30 красавiка 2024, aўторак, 4:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стывен Сігал прапіярыў нядобрасумленнага забудоўніка ў Менску

56
Стывен Сігал прапіярыў нядобрасумленнага забудоўніка ў Менску

Прабыўшы ў Беларусі ўсяго некалькі дзён, Стывен Сігал загаварыў як сапраўдны намеснік у ідэалогіі.

29 жніўня дзяржаўнае агенцтва БелТА апублікавала паведамленне аб тым, што амерыканскі актор Стывен Сігал, які на мінулым тыдні сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, стане жыхаром комплексу «Маяк Менска».

Стывен Сігал наведаў офіс кампаніі Dana Holdings, якая з'яўляецца забудоўнікам комплексу.

Як паведамляе БелТА, Сігал быў здзіўлены маштабамі праектаў, сучаснай архітэктурай будынкаў «Маяк Менска» і прыняў пастанову набыць сабе кватэру ў гэтым комплексе:

«Мне вельмі спадабаўся дом «Пікасо». З яго вокнаў адкрываецца выдатны відарыс на Нацыянальную бібліятэку, парк і бульвар Пікасо. Я зарэзерваваў тут увесь жылы паверх».

Акрамя таго, калі верыць паведамленню, Сігал мае намер інвеставаць у праект некалькі мільёнаў даляраў.

Дзіўна, але прабыўшы ў Беларусі ўсяго некалькі дзён, Стывен Сігал загаварыў як сапраўдны намеснік у ідэалогіі.

«У Беларусі інвестыцыйны клімат вельмі спрыяльны. Такія паказчыкі, як «Вядзенне бізнэсу-2016», яшчэ ў большай меры характарызуюць станоўчую дынаміку эканомікі Беларусі - за адзін год краіна паднялася адразу на 13 пунктаў - з 57 на 44 пазіцыю, - заявіў, паводле версіі БЕЛТА, галівудскі актор. - Мае знаёмыя і сябры таксама разглядаюць варыянты мільярдных інвестыцый у праекты Dana Holdings, у тым ліку Minsk World - міжнародны фінансавы цэнтр. Гэты праект забяспечыць устойлівы рост, стабільнасць, росквіт і ўмацаванне сусветнай ролі Рэспублікі Беларусь».

Міжнародная група кампаній Dana Holdings працуе ў Беларусі больш за восем гадоў. Самымі буйнымі праектамі кампаніі ў Беларусі з'яўляюцца шматфункцыянальныя комплексы «Маяк Менска» і «Менск-Свет».

«Маяк Менска» плошчай 1 млн кв м спланаваны паводле прынцыпу «горад у горадзе». Ён размесціцца ля Нацыянальнай бібліятэкі. Акрамя жылых дамоў, дзіцячых садкоў і школы на яго тэрыторыі размесціцца гандлёва-забаўляльны цэнтр Dana Mall са 150 крамамі, кінатэатрам на сем залаў, гульнявымі зонамі для дзяцей, фуд-кортам, а таксама гіпермаркетам сеткі Green. Меркаваная сума інвестыцый з улікам прыцягнутых сродкаў дольнікаў складае 580 млн даляраў. Комплекс плануецца здаць у 2019 годзе.

Зрэшты, самі дольнікі «Маяка» незадаволеныя якасцю пабудовы. З іхніх слоў, замест элітных кватэр ім прапанавалі сацыяльнае жыллё з небяспечнымі ліфтамі ды ржавымі пажарнымі кранамі.

Раней сайт charter97.org неаднаразова паведамляў пра тое, што Dana Holdings зрывае тэрміны здачы дамоў і маніпулюе з коштамі жылля.

Чым знакаміты Стывен Сігал. Пяць фактаў

Група кампаній Dana Holdings падкантрольная сербскім бізнэсоўцам-братам Багалюбу і Драгаміру Карычам. Яны асабіста знаёмыя з Лукашэнкам. Драгамір Карыч, з'яўляючыся дэпутатам сербскага парламента, узначальвае групу супрацоўніцтва з «парламентам» Беларусі, паведамляе сайт naviny.by.

Удзел Сігала ў сербска-беларускім праекце наўрад ці можна назваць выпадковасцю. Сербію ён раней называў сваёй другой радзімай, а ў пачатку гэтага года актор нават атрымаў сербскае грамадзянства. Акрамя таго, Сігал стаў уладальнікам прэміі за гуманітарную дзейнасць, якую штогод уручае фонд тых самых братоў Карычаў.

Сам Сігал падчас сустрэчы з Лукашэнкам казаў, што ў яго ёсць беларускія карані. А вось пра свой інтарэс да беларускай сталіцы «герой баевікоў» заявіў яшчэ ў 2010 годзе, пасля таго, як яму была ўручаная карта госця Менска.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках