхагляды ў год; я лічу, гэта неабгрунтаванае становішча. Калі прапісвалі палажэнне аб дзяржаўнай мыце, напэўна, проста забыліся пра таксістаў: двойчы ў год праходзячы тэхагляд, двойчы павінны выплачваць поўную дзяржаўную мыту. За тэхагляд плаціць сам кіроўца, праходжанне доктара-механіка каштуе 300 тысяч у месяц - усе выдаткі кладуцца на плечы кіроўцы таксі. Апошняе ўзняцце тарыфу адбылося падчас чэмпіянату свету ў хакеі, а адзіны падатак за гэты час павялічыўся практычна ўдвая. Мы прасілі ў Савета міністраў тлумачэнняў, чаму таксісты павінны плаціць дарожны збор у поўным аб'ёме два разы на год.

Перавозчыкі небяспечных грузаў нейкім чынам дамагліся, што праходзяць два разы на год тэхагляд, як і таксі, але выплачваюць дзяржаўную мыту з каэфіцыентам 0,5: калі таксіст кожныя паўгода плаціць па 7 базавых велічынь, то перавозчыкі небяспечных грузаў - па 3,5 базавых велічыні. Неабгрунтаваныя паборы, неабгрунтаваная нагрузка - вось, бадай, гэта галоўная прычына, якая прымушае кіроўцаў таксі займацца нелегальным возніцтвам.

Сёння перавозчыкі, дыспетчарскія і ўсе пасярэднікі не нясуць выдаткаў, а непасрэдныя выдаткі нясе сам кіроўца таксі. А пасярэднікі толькі неабгрунтавана падымаюць цэны на свае паслугі. Калі мы задалі пытанне: чаму з таксіста бяруць 10 тысяч за заказ? - Атрымалі адказ, маўляў, не лічыце нашы грошы. Гэта не аргумент, каб мяняць правілы гульні.

- Атрымліваецца, што за права працаваць пад імем канкрэтнай службы спаганяецца аплата ў 10 тысяч рублёў за заказ?

- Напрыклад, у сталічнай службе «Алмаз» ці 135 за кожны прыняты заказ кіроўца павінен плаціць 10 тысяч недэнамінаваных беларускіх рублёў. Раней існавала абаненцкая плата: кіроўца плаціў мільён беларускіх рублёў і браў неабмежаваную колькасць заказаў. Таксісты пралічылі рэнтабельны тарыф: 7500, - на што дыспетчары ніяк не адрэагавалі.

Калі найбліжэйшым часам дыспетчары не пойдуць на перамовы аб павышэнні тарыфу альбо абаненцкай платы, думаю, прафсаюз будзе хадайнічаць перад Дэпартаментам фінансавых расследаванняў, падатковымі органамі аб праверцы фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў, якія задзейнічаны ў сферы таксі. За апошнія шэсць гадоў у іх не праводзілася ніводнай праверкі - ні планавай, ні пазапланавай. Думаю, там утварылася досыць парушэнняў, і ўжо пара навесці парадак у гэтай сферы.

- Як прафсаюз збіраецца дзейнічаць далей, калі забастоўка не прынясе вынікаў?

- Мы стараемся не адыходзіць ад літары закону. Ужо звярнуліся да мэра Менска са сваімі праблемамі, у тым ліку са стаянкамі таксі. Старшыня Менгарвыканкама прапанаваў нам выказаць сваё рашэнне праблемы на паперы. Мы зрабілі запыты ў шэраг дзяржструктур: працэнтаў 40 стаянак таксі ў рэальнасці не існуе: знакі зрэзаныя, хоць павінны быць. А калі хлопцы стаяць на адведзеных месцах, супрацоўнікі ДАІ проста прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці.

У найбліжэйшы час мы складзем спіс стаянак, якія мы хацелі б бачыць, і спіс праблем з павышэннем тарыфаў, якія можна вырашыць у рамках кампетэнцыі мэра горада. А калі не атрымаецца вырашыць праблему на ўзроўні горада, пойдзем вышэй - аж да адміністрацыі прэзідэнта.

Прафсаюз «Цэнтр» актыўна спрабуе наладзіць сувязь з абласнымі цэнтрамі: Берасцем, Гомелем, дзе сітуацыя яшчэ больш запушчаная, таму што дамовы з дыспетчарскімі проста неправамоцныя. Аднак таксісты ў суд не звярталіся, таму што дыспетчары прыстрашылі «воўчым білетам», пасля чаго ні ў адну службу Гомеля на працу не возьмуць. Там ідзе канкрэтнае запалохванне кіроўцаў таксі пазбаўленнем працы. Хоць у рэчаіснасці менавіта з таксіста ўсе кормяцца: і дыспетчарскія, і перавозчыкі.

Раней у таксапарку існаваў нейкі мінімальны заробак, а цяпер, калі ты не працуеш 12 гадзін у змену, без адпачынку і без перапынку, то нічога не заробіш.

Я не кажу за арэнду, якая сёння ў жаласным стане. Аднаго з нашых калегаў паклалі ў шпіталь на аперацыю; ён падаў бальнічны ліст свайму перавозчыку, які запатрабаваў аплаціць 300 даляраў за тры тыдні, праведзеныя ў шпіталі. Я мяркую, што гэта няправільна: кіроўца таксі не мае магчымасці ні хварэць, ні адпачываць.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках