29 красавiка 2024, панядзелак, 10:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мусульмане Францыі прыйшлі ў каталіцкія святыні памаліцца за забітага святара

3

Ініцыятарам акцыі выступіла Рада мусульманскага культу Францыі.

Французы, якія вызнаюць іслам, адгукнуліся ў нядзелю, 31 ліпеня на гістарычны заклік Рады мусульманскага культу Францыі і прыйшлі ў каталіцкія святыні, каб ушанаваць памяць забітага святара Жака Амэля і выказаць свой пратэст супраць ісламскага тэрарызму, паведамляе RFI.

Блізу сотні мусульман прыйшлі раніцай у нядзелю ў Руанскую базіліку, дзе ў набажэнстве ў памяць айца Амэля ўзялі ўдзел блізу двух тысяч вернікаў.

Унутры катэдры з'явіўся транспарант «Любоў да ўсіх і нянавісць ні да каго» - ад імя мясцовай асацыяцыі мусульман.

Прыход мусульман у каталіцкую царкву - «жэст мужнасці», «жэст супакою», падкрэсліў Дамінік Лебран, арцыбіскуп Руана. «Такім чынам вы пацвярджаеце сваё непрыманне гвалту, учыненага «ад імя» бога. Мы чулі з вашых вуснаў шчырыя словы пра тое, што гэта не з'яўляецца ісламам», - сказаў арцыбіскуп.

Нагадаем, царква гарадка Сэнт-Эцьен-ду-Руўрэ, у якой у аўторак 26 ліпеня двое 19-гадовых тэрарыстаў забілі 85-гадовага святара Жака Амэля, знаходзіцца за 8 км ад Руана.

Адразу пасля весткі пра тэракт Мухамэд Карабіла, імам мячэці Сэнт-Эцьен-ду-Руўрэ (і ў сумяшчальніцтве старшыня Рэгіянальнай Рады мусульман Высокай Нармандыі), заявіў аб тым, што ўзрушаны забойствам свайго сябра Жака Амэля. «Нашы рэлігійныя супольнасці супрацоўнічалі, - распавёў імам. - На працягу 18 апошніх месяцаў, з тых часоў, як у Францыі пачаліся тэракты, мы ладзілі агульныя сходы і шмат размаўлялі».

29 ліпеня Рада мусульманскага культу Францыі (CFCM) упершыню ў гісторыі заклікала вернікаў прыйсці на нядзельную імшу 31 ліпеня «ў найбліжэйшую да дома царкву» на знак салідарнасці з хрысціянамі пасля тэракту ў царкве Сэнт-Эцьена.

У каталіцкай царкве закліку Рады мусульманскага культу спачатку «здзівіліся», - прызнаўся ў інтэрв'ю Le Figaro прэс-сакратар Канферэнцыі Біскупаў Францыі (CEF). «Але гэта - выдатная ідэя, вядома ж, мы будзем радыя мусульманам, якія прыйдуць у нядзелю», - сказаў ён, адзначыўшы, што CEF неадкладна апублікаваў заклік Рады мусульманскага культу на сваім сайце.

На заклік адгукнуліся ў нядзелю мусульмане з розных гарадоў Францыі. У Бардо, у царкву Нотр-Дам прыйшлі блізу дзесяці чалавек на чале з імамам мясцовай мячэці Тарэкам Убру. У Ніцы, дзе 14 ліпеня вусцішны тэракт забраў жыццё 84 чалавек (з іх 30 - мусульмане) у бажніцу Saint-Pierre-de-l'Ariane групу ісламскіх вернікаў прывёў за сабой імам Атман Эсаўі. «Быць адзінымі - вось найлепшы адказ на гэтыя жахлівыя акты варварства», - сказаў імам.

На заклік, як паведамляе AFP, адгукнуліся і мусульмане Італіі: невялікія дэлегацыі на чале з мясцовымі імамамі наведалі цэрквы ў розных рэгіёнах краіны: «ад Мілана да Палерма».

Сёння ж у французскай газэце Journal du Dimanche выйшаў зварот 40 вядомых мусульман Францыі, якія заявілі пра патрэбу больш чыннага ўдзелу ў жыцці французскага грамадства. «Мы знаходзіліся ў маўчанні, бо мы ведалі, што ў Францыі рэлігія з'яўляецца прыватнай справай. Але сёння мы павінны гаварыць: бо іслам стаў справай, якая тычыцца ўсяго грамадства», - заявілі падпісанты, сярод якіх ёсць універсітэцкія выкладчыкі, лекары, інжынеры, бізнэсоўцы, артысты і палітыкі.

Яны заклікалі ўсіх «мусульман верай і культурай» «нарэшце пачаць культурную баталію супраць радыкальнага ісламу» - сёння, калі «рызыка расколу паміж французамі з кожным днём становіцца ўсё больш сур'ёзнай».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках