3 траўня 2024, Пятніца, 6:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома, колькі зарабляюць у КДБ

38

Дзеля месцаў у «палатцы» чэкісты вымушаныя публікаваць свае дэкларацыі аб даходах.

Парламенцкія «выбары» часцей за ўсё цікавыя не столькі сваімі вынікамі, якія цалкам прадказальныя, а біяграфічнымі звесткамі кандыдатаў у «дэпутаты».

Гэта рэдкая магчымасць даведацца, колькі афіцыйна зарабляюць дзяржаўныя чыноўнікі і сілавікі, бо ўсе прэтэндэнты павінны публікаваць дэкларацыю аб даходах гадавой даўніны.

Сёлета зарэгістраваныя адразу двое кандыдатаў, месца працы якіх - Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ), піша «Наша Ніва».

У Гомельскай Юбілейнай акрузе №31 балатуецца начальнік Інстытута нацыянальнай бяспекі Іван Корж.

У свой час Корж узначальваў Гомельскае і Гарадзенскае аддзяленні КДБ. Гомельскі этап работы Каржа запомніўся шматлікімі спробамі вярбоўкі апазіцыянераў. Ні да, ні пасля ў прэсу не прасочвалася столькі такой інфармацыі.

Калі ў Гомельскай вобласці разгарэлася «паляўнічая справа» супраць міліцыянтаў, былі праведзеныя ператрусы ў журналістак: Калінкінай, Коктыш, Радзінай, Халіп. Ператрусы праводзіліся паводле справы «абразы Івана Каржа».

У Гарадзенскай вобласці Іван Корж таксама адзначыўся. Падчас ягонага праўлення быў арыштаваны журналіст Анджэй Пачобут за «абразу» Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта Гарадзенская ўправа КДБ ініцыявала працэс, у якім альбом «Прэс-фота» быў прызнаны экстрэмісцкім.

Цяпер Каржа адпраўляюць у парламент. Летась ягоныя даходы склалі 338 мільёнаў рублёў. Гэта значыць, што ў сярэднім за месяц ён атрымліваў 28 мільёнаў.

Супернікам Івана Каржа ў акрузе будзе пенсіянер міліцыі, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Няпомняшчы.

Яшчэ адзін супрацоўнік КДБ вылучаецца ў дэпутаты ў Менскай вобласці. У Бярэзінскай акрузе №61 кандыдатам зарэгістраваны намеснік начальніка ўправы КДБ Менску і Менскай вобласці Пётр Атрошчанка.

Ягоны даход летась склаў больш за 288 мільёнаў рублёў, гэта значыць, у сярэднім на месяц ён атрымліваў 24 мільёны рублёў.

Канкурэнты Атрошчанкі атрымлівалі летась не больш за 49 мільёнаў рублёў, гэта значыць, у сярэднім на месяц блізу 4 мільёнаў рублёў.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках