27 красавiка 2024, Субота, 5:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч накіраваў скаргу ў Камітэт ААН правоў чалавека

2
Генадзь Фядыніч накіраваў скаргу ў Камітэт ААН правоў чалавека
Генадзь Фядыніч
ФОТА: PRACA-BY.INFO

Лідар прафсаюза РЭП накіраваў скаргу ў сувязі з парушэннем яго права на свабоду выказвання меркавання.

Індывідуальную скаргу ў Камітэт ААН правоў чалавека накіраваў старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч. У ёй ён указвае на парушэнне Беларуссю артыкулаў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паведаміў БелаПАН прававы інспектар Гомельскай вобласці РЭП Леанід Судаленка.

Фядыніч паведамляе, што пастановай суду Цэнтральнага раёна Менска ад 2 чэрвеня 2016 года быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства - на яго накладзены буйны штраф 6 млн. 300 тыс. недэнамінаваных рублёў за акцыю ў Менску ў сувязі з адмовай Менгарвыканкама даць памяшканне для правядзення прафсаюзнага кангрэса. Скарга ў гарадскі суд засталася без задавальнення, пастанова раённага суду ўвайшла ў законнае дзеянне.

«Судовыя інстанцыі не распачалі ніякіх спробаў для тлумачэння, чаму абмежаванне права на выказвання меркавання ў гэтым канкрэтным выпадку можа з’яўляцца неабходным для дасягнення адной з законных мэтаў, па сэнсе часткі 3 артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У адсутнасць якога-небудзь абгрунтаванага тлумачэння, што апраўдала бы высновы судовых інстанцый, уважаю, што прыцягненне мяне да адміністратыўнай адказнасці за выказванне свайго меркавання з выкарыстаннем мірнага сходу не з’яўляецца неабходным у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асоб. Таму я раблю выснову пра тое, што ў гэтым канкрэтным выпадку, мае правы, прадугледжаныя артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах былі парушаныя», - тлумачыць Фядыніч у скарзе.

Прафсаюзны актывіст адзначае, што Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека абвяшчае права кожнага чалавека на свабоду выказвання меркавання. А Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкул 19 і 21) прызнае права кожнага на свабоду распаўсюду інфармацыі і на мірныя сходы.

Лідар прафсаюза РЭП просіць Камітэт ААН правоў чалавека ўсталяваць факт парушэння з боку Рэспублікі Беларусь яго правоў і рэкамендаваць ураду прывесці нормы нацыянальнага закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» у адпаведнасць з міжнароднымі абавязаннямі, а менавіта ў адпаведнасць з артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

«Было важным заўсёды, а сёння асабліва важна па кожным выпадку парушэння чыноўнікамі Беларусі грамадзянскіх і палітычных правоў грамадзян дамагацца аднаўлення парушаных правоў. І няхай пакуль урад ігнаруе пастановы Камітэта правоў чалавека, заўтра ён гэтага рабіць ужо не зможа. Усе гэтыя пастановы не маюць тэрміну даўніны, а значыць будуць абавязкова выкананыя і, магчыма, гэтым давядзецца займацца нават не новаму, а дзейнаму ўраду. Упэўнены, усе ахвяры парушэнняў абавязкова будуць рэабілітаваныя і адноўлены ў сваіх правах!» - пракаментаваў Судаленка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках