2 траўня 2024, Чацвер, 22:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Звязаныя адной формай»: У менскай школе дзецям загадалі адзецца аднолькава

76
«Звязаныя адной формай»: У менскай школе дзецям загадалі адзецца аднолькава
ФОТА: БЕЛАПАН

Як прайшла лінейка ў менскай школе, дзе дзяцей адзелі аднолькава.

У Менскай сярэдняй школе №101 на праспекце Жукава ў гэтым годзе вучні малодшых класаў будуць насіць аднолькавую форму. Ідэя належыць канцэрну «Беллегпрам». Але адзенне, вядома, закупілі бацькі. Адзін камплект каштаваў прыкладна 50 рублёў, пішуць naviny.by.

Да 10 раніцы на школьным двары ўжо сталі дзеці з букетамі. Дзяўчынкі - у сініх сарафанах і бардовых джэмперах, хлопчыкі - у сініх касцюмах і чырвоных камізэльках. І хоць асноўныя элементы гардэроба былі аднолькавыя, дзеці глядзеліся ўсё ж па-рознаму. Па-першае, кашулі і блузкі у камплект не ўваходзяць - кожны выбіраў свой варыянт. Па-другое, стандарту для абутку таксама не было. Ну, і трэцяе, у некаторых былі такія прыгожыя каснічкі ды косы, што на іх звярталі ўвагу больш, чым на адзенне.

Бацькі кажуць, што адзець дзяцей у аднолькавую форму было не іх ідэяй.

«Мы прыйшлі падаваць заяву ў школу, і нам сказалі, што трэба купіць форму, - распавяла мама першакласніцы. - Мы падалі свае памеры, але купіць можна было толькі ў адной краме, на Казлова. Сарафан каштаваў 32 рублі, понча 20 з нечым рублёў. Сказалі, што мы да чацвярга павінны ўсё купіць. А потым даведаліся, што ў суботу форму прадавалі са зніжкай».

Адправіць дзіця ў школу - задавальненне не з танных. «Глядзіце самі: касцюм - 50 рублёў, туфлі - 60 рублёў, форма спартыўная - 40 рублёў, красоўкі - 50 рублёў. Сто даляраў выходзіць, - пералічвае бацька школьніка. - І гэта я яшчэ не сказаў пра сшыткі, кніжкі, заплечнік. А дзіця ў нас не адно!»

Дызайн новай формы многім бацькам падабаецца. Кажуць, што нічога дрэннага ў тым, што дзеці будуць аднолькава адзетыя, няма.

«Мы не супраць дзелавога стылю, усё ж школа ёсць школа. Я і старэйшым сваім заўсёды купляла форму. Проста павінен быць выбар. Цяпер усюды прадаюць адзенне са зніжкамі. А нам сказалі купляць толькі на Казлова, вось гэта нязручна», - кажа маці першакласніка.

Старшыня «Беллегпрама» Мікалай Яфімчык, які прысутнічаў на лінейцы, адзначыў, што ў планах канцэрна ўкараняць такую практыку і ў іншых школах.

«Мы будзем прапаноўваць школам нашую форму, але ў кожнага ёсць выбар, - кажа ён. - Гэта сусветная практыка. У некаторых краінах нават ёсць адрозненне ў колеры для малодшай, базавай і сярэдняй школы».

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што некаторыя дзеці 101-й школы прыйшлі на лінейку ў сваёй форме.

«Нам не пасаваў касцюм, які прапаноўвалі, таму мы купілі іншы», - патлумачыла мама трэцякласніка.

Зразумела, што са школы яго за гэта ня выключаць. Але калі б бацькам і іх дзецям давалі больш выбару, магчыма, не давялося б адпраўляць усіх у адную краму.

Са старшакласнікамі такі нумар наўрад ці прайшоў бы. Хоць дырэктарка школы Святлана Главацкая запэўнівае, што з наступнага года і яны надзенуць адзіную форму.

«Не трэба, каб адно дзіця адрознівалася ад іншага, - мяркуе дырэктарка. - Каб у кагосьці была звышмодная сукенка... Яны ўсе дастаткова модныя сарафаны (у прапанаваным варыянце школьнай формы. - Рэд.), прыгожага колеру, дапоўненыя трыкатажнымі балеро і камізэлькамі. Вы ж бачылі, якія дзеці прыгожыя. Бацькі падтрымалі гэтую ідэю».

Самі старшакласнікі кажуць, што для сябе хацелі б бачыць іншую форму.

«Не, ну ў такім сарафане я дакладна не буду хадзіць, - сказала адная з вучаніц. - І кофта мне таксама не падабаецца, мая прабабуля нешта такое ж насіла. Для старэйшых класаў трэба, каб адзенне было больш сучаснае».

Старшыня канцэрна «Беллегпрам» абяцае, што пажаданні будуць улічаныя: «Мы сочым за тэндэнцыямі. Яшчэ нядаўна той жа бомбэр не быў такі папулярны, а цяпер на яго вялікі попыт. Таму ўсе пажаданні і заяўкі ўлічым. Сёння мы гатовыя цалкам адзець школьніка, прычым даступным коштам».

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках