2 траўня 2024, Чацвер, 20:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія бабкі-шаптухі патрапілі ў The Guardian

31
Беларускія бабкі-шаптухі патрапілі ў The Guardian

Брытанскае выданне апублікавала гісторыю беларускай знахаркі, якая вылечыла камуніста.

Брытанскае выданне «The Guardian» апублікавала фотарэпартаж беларускага фатографа Сяргея Лескеця «Апошнія шэпты Беларусі» (пераклад - «Радыё Свабода»).

Гэта восем здымкаў і восем гісторый беларускіх шаптух з розных куткоў краіны.

Англамоўным чытачам выданне падае беларускіх шаптух як «жанчын, якія вераць, што Бог даў ім сілу вылечваць хворых і выганяць дэманаў».

Сярод васьмі гісторый ёсць, напрыклад, апавяданне бабы Каці, якая вылечыла камуніста ад укусу змяі:

«У нашай вёсцы быў камуніст, якога звалі Міша. Аднойчы ён касіў траву каля ракі і яго ўкусіла змяя. Ён сур'ёзна захварэў і быў блізкі да смерці. Ён паслаў сваю жонку да мяне, каб я дапамагла. Я баялася, бо ён быў камуністам. Яны страшэнна не любілі нас, вернікаў, здзекаваліся з нас, закрывалі храмы і высылалі святароў у Сібір. Але я не магла адмовіць і зашаптала. Ён выпіў гэтую ваду і яму стала лепш. Я не ведаю, ці верыў Міша некалі ў Бога, але ён ведаў сілу слова».

The Guardian называе традыцыю шаптух знікаючай. Гэта пацвярджае і апавяданне яшчэ адной гераіні фотарэпартажу - бабы Марыі.

«Старыя людзі, якія ведаюць словы, паміраюць, а маладыя людзі не хочуць вучыцца. Яны не вераць. Але зла ў слове не стала менш. Пажылыя людзі і дзеці прыходзяць да мяне кожны дзень, але я не ведаю, хто будзе шаптаць пасля маёй смерці», - кажа знахарка баба Марыя.

Сяргей Лескець - краязнаўца, падарожнік, фатограф. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і аддзяленне найноўшай гісторыі Беларускага калегіума. Збіраннем старажытных усходнееўрапейскіх практык лячэння ён займаецца ўжо чатыры гады.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках