3 траўня 2024, Пятніца, 1:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады пазбавілі льгот пенсіянерку, якая «ўзняла» стратны калгас

12
Улады пазбавілі льгот пенсіянерку, якая «ўзняла» стратны калгас
Аліцыя Антановіч

Наўзамен гэтага чыноўнікі паабяцалі запрашаць яе «на ўрачыстыя сходы і святочныя мерапрыемствы».

82-гадовая жыхарка вёскі Мачуліна Ваўкавыскага раёна Аліцыя Антановіч да нядаўняга часу была не проста пенсіянеркай. Ёй, як былому кіраўніку калгаса «Бальшавік», якая здолела ў свой час ператварыць стратную гаспадарку ў заможную, падчас провадаў на пенсію роднае прадпрыемства забяспечыла штомесячную асабістую дапамогу і гарантавала дапамогу ў бытавых пытаннях. 12 гадоў абавязанні выконваліся бездакорна, аж да новай пастановы агульнага сходу гаспадаркі: персанальныя льготы экс-старшыні скасаваць, піша sb.by.

Аліцыя Іванаўна, ганаровая грамадзянка Ваўкавыскага раёна, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў, ветэран працы, ніяк не чакала, што менавіта на прадпрыемстве, якому яна аддала больш за паўстагоддзя свайго жыцця, аб яе заслугах забудуць хутчэй за ўсіх.

Старшынёй калгаса «Бальшавік» Аліцыя Антановіч стала ў 1974 годзе. Спіс маёмасці, якая перадаецца ў яе распараджэнне, быў кароткім: 2 гусенічных і 4 колавых трактары, адна бартавая машына, аўцаферма з жывёламі непрыдатнай пароды і малочна-таварная ферма на 80 кароў. Доўгім быў толькі пералік запазычанасцяў. Іх да таго часу назапасілася на цэлых 10 тысяч рублёў. У Савецкім Саюзе гэта была астранамічная сума. У той час нават уявіць сабе, што даслоўна праз дзесяцігоддзе гэта гаспадарка стане ўзорнай, багатай, рэгулярна будзе прывозіць у раён медалі з маскоўскай ВДНГ і праводзіць у сябе ўсесаюзныя семінары, было складана. Аднак менавіта так усё і адбылося. Маладая кіраўніца актыўна развівала вытворчасць. А на пенсію Аліцыя Антановіч сыходзіла ўжо з пасады старшыні СВК «Мачуліна» ў 70 гадоў: яе кааператыў далучалі да СПК «Невяровіч». Да таго часу ў гаспадарцы ўжо лічылася больш 40 трактароў, былі пабудаваныя новыя кароўнікі, птушнік, мехдвор, уласная пільня, завод для вытворчасці сілікатных блокаў, а ў вёсках - сотні новых кватэр і катэджаў. Сяло Мачуліна, дзе знаходзілася кантора СВК, папоўнілася дзіцячым садком на 90 чалавек, сталовай, лазнева-пральным комплексам, крамай і дыхтоўным Палацам культуры з бібліятэкай і цырульняй. Да хатаў падвялі газ і ваду. Уласныя кавярні і крама гаспадаркі ў Горадні давалі 45 адсоткаў прыбытку. Рашэннем праўлення кантракту 2004 года СВК абавязаўся штомесяц выплачваць Аліцыі Іванаўне 10 базавых велічынь, выдзяляць 6 кілаграмаў мяса, адзін раз вазіць у бальніцу ў Горадню і пару разоў - на лячэнне ў райцэнтр. У гэтым годзе льготы былі скасаваныя.

Пракаментаваць сітуацыю пагадзіўся старшыня СВК «Невяровіч» Казімір Верабей:

- У мяне 88 заслужаных работнікаў гаспадаркі. Ва ўсіх льготы аднолькавыя: палова базавай велічыні ў месяц. Сёння стан нашай гаспадаркі такі, што мы не можам сабе дазволіць плаціць камусьці больш. Таму на разгляд агульнага сходу кааператыва было вынесена пытанне аб тым, каб усе былі ў аднолькавым становішчы. Пастанова прынятая. Згодзен: заслугі Аліцыя Іванаўны вялікія, але за гэта яна атрымлівае надбаўку да пенсіі ад дзяржавы.

Са сваёй крыўдай пенсіянерка прыйшла на прыём да старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова. Праверку па яе скарзе праводзіў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гарадзенскага аблвыканкама Сяргей Пацэвіч:

- Тут ёсць адзін нюанс: сума выплат прымалася тады, калі Аліцыя Антановіч была кіраўніком гаспадаркі. Тут угледжваецца асабісты інтарэс. Пенсіянерка прад'яўляе яшчэ і правы на адзін з гаражоў гаспадаркі: патрабуе, каб гараж ёй перадалі ва ўласнасць бязвыплатна. Але пад домам у яе цэлых 3 гаражы. Спыталі: «Навошта вам яшчэ адзін?» Кажа, што гаражоў у яе сапраўды дастаткова, але для яе прынцыпова, каб гэты бокс быў ёй падораны ў знак прызнання яе заслуг. Што тут скажаш... На мой погляд, вострай неабходнасці пазбаўляць яе льгот не было. Але і падстаў скасаваць пастанову сходу кааператыва ні ў нас, ні ў каго б там ні было няма.

Міхаіл Сіцько, старшыня Ваўкавыскага раённага выканаўчага камітэта:

- Заслугі Аліцыя Іванаўны Антановіч перад раёнам ніхто ніколі не адмаўляў і не ставіў пад сумнеў. Дзякуючы званням і ўзнагародам Аліцыя Іванаўна атрымлівае павышаную пенсію. У яе уласны дом, добрая гаспадарка. Мы не забываем запрашаць яе на ўрачыстыя сходы і святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя знакавым падзеям у жыцці раёна. Акрамя таго, Аліцыя Іванаўна знаходзіцца пад апекай раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу...

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках