8 траўня 2024, Серада, 23:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ААН накіравана скарга на бесчалавечнае абыходжанне ў Беларусі

7
У ААН накіравана скарга на бесчалавечнае абыходжанне ў Беларусі

Грамадзяне Беларусі працягваюць звяртацца ў Камітэт правоў чалавека са скаргамі на жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне і катаванні.

Нядаўна ў Камітэт правоў чалавека была накіравана скарга Тамары Сялюн, маці асуджанага да смяротнага пакарання Паўла Сялюн.

Ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаванняў» пагутарыла з Андрэем Палудам, праваабаронцам, які будзе прадстаўляць яе інтарэсы ў КПЧ ААН, і папрасіла расказаць пра фактычныя акалічнасці справы.

«Родны сын Тамары Сялюн - Павел Сялюн быў прысуджаны да выключнай меры пакарання. Калі адвакатка пайшла наведваць яе сына ў СІЗА №1, дзе ён чакаў выканання пакарання ў выглядзе расстрэлу, ёй паведамілі, што ён «з'ехаў па прыгаворы». Пры гэтым маці пра лёс яе дзіцяці ніхто не інфармаваў, фактычна цягам месяца яна прыбывала ў поўным няведанні пра яго лёс.

Пасля неаднаразовых зваротаў у Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Дэпартамент выканання пакаранняў Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, з просьбамі паведаміць пра лёс сына, вярнуць яго асабістыя рэчы, паказаць месца пахавання альбо вярнуць яго цела для пахавання ў адпаведнасці з традыцыямі сям'і, Тамара Сялюн атрымала адказ з Гарадзенскага абласнога суда, у якім ёй было паведамлена, што прысуд у дачыненні да яе сына прыведзены ў выкананне і што цела для пахавання не выдаецца, аб месцы пахавання не паведамляецца. Пры гэтым, замест асабістых рэчаў сына, Тамары Сялюн паштовай пасылкай была накіраваная казённая спецвопратка з адзнакай «ВМП» - выключная мера пакарання, у якой яе сын правёў апошні год знаходжання ў «калідоры смерці», і ў якой яна яго неаднаразова, у тым ліку і апошні раз жывым, бачыла падчас асабістых спатканняў. Убачыўшы гэтыя рэчы, Тамара Сялюн атрымала моцны псіхалагічны стрэс, яна пасекла гэтае адзенне (штаны, куртку, капялюш і чаравікі) сякерай і спаліла паблізу свайго дома. Дагэтуль, нават па сканчэнні часу, яна ўсё роўна знаходзіцца пад моцным псіхалагічным уражаннем і сцвярджае, што ўспаміны гэтай сітуацыі прыносяць ёй моцныя псіхалагічныя пакуты», - паведаміў праваабаронца.

Што тычыцца ўнутраных сродкаў прававой абароны, Тамара Сялюн звярталася ў суд Ленінскага раёна горада Гародні, у Гарадзенскі абласны суд, у судовую калегію грамадзянскіх спраў Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, да старшыні Вярхоўнага суда і да пракурора Гарадзенскай вобласці. Акрамя таго, на нацыянальным узроўні Тамара Сялюн распачала спробу ініцыяваць перад Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь пытанне аб праверцы на адпаведнасць Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах артыкул 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які забараняе выдаваць інфармацыю аб месцы пахавання пакараных у краіне людзей.

«На вялікі жаль, кампетэнтныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь мяркуюць, што адмова ва ўказанні месцаў пахавання пакараных у краіне людзей не прыводзіць да парушэння правоў іх блізкіх людзей, што гэта не падвяргае іх жорсткаму, бесчалавечнаму, зневажальнаму годнасць абыходжанню. Таму Тамара Сялюн была вымушана звярнуцца ў Камітэт правоў чалавека ААН. Варта адзначыць, што ў сваёй практыцы Камітэт неаднаразова ўстанаўліваў парушэнні артыкула 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у рашэннях, якія прымаюцца ў аналагічных скаргах беларускіх грамадзян, і абавязваў Рэспубліку Беларусь паведаміць сваякам пакараных месцы пахаванняў іх дзяцей і не дапускаць аналагічных парушэнняў у будучыні. Тым не менш, заканадаўства і практыка яго прымянення ў гэтай частцы дагэтуль не зменена, што працягвае цягнуць за сабой кожны раз, як у выпадку Тамары Сялюн, прымяненне да сваякоў пакараных бесчалавечнага абыходжання», - мяркуе Андрэй Палуда.

Праваабаронца таксама паведаміў, што 3 жніўня Камітэт пацвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага звароту Сяргея Хмялеўскага, які быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Камітэт просіць беларускія ўлады адкласці расстрэл Сяргея Хмялеўскага, пакуль яго справа знаходзіцца на разглядзе. У сваім звароце Хмялеўскі сцвярджае, што да яго ўжываліся катаванні і іншыя недазволеныя метады ўздзеяння, што ў выніку пацягнула самаабвінавачванне.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках