27 красавiка 2024, Субота, 3:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Мельнікаў: Лукашэнка баіцца тых, хто змагаецца ва Украіне пад бел-чырвона-белым сцягам

7
Віктар Мельнікаў: Лукашэнка баіцца тых, хто змагаецца ва Украіне пад бел-чырвона-белым сцягам

Правадыра палохаюць добраахвотнікі, якія маюць досвед барацьбы супраць маскоўскіх акупантаў.

У Менску створаны грамадскі камітэт бацькоў добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне з сэпаратыстамі. Са слоў аднаго з арганізатараў камітэта Віктара Мельнікава, такіх беларусаў ва Украіне больш за сто.

Ягоны сын Іван у якасці добраахвотніка ваюе пад Аўдзееўкай на Данбасе. Прыязджаць у Беларусь на сустрэчу з бацькамі і сваякамі Іван не спяшаецца, бо такіх, як ён, у Беларусі чакае арышт і суд. Апошні раз бацька і сын бачыліся ў ліпені ў Кіеве.

Такая асцярожнасць існуе праз тое, што ў 2016 годзе ў Беларусі ўнеслі змены ў закон аб бяспецы, згодна з якім добраахвотніцтва прыраўнавалі да тэрарызму. «Гэта здарылася на загад Лукашэнкі», - мяркуе Віктар Мельнікаў і кажа, што іх бацькоўскі камітэт будзе змагацца за скасаванне гэтых паправак.

Акрамя таго, са слоў актывіста, такія, як ён, бацькі аб'ядналіся, каб абараняць і свае правы.

«У нас ва ўсіх праходзілі ператрусы, міліцыянты адабралі кампутары, іншыя рэчы, шмат чаго так і не вярнулі, як, напрыклад, не вярнулі таблет Вользе Шаўлюкевіч, у якой сын ваюе ва Украіне. Ідзе ціск не толькі на нас, але і на сяброў нашых сыноў, іхніх знаёмцаў. Вось чаму мы таксама павінны абараняцца праз аб'яднанне», - сказаў «Радыё Свабода» Віктар Мельнікаў.

Чаму ён мяркуе, што гэта правадыр асабіста стаіць за пераследам беларускіх добраахвотнікаў, калі публічна ён не раз падтрымліваў афіцыйны Кіеў у барацьбе з сэпаратыстамі?

- Лукашэнка заўсёды быў такі. Ён можа гандляваць усім, абы заставацца ў працэсе.

Тое, што ён даў пляцоўку для перамоў у Менску паміж Кіевам і сэпаратыстамі, гэта не клопат пра мір, а клопат перш за ўсё аб асабовым палітычным капітале. Але Еўропе гэта спадабалася.

Вось толькі амаль адначасова тут пачаўся жорсткі пераслед сем'яў добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну. Як гэта растлумачыць? Мне бачыцца, што Лукашэнка проста вельмі баіцца людзей, якія там ваявалі, якія маюць досвед барацьбы супраць маскоўскіх акупантаў, прычым пад бел-чырвона-белым сцягам.

Хоць за што іх пераследаваць? У нас жа вайны з Украінай няма, гэта сяброўская для нас краіна, мы з ёй актыўна гандлюем.

Самога Лукашэнку калі паслухаць, дык ён бы з усімі сэпаратыстамі разабраўся за дзве гадзiны, як ён казаў на інаўгурацыі Пятра Парашэнкі ў Кіеве. Але раптам яго стала гэта турбаваць, калі хлопцы пачалі адсланяць твары і публічна казаць, што яны беларусы, што яны тут з пэўных прычын.

Тады, у 2015 годзе, ён спачатку даў загад проста з намі разабрацца, высветліць настроі, папалохаць. Памятаю, у снежні мяне выклікалі ў міліцыю на размову, вялі гутаркі пра сына. І так было ў іншых бацькоў: пыталіся, а чаго сын з'ехаў, а ці не хоча скінуць уладу і тут?

Але ў выніку выявілася, што найміцтва нашым сыны прычапіць нельга, прыціснуць іх няма за што, і спатрэбіліся змены ў законе. Тады і быў выдадзены ўказ Лукашэнкі, хутка ўнеслі тыя змены аб тэрарызме, ухвалілі іх як закон, і цяпер не трэба даводзіць найміцтва.

Для іх усё проста: калі ты ўзяў у рукі зброю за межамі краіны, значыць, ты тэрарыст і крымінальнік. Хоць усё гэта шытае белымі ніткамі.

- А што кажа Ваш сын аб абвінавачаннях з боку беларускай дзяржавы ў найміцтве?

- Ведаеце, яны ўсё маладыя, рамантыкі, іх гэта пакуль не надта турбуе. Яны гэта нават і не надта каментуюць, ведаючы, хто такі Лукашэнка.

Але нас, бацькоў, гэтая сітуацыя вельмі турбуе. Хочацца, каб сыны часцей прыязджалі дадому, каб канчаткова сюды вярнуліся і тут нараджалі для нас ўнукаў.

І для Беларусі гэта важна, каб найлепшыя яе сыны не з'язджалі, каб аддавалі свае сілы не толькі Украіне ці Польшчы, а жылі на карысць перш за ўсё Беларусі. Дарэчы, так думаем не толькі мы, бацькі добраахвотнікаў, але і шмат іншых людзей, з кім размаўляеш аб гэтай сітуацыі.

З краіны па ўсім свеце раз'язджаецца наша моладзь, самыя ініцыятыўныя, самыя таленавітыя, а застаюцца толькі паслухмяныя. З кім будзем будаваць дэмакратычную Беларусь? Мы і пра гэта думаем.

Віктар Мельнікаў ды іншыя сябры аргкамітэту бацькоў добраахвотнікаў кажуць, што звязацца з імі можна праз сацыяльныя сеткі. Аргкамітэт плануе зарэгістраваць арганізацыю, а калі зрабіць гэтага не выйдзе, будуць дзейнічаць як ініцыятыўная група.

Дапамагла ў правядзенні першай прэс-канферэнцыі бацькам беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне партыя БХД.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках