29 красавiка 2024, панядзелак, 5:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грашовыя ўклады беларусаў могуць «растаць»

27
Грашовыя ўклады беларусаў могуць «растаць»

Кепскія запазычанасці банкаў растуць рэкорднымі тэмпамі.

Захаванне гэтай тэндэнцыі можа прывесці да зніжэння прыбытковасці і банкруцтва прадпрыемстваў, павелічэння выдаткаў бюджэту.

За першае паўгоддзе доля праблемных актываў беларускіх банкаў вырасла амаль удвая і склала 13,4%. У грашовым выразе гэты паказчык на 1 ліпеня дасягнуў 55,5 трлн недамінаваных рублёў - гістарычны рэкорд.

Кепскія пазыкі банкаў растуць ужо восьмы месяцаў запар, і захаванне гэтай тэндэнцыі можа прывесці да сур'ёзных наступстваў - банкруцтва прадпрыемстваў, павелічэння выдаткаў бюджэту, зніжэння прыбытковасці банкаў, папярэджваюць экспэрты.

Прычыны росту праблемных актываў

Па-першае, у Беларусі назіраецца сур'ёзнае запаволенне эканамічнай дынамікі: паводле вынікаў мінулага года УБП знізіўся на 3,9%, за шэсць месяцаў гэтага - на 2,5%.

«На фоне эканамічнага запаволення адбываецца пагаршэнне фінансавага становішча цэлага шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, якія з'яўляюцца пазычальнікамі ў беларускіх банках», - адзначыў у каментары для БелаПАН фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

Сур'ёзны негатыўны ўплыў на эканамічную дынаміку ў Беларусі аказала рэзкае пагаршэнне сітуацыі ў Расеі ў выніку санкцый краін Захаду і адчувальнага падзення цэнаў нафты, газу і іншыя сыравінныя тавары.

«Беларускія прадпрыемствы сутыкнуліся з падзеннем аб'ёмаў экспарту ў Расею - як па прычыне дэвальвацыі расейскага рубля, што прывяло да падзення рэнтабельнасці экспарту, так і ў выніку прамога скарачэння попыту на беларускія тавары з боку расейскіх рэзідэнтаў», - кажа экспэрт.

Яшчэ адной прычынай росту праблемных актываў стала дэвальвацыя беларускага рубля - яна ўдарыла па тым сегменту валютных пазычальнікаў, у якіх альбо адсутнічае валютная выручка, альбо яна істотна скарацілася.

«Асабліва калі мы гаворым аб валютнай выручцы з Расеі, то важна разумець, што больш за 80% экспарту беларускіх тавараў і паслуг аплачваецца расейскімі рублямі. І калі адбылася дэвальвацыя расейскага рубля і спад попыту на беларускія тавары ў Расеі, то, відавочна, знізілася валютная выручка ў даляравым эквіваленце. Гэта негатыўна адбілася на беларускіх прадпрыемствах, якія з'яўляюцца валютнымі пазычальнікамі, але пры гэтым валютны даход у іх сфармаваны ў расейскіх рублях», - растлумачыў Аляксандр Муха.

Акрамя таго, дадаў ён, беларускія банкі змянілі падыходы да адлюстравання праблемнай запазычанасці, што таксама прывяло да росту праблемных актываў.

«Да пары да часу беларускія банкі маглі рэгулярна адклікаць негатыўную інфармацыю з Бюро крэдытных гісторый па асобных праблемных пазычальніках і адначасова ўносіць змены ў дзеючыя крэдытныя дамовы, каб мінімізаваць велічыню праблемнай запазычанасці. Зараз жа яны вырашылі займаць больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да праблемных пазычальнікаў і перасталі адклікаць негатыўную інфармацыю з Бюро крэдытных гісторый і ўносіць змены ў крэдытныя дамовы. У выніку такіх падыходаў мы бачым рост праблемных актываў», - адзначыў фінансавы аналітык.

Нарэшце, рост праблемных актываў звязаны і з памяншэннем фінансавання хранічна стратных дзяржаўных прадпрыемстваў.

«Раней праблемнае прадпрыемства заўсёды магло разлічваць на тое, што альбо дзяржава дасць датацыі на пагашэнне крэдытаў, альбо непасрэдна наўпрост выплаціць крэдыт. Зараз гэтая практыка ўжываецца менш. Адпаведна, праблемы, якія раней былі схаваныя за кошт дзяржаўнага рэфінансавання, цяпер самым відавочным чынам вылазяць вонкі», - растлумачыў старэйшы аналітык форэкс-брокера «Альпары» Вадзім Іосуб.

Рост колькасці банкруцтваў прадпрыемстваў

Цяперашні рост праблемных актываў з'яўляецца рэкордным і стаў сур'ёзным выклікам для беларускіх банкаў.

«Ад таго, у якой меры будзе абслугоўвацца праблемная запазычанасць, залежыць выкананне абавязанняў банкаў перад акцыянерамі і ўкладчыкамі», - канстатуе Аляксандр Муха.

Ён таксама дапускае павелічэнне расходаў рэспубліканскага бюджэту на аплату страт праблемных крэдытаў беларускіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў: «Можа адбыцца незапланаванае павелічэнне расходаў бюджэту ў гэтых артыкулах, што можа запатрабаваць скарачэння расходаў па іншых артыкулах».

У другім паўгоддзі экспэрт прагназуе запаволенне росту праблемных актываў.

«Не думаю, што далей мы будзем бачыць такія сур'ёзныя прыросты, хоць радыкальнага скарачэння праблемных актываў таксама не адбудзецца», - дадаў Аляксандр Муха.

У сваю чаргу Вадзім Іосуб мяркуе, што рост дрэнных даўгоў банкаў працягнецца, і гэта можа прывесці да росту колькасці банкруцтваў прадпрыемстваў.

«Тэарэтычна пад гэтымі крэдытамі ёсць закладзеная маёмасць, гарантыі. Можа быць, за кошт продажу актываў, рэалізацыі закладаў гэтыя даўгі будуць выплачвацца», - кажа старэйшы аналітык форэкс-брокера «Альпары».

Разам з тым маштабнага крызісу банкаўскай сферы, ад якога могуць пацярпець фундатары, Іосуб у агляднай будучыні не прагназуе.

«Меры ў рэструктурызацыі, аб банкруцтве прадпрыемстваў павінны быць прынятыя раней, чым гэта ператворыцца ў рэальную пагрозу для ўкладчыкаў», - падкрэсліў Вадзім Іосуб.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках