9 траўня 2024, Чацвер, 0:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бялкоўскі: Пуцін дамагаецца ўвагі Абамы

7
Бялкоўскі: Пуцін дамагаецца ўвагі Абамы
Станіслаў Бялкоўскі
ФОТА: РІА «НОВОСТИ»

Канцэнтруючы войскі ля межаў з Украінай, расейскі прэзідэнт Уладзімер Пуцін стварае базу для ціску на прэзідэнта ЗША Барака Абаму напярэдадні саміту G20.

Пра гэта ў каментары gordonua.com заявіў палітолаг Станіслаў Бялкоўскі.

Канцэнтрацыя расейскіх войскаў ля межаў Украіны адбываецца напярэдадні саміту G20, які 5-6 верасня пройдзе ў кітайскім горадзе Ханчжоў, таму што расейскі прэзідэнт Уладзімер Пуцін збіраецца гаварыць з лідарам ЗША Баракам Абамам аб лёсе свету. Пра гэта ў эксклюзіўным каментары выданню «Гордон» сказаў палітолаг Станіслаў Бялкоўскі.

«Пуцін дамагаецца ўвагі Абамы і стварае фантомныя пагрозы каля межаў Украіны, зняцце якіх павінна заахвоціць яго контрагентаў, у першую чаргу прэзідэнта ЗША, пайсці насустрач расейскаму кіраўніцтву. Тактыка ясная: чым больш праблем свайму контрагенту ты ствараеш перад перамовамі, тым больш шанцаў, што ён будзе дамаўляцца, бо захоча пазбавіць сябе ад гэтых праблем. Перад самітам зручна стварыць падмурак ціску, запалохаць усіх тым, што расейскія войскі вось-вось пойдуць на Украіну», - адзначыў экспэрт.

Ён мяркуе, што Украіна з'яўляецца для Пуціна «толькі інструментам для прымусу ЗША да перамоваў пра лёс свету». Пакуль расейскаму прэзідэнту не ўдалося дабіцца поспеху на гэтай ніве, аднак ён не пакідае надзеі дасягнуць сваіх мэтаў.

«Стратэгічны і тактычны чаканы вынік - змяншэнне санкцый з 1 студзеня 2017 года. Асабліва Пуціна турбуюць еўрапейскія санкцыі. Амерыканскія не аказваюць істотнага ўплыву на расейскую эканоміку, але турбуюць, бо маюць сімвалічнае значэнне. Сам факт, што ЗША як адзіная звышдзяржава ў сучасным свеце ўводзіць санкцыі, азначае іх важнасць для іншых «, - падкрэсліў Бялкоўскі.

Набліжэнне прэзідэнцкіх выбараў у ЗША і заканчэнне кадэнцыі Абамы, на думку палітолага, зусім не бянтэжаць Пуціна. Той мяркуе, што цяпер амерыканскі прэзідэнт ва ўразлівым становішчы і больш схільны да перамоваў.

«З пункту гледжання Пуціна, цяпер ёсць асаблівы сэнс ціснуць на Абаму. Ён вельмі зацікаўлены ў перамозе Хілары Клінтан на гэтых выбарах. Калі пачнецца вайна ва Украіне, гэта будзе занесена Клінтан у мінус, і шанцы Дональда Трампа на перамогу вырастуць, чаго Абама не павінен дапусціць. Зыходзячы з гэтага, Пуцін хоча як след націснуць на Абаму, які знаходзіцца ва ўразлівым становішчы: ён павінен гарантаваць перамогу дэмакратычнаму кандыдату, а гэтая перамога не відавочная», - мяркуе Бялкоўскі.

Вайсковы аглядальнік і аналітык Павел Фельгенгаўэр заяўляў 27 жніўня, што расейскія войскі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць і прасоўваюцца да межаў Украіны, а, значыць, «можна чакаць і паўнавартаснага збройнага канфлікту» ў найбліжэйшыя некалькі тыдняў.

31 жніўня спікер Адміністрацыі прэзідэнта ў пытаннях АТА Андрэй Лысенка адзначыў, што ля межаў з Украінай знаходзяцца блізу 100 тыс. расейскіх вайскоўцаў. Групоўка пастаянна змяняецца і нарошчваецца. З 25 жніўня праводзіцца раптоўная праверка боегатоўнасці ўзброеных сіл Расеі.

Паводле вынікаў апошняга пасяджэння кантактная група дамовілася аб перамір'і на Данбасе. Міністр абароны Украіны Сцяпан Палтарак пацвердзіў захаванне баявікамі рэжыму цішыні 1 верасня.

Узброены канфлікт на ўсходзе Украіны пачаўся ў красавіку 2014 года. За гэты час некалькі разоў бакі канфлікту дамаўляліся аб усталяванні перамір'я, апошні раз - у канцы красавіка. Аднак, паводле звестак украінскага боку, перамір'е пастаянна парушалася баевікамі «ЛНР» і «ДНР».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках