26 красавiка 2024, Пятніца, 7:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз адкрыты люк у Бабруйску перакуліліся маршрутка і таксоўка

6

9 пасажыраў маршруткі былі дастаўленыя ў лякарню.

Адразу два дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам пасажырскага транспарту адбыліся ў Бабруйску сёння ўранку. Абедзве аварыі звязаныя паміж сабой. На гэта паказваюць час і месца здарэння, а таксама абставіны, якія папярэднічалі другому ДТЗ, паведамляе onliner.by.

А 8:30 кіроўца аўтамабіля Lifan, які належыць адной са службаў таксі, рухаўся па вуліцы Гогаля з боку Каменскага ў кірунку лякарні імя Марзона. Гэты адрэзак цяпер знаходзіцца на капітальным рамонце. На скрыжаванні з вуліцай Прыгараднай адно з колаў патрапіла ў адкрыты люк. Машына страціла кіраванне, перакулілася, пасля чаго апынулася на супрацьлеглым баку праезнай часткі.

Як патлумачыў кіроўца таксоўкі, ён высадзіў пасажыра каля дома на вуліцы Фрунзе, пасля чаго быў вымушаны выехаць на адрэзак дарогі, які рамантуецца. Заўважыць люк таксісту, паводле ягоных слоў, перашкодзіла яркае сонца. Акрамя кіроўцы, у машыне нікога не было.

Транспартны сродак атрымаў значныя механічныя пашкоджанні. Супрацоўнікі ДАІ былі вымушаныя перакрыць адцінак, дзе здарылася ДТЗ. Увесь транспарт быў накіраваны ў аб'езд праз прыватны сектар па вуліцах Ламаносава і Каменскага і завулку Палявому.

А праз 15 хвілін на скрыжаванні вуліц Ламаносава і завулка Палявога здарылася яшчэ адна аварыя. Ціхае скрыжаванне не падзялілі Ford і мікрааўтобус Peugeot, які рухаўся маршрутам №56.

- Аб'язджаў адно ДТЗ, а трапіў у іншае, - кажа кіроўца маршруткі Яўген Галамака. - Я рухаўся вуліцай Ламаносава. Знакаў прыярытэту тут няма, скрыжаванне раўназначнае, а таму згодна з ПДР дзейнічае правіла «перашкоды справа». Кіроўца Ford павінен быў мне саступіць, але гэтага не зрабіў. Я як мог, спрабаваў сысці ад сутыкнення...

Пасля ўдару мікрааўтобус лёг на бок. У момант аварыі ў маршрутцы знаходзіліся дзевяць пасажыраў, уключаючы цяжарную жанчыну. Кіроўца дапамог людзям выбрацца з салона. Да гэтага моманту на месца аварыі ўжо прыбылі карэты хуткай дапамогі.

Як паведаміў камандзір роты ДПС АДАІ Віталь Падута, усе пасажыры былі аператыўна накіраваныя ў лякарні горада. Там будзе вызначаная ступень цяжкасці цялесных пашкоджанняў і прызначанае магчымае лячэнне. Цяжарную пасажырку даставілі ў радзільны дом.

- Жанчына паведаміла, што ў яе ўсё ў парадку, - паведаміў прадстаўнік ДАІ. - Аднак у такіх выпадках канчатковае слова павінна быць за лекарамі. Спадзяемся на лепшае.

Кіроўца Ford не пацярпеў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках