5 траўня 2024, Нядзеля, 2:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі значна падаражэў цэмент

30

Абяцанне Лукашэнкі «адарваць галаву» за падвышэнне коштаў пасля дэнамінацыі стала чарговым пустазвонствам.

Адразу некалькі чытачоў паведамілі ў рэдакцыю Onliner.by пра праблемы з купляй цэменту. Пару тыдняў таму, у разгар будаўнічага сезону, у раздробным продажы паўстаў дэфіцыт цэменту, а пасля аднаўлення паставак яго кошт адчувальна ўзрос - прыкладна на 35-40%.

«У чэрвені цэмент можна было знайсці па 37 тысяч рублёў за 25-кілаграмовы мех. А ўжо ў ліпені пасля дэнамінацыі ён спачатку знік з крамаў, а потым стаў па 50 тысяч рублёў, а ў некаторых крамах - па 57 тысяч, - падзяліўся назіраннямі адзін з чытачоў. - Проста крыўдна. Назапасіў на цэмент для сцяжкі 3,7 мільёна рублёў, а тут трэба на 1,3 мільёна больш плаціць. А як жа абяцанне паадрываць галовы за падвышэнне коштаў?»

Прадаўцы на будаўнічым рынку ва Уруччы пацвярджаюць: цэмент сапраўды падаражэў. Мяшка масай 25 кг танней 5 рублёў (50 тысяч да дэнамінацыі) ужо не знайсці. 50-кілаграмовы мех каштуе дзесьці 10 рублёў (100 тысяч).

- Тыдні два-тры таму 50 кг каштавалі 68 тысяч, потым 84, а цяпер 100. Называеш людзям цану - яны вочы на цябе вытарашчваюць. А да нас якія прэтэнзіі? Усе пытанні да вытворцы, - разгаварыўся з журналістамі адзін з прадаўцоў. - Ад цэменту скача цана мноства матэрыялаў. Цяпер падаражэюць сумесі «Тайфун», Ceresit. Апошнюю партыю сумесяў выпісваў безнаяўным разлікам - пакуль старыя цэны. Але паводле логікі ўсё павінна даражэць.

На сайце найбуйнейшага вытворцы цэменту - ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» - размешчаная невялікая нататка, датаваная 27 чэрвеня. У ёй паведамляецца, што з 28 чэрвеня 2016 года кошт усіх марак цэменту павялічваецца на 10%.

Намеснік гендырэктара ў маркетынгу «Краснасельскбудматэрыялы» Сяргей Міронаў адмовіўся каментаваць сітуацыю і параіў нам звярнуцца ў прэс-службу Мінбудархітэктуры.

У прэс-службе міністэрства далі такі каментар:

- Цэны цэменту ў Беларусі не падвышаліся ўжо даўно, апошні год - дакладна не. Цэментныя заводы працавалі паводле зацверджанага прайсу і не мелі права завышаць кошт прадукцыі. А ў зімовы сезон, калі попыт невялікі, кошты нават зніжаліся на 25-30%. Цяпер з улікам падаражання электраэнэргіі і іншых складнікаў паўстала аб'ектыўная неабходнасць трохі падвысіць цэны. З 28 чэрвеня яны павялічаныя на 10%. Заводы самі не займаюцца продажамі. Прадукцыя паступае на рэалізацыю ў гандлёвыя дамы, прыватнікам. На гэтым этапе, відаць, і адбываецца наступнае падвышэнне кошту.

Дэфіцыт цэменту ў гандлёвай сетцы ў прэс-службе міністэрства звязваюць з павышаным попытам на гэты матэрыял у разгар будаўнічага сезону.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках