3 траўня 2024, Пятніца, 2:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аднакурснікі Пуціна: Прэзідэнт РФ смяротна баіцца абрання Клінтан

17
Аднакурснікі Пуціна: Прэзідэнт РФ смяротна баіцца абрання Клінтан
ФОТА: OBOZREVATEL.COM

Хілары зацісне мяккае падбрушша Вовы жалезнымі абцугамі, і 86% расейцаў з сумам успомняць, як добра ім жылося пры Абаме.

Намаганні Крамля зрабіць усё, каб прэзідэнтам ЗША стаў Дональд Трамп, прывядуць да таго, што пераможа Хілары Клінтан. Уладзімір Пуцін смяротна баіцца перамогі Клінтан, бо разумее: яна з ім заляцацца не будзе і наўрад ці забудзе, як Вова корпаўся ў яе «брудных мэйл», - заявіў у інтэрв'ю «Гордан» былы савецкі выведчык і аднакурснікі прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна па Інстытуту імя Андропава, а цяпер амерыканскі фінансавы аналітык Юрый Швец.

- Некалькі дзён таму НАБУ абнародавала фрагменты «журнала бухгалтарскага ўліку» Партыі рэгіёнаў, згодна з якімі Пол Манафорт атрымаў ад Партыі рэгіёнаў мінімум $12,7 мільёна гатоўкай. Ці сапраўды гэты скандал ва Украіне стаў прычынай адстаўкі Манафорта з пасады кіраўніка выбарчага штаба Дональда Трампа?

- Не думаю. Згадка ў «журнале бухгалтарскага ўліку» рэгіяналаў - кропля ў моры. Цяпер у амерыканскіх СМІ на Манафорта сыплюцца куды больш важкія абвінавачванні. Ён сышоў у адстаўку, бо зразумеў: за яго сур'ёзна ўзяліся.

- Хто менавіта «сур'ёзна ўзяўся»?

- Амерыканскія праваахоўныя органы і журналісты. У шырокім аб'ёме інфармацыі, апублікаваным аб Манафорце, гісторыя з чорным кэшам ва Украіне на 120-м месцы, у ЗША на гэтым нават увагу асабліва не акцэнтуюць. Галоўная праблема Манафорта - падазроныя сувязі з Крамлём і расейскімі спецслужбамі. Вова Пуцін ператварыўся ў пракажонага, адзін толькі дотык да якога становіцца небяспечным.

- Але шэф і паплечнік Манафорта Дональд Трамп цягам усёй выбарчай кампаніі не хаваў свайго захаплення прэзідэнтам Расеі. Чаму ягоныя апаненты прачнуліся цяпер, калі да фінальнага галасавання за новага прэзідэнта ЗША засталося ўсяго два месяцы?

- На Манафорта абрынуліся праз Трампа. У ЗША нарэшце зразумелі: Трамп мае сур'ёзныя псіхічныя праблемы, калі яго абяруць прэзідэнтам, гэта будзе небяспечна і для ЗША, і для ўсяго свету. Вельмі падобныя псіхічныя праблемы і ў Пуціна, але ў Расеі, як мы ведаем, гэта нікога не хвалюе.

Апошнім часам Трамп паспеў нахаміць і абразіць многіх. Ён кожны дзень выдае нешта такое, праз што ад яго адварочваецца чарговая група выбаршчыкаў. Сярод прыхільнікаў Трампа застаўся, у асноўным, кантынгент, які тут называюць white trash ці «белае смецце». Гэта такая сацыяльная група, падобная на расейскую «вату».

- Але на канкурэнта Трампа - кандыдатку ў прэзідэнты Хілары Клінтан - таксама нямала кампрамату. У амерыканскіх СМІ не раз публікаваліся расследаванні, згодна з якімі Клінтан, быўшы дзяржсакратаркай ЗША, лабіявала інтарэсы расейскіх алігархаў, а тыя, у сваю чаргу, аплачвалі яе паслугі праз дабрачынны фонд. Чаму Хілары сувязі з Крамлём даруюць, а Трампу - не?

- З двух злыдняў трэба выбраць меншага. Хілары у параўнанні з Трампам - анёл у плоці. Адэкватныя амерыканцы разумеюць, што Трамп-прэзідэнт рэальна небяспечны з пункту гледжання фундаментальных пытанняў: «Быць ці не быць?», «Жыць ці не жыць?».

- Вы не дэманізуеце Трампа? У ЗША досыць моцныя дзяржаўныя інстытуты, працуе сістэма стрымак і проціваг, якая дазваляе Амерыцы заставацца сусветным лідарам, нягледзячы на канкрэтнае прозвішча насельніка Белага дома.

- Вы маеце рацыю, ёсць Кангрэс, незалежныя СМІ, працэдура імпічменту. Але сістэма стрымак і проціваг працуе ў асноўным у сферы ўнутранай палітыкі. У замежнай палітыцы прэзідэнт адыгрывае вялікую ролю, і на яго стрымліванне можа спатрэбіцца тэрмін, якога ў час міжнародных крызісаў можа проста не быць. Ёсць рок лёсу, калі крызіс расце як снежны ком і ўсё адбываецца вокамгненна. Успомніце Карыбскі крызіс 1961 года, калі свет рэальна стаяў на парозе атамнай вайны. І ўсё гэта адбылося пры вельмі разумным прэзідэнце Кэнэдзі. А калі ў Белым доме з'явіцца чалавек неадэкватны, такіх крызісаў ён можа пладзіць штотыдзень па некалькі штук.

- Калі прэзідэнтам абяруць Хілары Клінтан, ці варта Украіне асцерагацца змякчэння палітыкі ЗША ў дачыненні да Расеі?

- Канечне не. Хілары - жалезная лэдзі, гуляць з Пуціным не будзе. Вова ўжо зрабіў нямала, каб наступная адміністрацыя паступала з ім як з ізгоем. Ён сам каваль свайго няшчасця. Усё, што ён творыць, бумерангам б'е і па ім асабіста, і па ўсёй Расеі.

У свой час СССР часам меў магчымасць у нейкай ступені паўплываць на ход прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША, але ніколі гэтага не рабіў, калі была небяспека, што пра гэта стане вядома і гэта непазбежна прывядзе да напружаных стасункаў з новым насельнікам Белага дома.

Пуцін выявіўся першым прыдуркам у Крамлі, які не проста паставіў усё на аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты ЗША, але і пачаў яму дапамагаць самымі бруднымі метадамі і сродкамі (я маю на ўвазе ўзлом сервераў, публікацыю матэрыялаў супраць Хілары, фактар Манафорта). Пры гэтым, як заўсёды, ляснуліся на падлогу па поўнай праграме і ўсё выпаўзла вонкі.

Цяпер прыхільнікі Клінтан крычаць пра сувязі Манафорта і Трампа з Крамлём, а ў Хілары расце рэйтынг. Гэта значыць, усе намаганні Вовы-недакурка зрабіць прэзідэнтам Трамп прывядуць да таго, што пераможа Хілары. І калі яна стане прэзідэнтам ЗША, наўрад ці забудзе, як Вова корпаўся ў яе «брудных мэйл».

- Давайце не спяшацца. Выбары пройдуць 8 лістапада і, мяркуючы з рэйтынгаў, сімпатыі выбаршчыкаў пакуль пароўну падзяліліся паміж Клінтан і Трампам.

- Могуць быць сюрпрызы, але амерыканцы, агулам, людзі рацыянальныя. Думаю, пераможа Хілары.

- Тады якім чынам у рацыянальнай Амерыцы адным з кандыдатаў у прэзідэнты стаў Трамп? Як вы тлумачыце ягоны неімаверны поспех?

- Амерыканцаў дастаў іх уласны істэблішмэнт або палітычная эліта, як гэта называюць ва Украіне. Такое ўражанне, што ў ЗША ўсяго дзве сям'і - Буш і Клінтан, - якія заслугоўваюць кіраваць Амерыкай. Палітыканства ў Вашынгтоне дасягнула неімаверных маштабаў, рэспубліканцы і дэмакраты пагрузіліся ў міжусобную вайну з нагоды і без. Пры Абаме бесталковая i бясплодная барацьба паміж Белым домам і Кангрэсам узмацнілася настолькі, што яны перасталі выконваць свае наўпроставыя абавязкі. Многім амерыканцам гэта моцна абрыдла і яны наважыліся падтрымаць Трампа, каб ацверазіць істэблішмэнт.

- Я разумею, што выхад Трампа ў фінал прэзідэнцкай гонкі ацверазіў амерыканскі істэблішмэнт, прымусіў іх згуртавацца. Але не разумею, чаму вы так упэўненыя, што большасць грамадзян ЗША, на знак пратэсту, зноў не прагаласуюць за Трампа ўжо як новага прэзідэнта?

- Таму што Трамп усё больш выглядае - о жах! - як стаўленік Крамля. Прыдурак у Крамлі сваёй «сяброўскай дапамогай» фактычна закопвае Трампа.

Пуцін смяротна баіцца перамогі Хілары. Але калі ўсё, да чаго дакранаўся цар Мідас, ператваралася ў золата, то ўсё, да чаго датыкаецца Вова Пуцін, ператвараецца ў... Ну, вы зразумелі.

- Не стрымлівайце сябе.

- Тое, што Крэмль зараз робіць у дачыненні да Трампа - гэта прадаўжэнне аперацыі «Шродэр». Памятаеце, быў у Нямеччыне такі канцлер, Герхард Шродэр, які актыўна прасоўваў інтарэсы Расеі на Захадзе? У 2005 годзе, ледзь толькі скончыўся ягоны тэрмін на пасадзе канцлера, як ён плаўна перайшоў на высокааплатную працу ў «Газпром». За гэтым рушыла ўслед цэлая чарада заходніх палітыкаў, якія перайшлі на ўтрыманне Крамля.

І вось цяпер аперацыя «Шродэр» нацэлілася на кандыдата ў прэзідэнты ЗША. Крэмль спрабаваў загадзя карумпаваць магчымага будучага прэзідэнта ЗША Трампа і ягонае асяроддзе. На цяперашні момант аперацыя праваленая, бо першае правіла кожнай спецаперацыі - канспірацыя, гэта значыць, не пакідаць слядоў. А Крэмль у выпадку з Трампам натаптаў усюды, дзе мог. Так што Пуцін і ягоныя спецорганы, узяўшыся дапамагаць Трампу, выдаткаваўшы на гэта шмат часу, сіл і сродкаў, у канчатковым выніку прывядуць да перамогі Клінтан. Але замест падзякі Хілары зацісне мяккае падбрушша Вовы жалезнымі абцугамі, і 86% расейцаў будуць з сумам успамінаць, як добра ім жылося пры Абаме.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках