3 траўня 2024, Пятніца, 3:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што будзе з беларускімі праектамі Паўла Шарамета

1
Што будзе з беларускімі праектамі Паўла Шарамета
ПАВАЛ ШАРАМЕТ
ФОТА: RFE/RL

Праекты Паўла Шарамета адчуваюць пэўныя праблемы, але працуюць у ранейшым рэжыме.

Беларускія праекты Паўла Шарамета - сайты "Беларускі партызан" і "Гістарычная праўда" - адчуваюць пэўныя праблемы, але працуюць у ранейшым рэжыме, паведамілі БелаПАН іх супрацоўнікі.

Рэдакцыя "Беларускага партызана" цяпер працуе ў тым жа складзе і ў тым жа рэжыме, што і да смерці Шарамета, ніхто з супрацоўнікаў не сышоў з праекта.

"Людзі гатовыя працаваць бясплатна нейкі час. Паглядзім, што далей будзе", - сказаў прадстаўнік рэдакцыі.

Са слоў суразмоўцы, адна з самых важных праблем, якую трэба будзе вырашыць найбліжэйшым часам, - фінансаванне. "Калі яна будзе вырашаная, то праект і надалей будзе жыць", - адзначыў суразмоўца.

Акрамя таго, неабходна развязаць пытанне пераемнасці праекта.

"Наколькі я ведаю, жонка Паўла не будзе займацца сайтам і гатовая перадаць яго іншым", - дадаў прадстаўнік рэдакцыі.

Журналістка Святлана Калінкіна, якая доўгі час працавала з Шараметам і была яго сябрам, не змагла сказаць нічога пэўнага пра будучыню "Беларускага партызана". Яна толькі пацвердзіла, што на гэты момант рэдакцыя працуе ў ранейшым рэжыме, але адзначыла, што многімі пытаннямі, якія датычацца функцыянавання і фінансавання праекта, раней займаўся толькі Шарамет, таму рэдакцыі бракуе некаторай інфармацыі.

Што да сайта "Гістарычная праўда", то ён цяпер недаступны ў сувязі з прамінулым тэрмінам рэгістрацыі дамена, падаўжэннем якога займаўся Шарамет, але на пачатку верасня плануе аднавіць працу, паведаміў сузаснавальнік праекта гісторык Ігар Мельнікаў.

З яго слоў, у праекта ёсць дзве версіі - беларуская, якой у адзіночку займаецца Мельнікаў, і расейская, над якой працуюць калегі Шарамета ў Расеі. Праект збіраў да 100 тысяч унікальных наведвальнікаў у дзень, і менш за 50 тысяч гэты паказчык ніколі не апускаўся, адзначыў сузаснавальнік. "Прычым беларускую старонку стала наведваць больш людзей, чым расейскую", - дадаў ён.

Як адзначыў Мельнікаў, у аўдыторыі ёсць патрэба ў рэсурсе, таму сайт працягне працу, хоць некаторыя змены ўсё ж адбудуцца, галоўная з іх - больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы на беларускай старонцы.

Са слоў гісторыка, цяпер ён працуе над сайтам на грамадскіх пачатках і працягне гэтак жа.

"Паглядзім, можа, знойдзецца нейкі фундатар, але цяпер большасць маіх праектаў - кнігі, выставы - робяцца на грамадскіх пачатках пры дапамозе неабыякавых людзей", - сказаў Мельнікаў.

Апошнія тры гады Павел Шарамет не ўмешваўся ў працу беларускай версіі сайта, адзначыў Мельнікаў. "Безумоўна, яго роля ў праекце была значная, таму што ў пачатку ён падказваў, як трэба рабіць матэрыялы, як іх афармляць, нават у тэхнічных момантах, але хутка гэта стала не патрэбным. Трэба было рабіць, напаўняць сайт", - сказаў ён.

Беларускі журналіст Павал Шарамет, які апошнія пяць гадоў жыў і працаваў ва Украіне, загінуў у Кіеве раніцай 20 ліпеня ў выніку падрыву машыны. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, спрацавала выбухоўка магутнасцю 400-600 г у тратылавым эквіваленце. Нацыянальная паліцыя Украіны распачала паводле факта гібелі журналіста крымінальную справу паводле артыкула "Наўмыснае забойства". Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, аб дапамозе якіх папрасілі ўкраінскія ўлады.

Следства адпрацоўвала чатыры версіі забойства: асабістыя непрыязныя стасункі з загінулым; прафесійная дзейнасць; дэстабілізацыя абстаноўкі ў Кіеве; памылка (машына, у якой быў узарваны Шарамет, належала ўладальніцы газеты "Украінская праўда" Алёне Прытуле). 29 жніўня дарадца кіраўніка МУС Украіны Іван Стойка паведаміў, што найбліжэйшым часам паліцыя апублікуе некаторыя дэталі справы аб забойстве журналіста.

Паўла Шарамета пахавалі на Паўночных могілках пад Менскам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках