9 траўня 2024, Чацвер, 3:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты: БелАЭС будуецца ў абыход беларускіх законаў

2
Актывісты: БелАЭС будуецца ў абыход беларускіх законаў
Фота: dpa

Будоўлю трэба неадкладна спыніць, каб пазбегнуць новых трагедый.

Пры будаўніцтве Беларускай АЭС адбываюцца «шматлікія сур'ёзныя парушэнні працоўнага заканадаўства і элементарных нормаў бяспекі персаналу, у тым ліку тыя, што прыводзяць да гібелі людзей». З такой заявай выступіла 1 верасня Беларуская антыядзерная кампанія (БАЯК), паведамляе БелаПАН.

Падставай для заявы стала трагедыя, якая адбылася на пляцоўцы будаўніцтва АЭС 26 жніўня, калі загінуў 43-гадовы мантажнік будаўнічых канструкцый расейскага ТАА "Трэст РосСЭМ" Групы кампаній ASE. У афіцыйным каментары прэс-службы ASE адзначалася, што прычынай трагедыі маглі стаць парушэнні правілаў бяспекі пры падачы балонаў з газавай сумессю супрацоўнікамі субпадрадных арганізацыі.

Паводле інфармацыі, якую БАЯК цягам вось ужо некалькіх гадоў атрымлівае з пляцоўкі АЭС, якая будуецца з розных крыніц, гэта далёка не першая ахвяра. Як сцвярджае мясцовы жыхар, грамадскі актывіст Мікалай Уласевіч, з пачатку будаўніцтва там загінула блізу 10 чалавек.

"Тое, што нам вядома пра абставіны гібелі рабочых, красамоўна сведчыць аб пагардзе да нормаў элементарнай бяспекі на Астравецкай пляцоўцы. Так, нядаўні выпадак адбыўся, паводле нашай інфармацыі, праз тое, што балон з кіслародам выпаў прыкладна з 70 метраў са звязкі з балонамі, якая падаецца на вышыню. Аднак афіцыйныя крыніцы замоўчваюць тое, што іншы работнік падчас гэтага інцыдэнту атрымаў цяжкія траўмы і цяпер знаходзіцца ў шпіталі", - гаворыцца ў заяве.

Паводле інфармацыі аўтараў дакумента, пры будаўніцтве АЭС адбываюцца сістэматычныя парушэнні працоўнага заканадаўства: грэбаванне элементарнымі нормамі бяспекі, у тым ліку падчас правядзення работ на вышыні і пры ўздыме грузаў; парушэнні пры працаўладкаванні і допуску да пэўнага тыпу работ; недапушчальная працягласць змены і адсутнасць выходных.

"Мы ўважаем трагедыі з чалавечымі ахвярамі на будаўніцтве Беларускай АЭС за заканамерны вынік сітуацыі, якая склалася там з прычыны прасоўвання гэтага праекта на палітычным узроўні ў Беларусі, спешкі, эканоміі, а таксама нізкай тэхнічнай культуры, уласцівай расейскай дзяржкарпарацыі «Расатам». Аснову для інцыдэнтаў і надзвычайных здарэнняў, якія будуць прадаўжацца на будаўніцтве Беларускай АЭС, калі яно не будзе спыненае, заклалі сістэматычныя парушэнні, з якімі пачалі будаваць Беларускую АЭС", - падкрэсліваецца ў заяве БАЯК.

Ягоныя аўтары патрабуюць неадкладнага прыпынення будаўніцтва АЭС і стварэння камісіі з удзелам міжнародных экспэртаў для расследавання ўсіх парушэнняў, уключаючы парушэнні працоўнага заканадаўства, і ўсіх інцыдэнтаў, якія прывялі да гібелі людзей.

БАЯК таксама патрабуе выканання Беларуссю ўсіх пунктаў пастаноў органаў канвенцыі Эспоо, уключаючы рэкамендацыі аб стварэнні камісіі ў рамках канвенцыі для аналізу сітуацыі на будаўніцтве БелАЭС.

"Мы звяртаемся да патэнцыйных работнікаў, якіх могуць наймаць для будаўніцтва Беларускай АЭС, з папярэджаннем аб яго высокай небяспецы для жыцця і здароўя. Нават высокі заробак на будоўлі не можа кампенсаваць сям'і і блізкім гібелі або страты працаздольнасці карміцеля! А на будаўніцтве Беларускай АЭС працоўныя сёння атрымліваюць невысокія заробкі, несувымерныя з цяжкімі ўмовамі і высокімі рызыкамі, уключаючы рызыку для жыцця", - гаворыцца ў заяве.

Дакумент падпісалі Беларуская партыя "Зялёныя", грамадскае аб'яднанне "Экадом", грамадская кампанія "Астравецкая атамная - гэта злачынства!" і рух "Навукоўцы за бяз'ядзерную Беларусь!".

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках