8 траўня 2024, Серада, 11:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інтэрнэт-карыстальнікі знайшлі беларускія карані Стывена Сігала

14
Інтэрнэт-карыстальнікі знайшлі беларускія карані Стывена Сігала

Дзядуля і бабуля актора сапраўды пераехалі ў ЗША з Бабруйску ці Менска.

Стывен Сігал наведаў Менск у канцы жніўня і нечакана распавёў пра сваё беларускае паходжанне. Пазней высветлілася, што дзядуля і бабуля актора сапраўды пераехалі ў ЗША з Бабруйску ці Менска, піша tut.by.

24 жніўня Сігал сустрэўся з Лукашэнкам у нефармальнай абстаноўцы: паспрабаваў халаднік, сала і гародніну з градкі. «Да Беларусі стаўленне ў госця асаблівае, яшчэ і таму, што, як высветлілася, ёсць яго карані і ў нашай краіне, - апісвала падзея прэс-служба дыктатара.

Карыстальнік «Вікіпедыі» пад нікам Barth адшукаў дакументальныя пацверджанні беларускіх каранёў актора: копіі міграцыйных дакументаў захаваліся на платформе Ancestry, якая захоўвае мільёны сканаў папер перасяленцаў у ЗША.

У архівах захавалася некалькі петыцый, у якіх дзядуля актора - Натан Зігельман (Nathan Siegelman) просіць аб натуралізацыі - атрыманні грамадзянства ЗША. У гэтых анкетах месцам свайго жыхарства мужчына паказваў менавіта беларускія гарады.

Выявы: RHODE ISLAND, STATE AND FEDERAL NATURALIZATION RECORDS/ANCESTRY.COM

У агульнай складанасці захавалася некалькі дзесяткаў дакументаў са згадваннем Натана Зігельмана. Петыцый было шмат (засталіся і адмовы на некаторыя з іх).

Дэталі ў анкетах трохі адрозніваліся: у якасці месца нараджэння мужчына паказваў то Менск, то Бабруйск, то Берасце. Месцам нараджэння жонкі Натана - Доры - паказаны Берасце ці Брэст-Літоўск. Змянялася і прозвішча: Зігельман (Siegelman) у паперах часам трансфармаваўся ў Сігала (Siagal).

Захавалася ў паперах і апісанне мужчыны: шэрыя вочы, цёмныя валасы, рост - 1,74 м, род заняткаў - машыніст. Прыбыў ён разам з жонкай у порт Бостана ў кастрычніку 1912 года на арабскім судне з Ліверпуля.

Сям'я прасіла аб натуралізацыі ў горадзе Правідэнс у штаце Род-Айленд. Падобна на тое, адно з прашэнняў усё ж такі было задаволена і пара абжылася ў ЗША.

Раней Стывен Сігал распавядаў пра сваё ўсходнееўрапейскае паходжанне: ён лічыў, што сярод яго продкаў былі выхадцы з Расеі і Украіны. Пра беларускія ж карані актор упершыню публічна распавёў пасля сустрэчы з Лукашэнкам.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках