8 траўня 2024, Серада, 23:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Дэмакратычным кандыдатам пара здымацца з «выбараў»

17
Зміцер Бандарэнка: Дэмакратычным кандыдатам пара здымацца з «выбараў»

Адзіны сэнс гэтай «выбарчай кампаніі» - акцыя 12 верасня на Кастрычніцкай плошчы.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Набліжаецца дзень так званых «парламенцкіх выбараў». На вашу думку, што трэба рабіць дэмакратычным актывістам, якія, з розных прычын, наважылі ўзяць удзел у гэтым выбарчым фарсе?

- Думаю, што дэмакратычным кандыдатам пара здымацца з так званых «выбараў». Ужо практычна скончыліся тэледэбаты і выступленні па радыё, таму для таго, каб не з'явілася прозвішча дэмакратычнага кандыдата ў выбарчым бюлетэні, цяпер самы час здымацца.

Таму што самае галоўнае тлумачэнне ўдзелу ў «выбарах» некаторымі дэмакратычнымі кандыдатамі палягала ў тым, каб выкарыстоўваць гэтую кампанію для данясення сваіх поглядаў. Цяпер гэты час скончыўся, таму сэнсу прадаўжаць удзел няма.

- Гэта значыць, большасць апазіцыйных кандыдатаў выкарыстоўвалі выбарчую кампанію як магчымасць для дыялогу з народам?

- Ва ўсякім разе, так яны артыкулявалі. Таму што, як вядома, нават у справаздачах БДІПЧ АБСЕ ў назіранні за выбарчай кампаніяй у Беларусі гаворыцца пра тое, што «выбары» праходзяць незаўважна.

Галоўная прычына палягае ў тым, што беларусы - разумныя людзі. Яны разумеюць, што «палатка» - абсалютна дэкаратыўны орган, які нічога не вызначае, а толькі штампуе дэкрэты Лукашэнкі і загады кабінета міністраў. Цікавасць грамадства да гэтай кампаніі нулявая, а закон маркетынгу такі: калі людзям гэта не цікава, то, значыць, большасць людзей галасаваць не пойдуць.

- Учора ў Варшаву прыязджалі спікеры дзяржаў, якія хочуць наладзіць больш цесную сувязь з Еўразвязам. Беларускую дэлегацыю ачольваў намеснік старшыні «палаты прадстаўнікоў» Віктар Гумінскі. Як вы пракаментуеце ягоны візіт?

- Мяркую, што гэта памылковая палітыка з боку Польшчы. Так, рабочыя кантакты з Міністэрствам замежных спраў і іншымі профільнымі міністэрствамі могуць быць, але пазіцыя Еўразвязу палягае ў тым, што беларуская «палатка» не з'яўляецца прызнаным парламентам, бо не было дэмакратычнага абрання.

Я сам прытрымліваюся правых перакананняў, і калі б быў грамадзянінам Польшчы, то галасаваў бы за партыю «Права і справядлівасць». Але ў гэтым выпадку рэзка крытыкую такія дзеянні. Гэта вельмі нагадвае палітыку былога міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага, якую ён праводзіў да 19 снежня 2010 года, а «ПіС» у той час гэтую палітыку востра крытыкавала. І вось сёння чамусьці польская ўлада ідзе на кантакты нават з такой адыёзнай структурай, якой з'яўляецца «палатка».

Хацеў бы нагадаць беларускім дэмакратычным кандыдатам, што сёння існуюць пагроза легітымізацыі «палаткі», і калі яны не здымуць свае кандыдатуры, то стануць суўдзельнікамі гэтага працэсу і зганьбуюць сябе.

Няма ніякай логікі гаварыць, што «выбараў» няма, а потым казаць, што трэба ісці да канца. Таму тут шмат што залежыць ад беларускіх дэмакратаў. Калі мы будзем рашучыя і паслядоўныя, тады ілжывая ідэя прызнання «палаткі» ў якасці парламента праваліцца.

- Мікола Статкевіч заклікае выйсці 12 верасня на акцыю за новыя свабодныя выбары. Чаму акцыя важная для беларусаў?

- Калі вы не пратэстуеце, не робіце гэта публічна, значыць, вы згаджаецеся з тым, што адбываецца ў краіне. Мікалай Статкевіч - прызнаны беларускі лідар. Мяркую, што ягоная ініцыятыва павінна быць актыўна падтрыманая. Правядзенне акцыі 12 верасня з'яўляецца самым галоўным у так званай «выбарчай кампаніі».

Думаю, сярод беларусаў знойдуцца тысячы людзей, якія возьмуць удзел у акцыі. Яна вельмі лагічная, бо выступае за правядзенне сапраўды вольных дэмакратычных выбараў у Беларусі пад міжнародным кантролем.

Свабодныя «выбары» могуць быць праведзеныя ў Беларусі, скажам, праз год. І Еўразвяз, і Польшча маглі б прыкласці намаганні для таго, каб адбыўся дыялог паміж уладай і апазіцыяй, у выніку якога ўзнікла б дамоўленасць аб правядзенні свабодных і дэмакратычных выбараў. Але для пачатку беларусы павінны паказаць, што яны не згодныя з тым фарсам, які адбываецца ў краіне.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках