1 траўня 2024, Серада, 14:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праблемныя актывы банкаў ушчыльную падышлі да парога бяспекі

3
Праблемныя актывы банкаў ушчыльную падышлі да парога бяспекі

Крэдытныя рызыкі банкаў вельмі высокія.

У ліпені дзель праблемных актываў беларускіх банкаў зноў вырасла: на 1 жніўня яна дасягнула 14,3% супраць 13,4% месяц таму. Паводле статыстычных звестак Нацбанка, за ліпень прырост склаў 422 500 000 дэнамінаваных рублёў супраць 390 млн у чэрвені. Дрэнныя актывы беларускіх банкаў растуць ужо дзявяты месяц запар.

З пачатку года аб'ём праблемных актываў вырас ужо больш чым у два разы, дасягнуўшы 5,969 мільярда на 1 жніўня. Гэта гістарычны максімум для беларускай банкаўскай сістэмы.

Як паведамляў БелаПАН са спасылкай на фінансавага аналітыка даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандра Муху, беларускія банкі блізкія да таго парогавага ўзроўню праблемных актываў, пераўзыходзіць які непажадана. Мяркуючы з досведу іншых краінаў, гаворка ідзе пра дыяпазон 15 – 20%.

Муха звярнуў увагу на тое, што крэдытныя рызыкі, характэрныя для банкаў, могуць трансфармавацца ў праблемы для дзяржаўнага бюджэту, бо на значную частку дырэктыўных крэдытаў выдаваліся дзяржгарантыі.

Паводле звестак Нацбанка, 19% крэдытнага партфеля банкаў знаходзіцца пад гарантыямі ўрада і мясцовых органаў улады.

З мэтай зніжэння рызыкаў для фінансавай стабільнасці Нацбанк зніжае сёння кошт крэдытных рэсурсаў на фінансавым рынку, мяркуе Муха. «Пры больш нізкай працэнтнай стаўцы верагоднасць невыканання абавязальніцтваў у банкаўскіх крэдытах ніжэйшая. Таму Нацбанк сёння рухае працэнтныя стаўкі ў крэдытах уніз, спрабуючы знізіць пазыковую нагрузку, якую маюць прадпрыемствы», – мяркуе ён.

У пачатку года Нацбанк паводле рэкамендацыі МВФ ініцыяваў ацэнку якасці актываў беларускіх банкаў. Гаворка ішла пра незалежную дыягностыку дзевяці найбуйнейшых банкаў. Ацэнка скончаная, і, паводле словаў кіраўніка Нацбанка Паўла Калавура, яе разгледзяць на радзе фінансавай стабільнасці. Апублікаваць вынікі гэтай працы мяркуецца ў сярэдзіне верасня.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках