2 траўня 2024, Чацвер, 17:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску з'явіўся першы цэнтр віртуальнай рэальнасці

3
У Менску з'явіўся першы цэнтр віртуальнай рэальнасці

У сталіцы можна выпрабаваць адзін з першых у краіне шаломаў віртуальнай рэальнасці HTC Vive.

У забаўляльным цэнтры VR:box у віртуальнай рэальнасці атрымаецца пашпацыраваць, пагутарыць або паглядзець кіно, піша tut.by.

VR:box - невялікая прастора ў цэнтры Менска амаль без мэблі. У асноўным пакоі абсталявана дзве пляцоўкі для шалома HTC Vive. Тут можна выпрабаваць віртуальную рэальнасць: гуляць у снежкі, кідаць вогненныя шары, маляваць або падарожнічаць падводным светам.

Стваральнікі цэнтра паказваюць, як наладжана апусканне ў віртуальную рэальнасць: на галаву трэба надзець шалом, наверх - навушнікі, у рукі ўзяць бесправадныя кантралёры, якія будуць выконваць функцыю рук.

У шаломе можна перамяшчацца па невялікім квадраце, разварочвацца, нахіляцца, скакаць і адхінацца - усе рэальныя рухі перадалі віртуальнаму персанажу. З дапамогай кантролераў на прадметы можна ўздзейнічаць: чапаць, хапаць або, да прыкладу, падпальваць.

Так віртуальная рэальнасць выглядае звонку шалома...
А так – усярэдзіне

Гульні тут самыя розныя - можна даследаваць, змагацца ці маляваць. Хутка з'явіцца рэжым сеткавай гульні: два чалавекі змогуць адзяваць шалом і гуляць разам. Са слоў стваральнікаў цэнтра, актыўная гульня ў віртуальнай рэальнасці дае нагрузку не горшую за гімнастыку.

«Гэта можна выкарыстоўваць і як кінатэатр, глядзець фільмы ў фармаце 360 градусаў, - распавядае заснавальнік цэнтра Міхаіл Вайцяхоўскі. - Можна звязвацца нават з тымі, хто знаходзіцца ў іншай краіне: вы зможаце бачыць галаву чалавека і ягоныя рукі, сядзець на адной канапе і размаўляць. Варыянтаў вельмі шмат. Найбліжэйшым часам з'явіцца сеткавая гульня".

Цяпер у цэнтры ёсць два камплекты HTC Vive, арганізатары спадзяюцца, што ў будучыні гаджэтаў для віртуальнай рэальнасці стане больш. З іх слоў, гэта першая такая ўстанова ў Менску, у Расеі клубы віртуальнай рэальнасці можна пералічыць па пальцах.

«Мы шукалі, што незвычайнага адкрыць у Менску. Выявілі, што віртуальнай рэальнасці ў нас пакуль няма, і надумалі заняць гэтую нішу, - тлумачыць Міхаіл. - Гэта цікава нам, спадзяемся перадаць гэтую цікавасць камусьці яшчэ».

Афіцыйным пачаткам працы цэнтра VR:box стане 1 верасня, у гэты дзень бясплатным будзе ўваход у зону для настольных гульняў. За віртуальную рэальнасць давядзецца заплаціць: 15 хвілін апускання каштавацьме 12 рублёў, далей гульня будзе станавіцца таннейшай.

***

HTC Vive - шалом віртуальнай рэальнасці, створаны кампаніямі HTC і Valve. Прылада выкарыстоўвае вонкавыя лазерныя датчыкі пазіцыянавання, дзякуючы чаму счытвае рухі карыстальніка ў прасторы.

Афіцыйна ў Беларусі і Расеі шалом пакуль не прадаецца. У ЗША HTC Vive з'явіўся ў продажы ў сакавіку 2016 года коштам ад 800 даляраў. Пакупнікі зладзілі велізарны ажыятаж: за першыя дзесяць хвілін было набыта 15 тысяч прылад.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках