3 траўня 2024, Пятніца, 3:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Арлоў: Мы - еўрапейская нацыя

3
Уладзімір Арлоў: Мы - еўрапейская нацыя
ФОТА: RFL

Беларусы здольныя адказваць на выклікі гісторыі.

У лютым 1990-га, калі само паветра было прасякнутае ідэяй незалежнай краіны, Уладзімір Арлоў даслоўна за адну гадзіну напісаў знакамітае эсэ «Незалежнасьць - гэта ...». Перачытваючы яго сёння, немагчыма пазбавіцца ад думкі, што і праз 26 гадоў (25 з якіх Беларусь - незалежная краіна) мары пісьменніка так і не сталі рэальнасцю ў поўнай меры.

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» завітала да пісьменніка ў госці і пагутарыла з ім пра незалежнасць, нацыянальныя каштоўнасці і моду на беларускасць.

- Мы ведаем шмат нацый, якія зніклі. У свеце блізу трох тысяч нацый, і толькі блізу двухсот з іх здолелі дамагчыся сваёй дзяржаўнасці. Ёсць нацыі, што перавышаюць нашу - тыя ж курды, - якія не маюць сваёй дзяржавы.

Я думаю, што ў XXI стагоддзі збудуцца словы Вацлава Гаўла, які сказаў, што Беларусь абавязкова будзе ў аб'яднанай Еўропе, так як канфігурацыя дэмакратычнай аб'яднанай Еўропы без Беларусі ніколі не набудзе сваёй завершанасці. Ён не раз паўтараў гэта і ў прыватных размовах з беларусамі, і з трыбун розных канферэнцый. І так абавязкова будзе, таму што мы - еўрапейцы, не толькі геаграфічна, але і гістарычна, культурна, ментальна.

- Колькі раз у гісторыі беларусы спрабавалі вярнуцца да каранёў - і дарма. Чаму так, і пры якіх умовах гэта магчыма?

- Я не футуролаг, але думаю, што гэта здарыцца, калі Беларусь будзе мець крэатыўную меншасць, здольную вырашаць усе праблемы дзяржавы. Я гісторык па адукацыі і прыхільнік ангельскага гісторыка і філосафа Арнольда Тойнбі, які разглядае рух чалавечай цывілізацыі як бясконцы дыялог Логаса - Бога - з нацыямі. Гэтая вышэйшая сіла пасылае нацыі выклікі, і калі яны застаюцца без адказу, нацыя можа сысці з гістарычнай арэны. Гісторыя, асабліва ХХ - ХХI стагоддзяў, паказвае, што мы, беларусы, здаецца, ужо ў самай небяспечнай кропцы, усё-ткі здольныя даць адказ на выклік. Таму я гляджу наперад з аптымізмам.

- Як па-вашаму, сённяшняя мода на беларускасць - толькі мода, ці ўсё ж нешта сур'ёзнае?

- Безумоўна, гэта праява масавай тэндэнцыі вяртання да сваіх нацыянальных каштоўнасцяў. Для кагосьці гэта толькі мода. Але ў яе аснове - часам і не ўсвядомленае імкненне вярнуцца да свайго, асабліва цяпер, у новай геапалітычнай сітуацыі, перад пагрозай «расейскага свету». Я думаю, што гэтая тэндэнцыя будзе набіраць сілу, і яна ўжо дастаткова моцная для таго, каб ёй не перашкаджала, а часам і дапамагала дзяржава.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках