29 красавiка 2024, панядзелак, 10:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спецслужбы Турцыі ўзламалі чаты 40 тысяч прыхільнікаў Гюлена

1
Спецслужбы Турцыі ўзламалі чаты 40 тысяч прыхільнікаў Гюлена

Выведслужба MIT выявіла блізу 600 «гюленістаў» сярод высокапастаўленых вайскоўцаў, але не змагла знайсці доказаў падрыхтоўкі путчу ў іх перапісцы.

Турэцкія спецслужбы задоўга да спробы дзяржаўнага перавароту змаглі ідэнтыфікаваць сярод турэцкіх грамадзян дзясяткі тысяч прыхільнікаў ісламскага прапаведніка Фетхулаха Гюлена, якога Анкара ўважае за галоўнага ідэолага няўдалага путчу.

Пра гэта паведаміла нямецкая медыякампанія n-tv са спасылкай на ананімнага турэцкага чыноўніка, паведамляе DW.

Паводле інфармацыі чыноўніка, выведслужба MIT, пачынаючы з траўня 2015 года, перахоплівала электронную перапіску прыхільнікаў Гюлена, якія выкарыстоўвалі для канспірацыі прыкладанне ByLock, што дазваляе абменьвацца зашыфраванымі паведамленнямі. Такім чынам, было ідэнтыфікавана амаль 40 тысяч меркаваных «гюленістаў», сярод якіх было блізу 600 высокапастаўленых вайскоўцаў.

Спецслужбе так і не ўдалося ў гэтым масіве перапіскі знайсці доказы падрыхтоўкі путчу. У той жа час, як сцвярджае крыніца n-tv, многія з удзельнікаў зашыфраваных чатаў пазней узялі ўдзел у спробе дзяржаўнага перавароту.

Паводле інфармацыі амерыканскай газеты The Wall Street Journal, выведка перадала Генштабу спіс з 600 імёнаў магчымых «гюленістаў» сярод вайскоўцаў за чатыры дні да спробы путчу. Меркавалася, што яны будуць адхіленыя ад сваіх пасадаў падчас пасяджэння вайсковага кіраўніцтва ў жніўні. Турэцкія спецслужбы ўважаюць, што нехта зліў гэтыя планы армейскага кіраўніцтва путчыстам.

Касцюм колеру хакі

Паводле звестак The Wall Street Journal, група аналітыкаў MIT, акрамя сачэння за чатамі гюленістаў, уважліва вывучала запісы пропаведзяў імама, спадзеючыся вылічыць таемныя паведамленні ў ягоных словах і жэстах. Да прыкладу, у сакавіку гэтага года аналітыкі знайшлі на канале YouTube відэа, у якім Гюлен упершыню з'явіўся ў вопратцы колеру хакі - такой жа расфарбоўкі, якая выкарыстоўваецца ў турэцкім войску. У выведцы прыйшлі да высновы, што гэта быў нейкі сігнал ягоным прыхільнікам у войску, але так і не змаглі зразумець які.

Пры гэтым група Гюлена стварала сур'ёзныя праблемы для турэцкіх спецслужбаў. Як высветліла WSJ, сам ён даўно адмовіўся ад выкарыстання тэлефона і якіх-небудзь іншых сродкаў сувязі, перадаючы вусна ўказанні людзям, якія наведвалі ягоны дом у ЗША. Усе спробы Анкары дамагчыся ад Вашынгтона забароны на ўезд прыхільнікаў Гюлена ў ЗША сталіся безвыніковымі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках