9 траўня 2024, Чацвер, 0:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хашчавацкі: Лукашэнка не вельмі адукаваны чалавек - гэта мякка сказана

48
Хашчавацкі: Лукашэнка не вельмі адукаваны чалавек - гэта мякка сказана
Юрый Хашчавацкі
ФОТА: CHARTER97.ORG

Гэтыя «выбары» праводзяць напарстнікі.

Вядомы беларускі кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі пракаментаваў нядаўняе паведамленне ў «Фэйсбуку» Андрэя Бастунца аб тым, чаму Ярмошына забараніла «Вячэрняму Менску» друкаваць ягоны зварот, хоць тая паводле закону была абавязаная гэта зрабіць.

Андрэй Бастунец напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку»:

- Сёння (у аўторак) было чарговае пасяджэнне Назіральнага савета па СМІ пры Цэнтрвыбаркаме. Разглядалі тры скаргі. Больш за ўсё часу пайшло на зварот Юрыя Хашчавацкага ў сувязі з неапублікаваннем ягонай праграмы ў «Вечернем Минске». Галасы савета, як той казаў, падзяліліся. За задавальненне патрабаванняў - адзін голас, астатнія - супраць.

Каментар Юрыя Хашчавацкага сайту ucpb.org:

- Наогул сама па сабе сітуацыя ідыёцкая. Як я зразумеў з таго, што напісаў Бастунец, яны ў камісіі доўгі час увогуле не чыталі мой зварот, які забаранілі да друку. Ярмошына, выяўляецца, павінна была дазволіць камісіі прачытаць! Яны што думалі - прыняць пастанову, не чытаючы? Ярмошына баялася, што яны пачуюць мае словы? Так, яна баялася. А яны сядзелі і доўга не маглі зразумець, што там не паводле закону. Па ідэі, гэта вельмі смешна, з аднаго боку.

З іншага боку, гэта і ганарова ў нейкім сэнсе. Таму што, памятайце: «Я Пастэрнака не чытаў, але асуджаю». Вяртаецца тая ж сітуацыя, толькі на ўзроўні фарсу.

Ну, і, нарэшце, самае галоўнае: ніякай абразы там няма. Там напісана, што прэзідэнт - не вельмі адукаваны чалавек. Справа ў тым, што я гэта лёгка давяду, бо гэта ведаюць вельмі многія. Памятаеце, як ён сказаў, што Францішак Скарына жыў і працаваў у Піцеры? Я, вядома, разумею, што не кожны чалавек павінен ведаць гады жыцця Францішка Скарыны. Натуральна, не кожны. Шмат хто забывае, хтосьці прапусціў занятак у школе, іншыя наогул не вучылі гэтага. Але! Францішак Скарына для Беларусі - адна з самых выбітных гістарычных асоб. Гэта сімвал краіны - асветнік Францішак Скарына. У той час, калі Лукашэнка ляпнуў гэта, галоўны праспект сталіцы называўся імем Францішка Скарыны. І кіраўнік Беларусі абавязаны ведаць усе пра гэтага чалавека, які з’яўляецца гонарам Беларусі, гонарам нашай зямлі. А Лукашэнка яшчэ і гісторык па адукацыі! Гэта наогул ні ў якую браму не лезе! Адсутнасць ведаў у гэтым пытанні проста ганебная для кіраўніка Беларусі.

Я ўжо не кажу пра вершы Быкава, што ён у школе на іх вучыўся. А Быкаў жа таксама стаіць у шэрагу найбуйнейшых імёнаў, звязаных з беларускай культурай і беларускай гісторыяй. І гэтага не ведаць - гэта ганебна для кіраўніка. Гэтага можа не ведаць просты чалавек, які не асабліва добра вучыўся ў школе, але службовая асоба...

Я мяркую, што я напісаў нават мякка, што Аляксандр Рыгоравіч «не вельмі адукаваны» чалавек. Гэта не абраза. Я магу прывесці прыклад сапраўднай абразы. Абраза - гэта калі Аляксандр Рыгоравіч голасна з трыбуны называў апазіцыю адмарозкамі. Вось гэта абраза. Ці калі ён у 2006 годзе сказаў, што Казулін у яго рохкаў каля карыта - гэта абраза.

Калі Аляксандр Рыгоравіч у праграме «Без гальштука» сказаў, што я на замову спецслужбаў спецыяльна падрабіў ягоны голас, а ён нічога не казаў пра Гітлера! Потым, праўда, прызнаў, што ўсё ж гаварыў. Але ён абвінаваціў мяне ў тым, што я сфальсіфікаваў ягоны голас на асаблівай апаратуры на замову заходніх спецслужбаў і польскай «Салідарнасці». Вось гэта - абраза! А сказаць пра яго, што ён не вельмі адукаваны чалавек - гэта проста праўда.

Гэта нават у вельмі мяккай, у далікатнай форме. Я стараўся мякка данесці сваю думку. Гэта проста праўда. Канстатацыя факту.

Праўда абражае - гэта іншае пытанне! Іх абражае праўда! Разумееце, вось гэта вось «не вельмі адукаваны» можна было б і прыбраць з тэксту і надрукаваць без гэтага. Але там столькі ўсяго ў гэтым тэксце іншага - пра хлусню, фальсіфікацыі, падман... вось што абражае, калі казаць па сутнасці! Хто не чытаў - можа прачытаць і пераканацца, што так яно і ёсць насамрэч, што там няма ніякіх абразаў і што ўсё гэта - спроба чарговым разам схітраваць, згуляць у напарсткі на гэтых «выбарах». Гэтыя «выбары» праводзяць напарстачнікі, каб зноў набраць у парламент вось такіх халуёў, якія нават баяцца чытаць. Усё для таго, каб парламент так і заставаўся пустым месцам.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках