26 красавiка 2024, Пятніца, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амаль 40% рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон - стратныя

1
Амаль 40% рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон - стратныя
Фото с сайта tut.by

Чыстая страта рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон склала 113,5 млрд недэнамінаваных рублёў.

У першым паўгоддзі стратнымі былі 159 рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон, або 38,5% іх агульнай колькасці, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі, інфармуе tut.by.

Так, у СЭЗ «Брэст» дзель стратных рэзідэнтаў у канцы першага паўгоддзя склала 38,2%, у СЭЗ «Менск» - 44,6%, у СЭЗ «Магілёў» - 46,3%.

На 1 ліпеня 2016 года ў якасці рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон было зарэгістравана 427 арганізацый, у тым ліку дзейнымі з'яўляліся 413 арганізацый. З ліку рэзідэнтаў СЭЗ 360 арганізацый, або амаль 90%, вядуць дзейнасць у апрацоўчай прамысловасці.

Варта адзначыць, што адмоўныя вынікі фінансавай дзейнасці ў шматлікіх рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон у Беларусі назіраюцца з 2015 года. Паводле вынікаў работы ў мінулым годзе чыстая страта рэзідэнтаў СЭЗ склала 2,5 трыльёна рублёў. Для параўнання: у 2014-м рэзідэнты СЭЗ атрымалі прыбытак 69 млрд рублёў.

За першую палову 2016 чыстая страта рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон склала 113,5 млрд недэнамінаваных рублёў і скарацілася больш як у 10 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Міністэрства эканомікі Беларусі ў чэрвені гэтага года патлумачыла адмоўныя фінансавыя вынікі дзейнасці СЭЗ тым, што рэзідэнтам гэтых зон даводзіцца мець значныя выдаткі для абслугоўвання прыцягнутых крэдытаў.

Акрамя гэтага, на вынікі дзейнасці рэзідэнтаў СЭЗ негатыўна паўплывалі адмоўныя курсавыя розніцы, якія ўзніклі ад пераліку актываў і абавязанняў у замежнай валюце. Таксама, паводле звестак Мінэканомікі, на стратную дзейнасць рэзідэнтаў СЭЗ уплывае «пачатковая стадыя рэалізацыі інвестыцыйных праектаў».

«Такім чынам, наяўнасць стратнай дзейнасці на пэўным этапе развіцця арганізацый - рэзідэнтаў СЭЗ з'яўляецца спецыфічнай асаблівасцю СЭЗ і звязаная са стварэннем новых экспартна арыентаваных вытворчасцяў», - падкрэслівала Міністэрства эканомікі ў чэрвеньскім паведамленні.

Нагадаем, шэсць свабодных эканамічных зон паводле пастановы беларускіх улад былі створаны ў 1996-2002 гадах. Рэзідэнтам СЭЗ былі дадзеныя падатковыя льготы, меркавалася, што такім чынам атрымаецца стымуляваць стварэнне інавацыйных вытворчасцяў на тэрыторыі эканамічных зон і нарошчваць аб'ёмы экспарту.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках