2 траўня 2024, Чацвер, 3:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як і навошта японскі ладавальнік вучыць беларускую мову

10

Ужо некалькі гадоў з заробку ягамосць адкладае трохі грошай, каб на пару тыдняў злятаць у Беларусь

Хідэакі Сака - звычайны японскі ладавальнік. Яму 35 гадоў, ён жыве ў горадзе Сэндаі і працуе ў лагістычнай кампаніі. Вось ужо некалькі гадоў з кожнага заробку ягамосць адкладае трохі грошай, каб раз на год на пару тыдняў злятаць у Беларусь. Проста так, у адпачынак. Тры гады таму ён стаў вучыць беларускую мову і нават зняў відэа, у якім на мове распавёў аб родным месце, перадае tut.by.

ФОТА З САЙТУ TUT.BY

Гэтым летам паездка сарвалася, і Хідэ цяпер у Японіі. Паміж намі амаль восем тысяч кіламетраў. Скайп, выклік: «Вітаю». У Менску 14.26, у Сэндаі 20.26.

Суразмоўца кажа, што на дварэ ў іх ужо цёмна, і чуваць, як за акном спяваюць цвыркуны. Увогуле, самае адпаведная атмасфэра для таго, каб вярнуцца на некалькі гадоў назад і згадаць, як замежнік упершыню апынуўся ў нашай краіне.

- Усё адбылося вельмі незвычайна, - інтрыгуе Хідэ. - Пабываць у Беларусі мне параілі... на рынку ў Латвіі. Гэта было дзесьці шэсць гадоў таму, калі я гасцяваў у сябра ў Даўгаўпілсе. Не памятаю, навошта я пайшоў на базар, але разгаварыўся там з гандлярамі, распавёў, што падарожнічаю па Балтыі. І яны параілі прыехаць і да вас. Сказалі, там прыгожа і шмат добрых людзей.

З Хідэ мы гутарым па-расейску. Ён кажа амаль без памылак, трохі з акцэнтам. Мову іншаземец вывучыў сам - без курсаў і рэпетытараў.

- Нейкі час я жыў у партовым горадзе, дзе было шмат расейскіх маракоў. Мне вельмі спадабалася мова, на якой яны размаўлялі, я купіў расейска-японскі размоўнік і стаў займацца. А каб практыкавацца, ездзіў да знаёмых у Латвію, дзе шмат хто ведае расейскую мову, дый віза японцу туды не патрэбная.

«Я звальняюся, прыязджаю ў Беларусь, а вярнуўшыся, зноў ўладкоўваюся на тую ж працу»

Першы раз Хідэ прыехаў у Беларусь пяць гадоў таму. Спыніўся ў Менску толькі на шэсць дзён, пасяліўся ў гатэлі ў дзвюхасабовым пакоі. Суседзі ў яго часта мяняліся, і, што здзівіла японца, кожны раз, калі ён кудысьці сыходзіў, самае каштоўнае адміністратары прапаноўвалі пакідаць у іх - каб нічога з ягоных рэчаў, маўляў, раптам не знікла.

ФОТА З САЙТУ TUT.BY

- Яны мне заўсёды дапамагалі, а гэта ж зусім чужыя людзі, - дзеліцца эмоцыямі падарожнік. - Калі першы раз трапіў у Менск, увесь час шпацыраваў. Хадзіў па вуліцах, глядзеў на места і людзей. Мне вельмі падабаюцца беларусы. Яны часта ўсміхаюцца і, адрозна ад японцаў, шмат размаўляюць. Вельмі здзівілі прадаўцы ў крамах, яны і працуюць, і паміж сабой гутараць. У нас такога не ўбачыш і не пачуеш, бо размовы на службе наўрад спадабаюцца начальніку.

Яшчэ Хідэ прыемна ўразіла наша прыязнасць.

- Ужо ў іншай выправе я спыніўся ў гатэлі мястэчка. Разгаварыліся з жанчынай на рэцэпцыі, і раптам яна: «А давай я цябе з нашымі супрацоўнікамі пазнаёмлю». Усе збегліся, яна нас прадставіла. Мне было прыемна.

Са слоў Хідэ, у нашай краіне яго здзівілі трамваі - па японскіх вуліцах яны не ездзяць, і валяр'янка - такіх лекаў у іхніх аптэках няма. Ну і, вядома, адпачынак.

- У вас ён амаль месяц, у нас толькі дзесяць дзён. І калі ты не дзяржаўны службовец і не вялікі начальнік, узяць яго цалкам нельга.

- Але Вы ж у Беларусь часам на месяц прыязджаеце?

- Я працую паводле кантракту. Год праходзіць, пагадненне заканчваецца, я звальняюся, прыязджаю ў Беларусь, а вярнуўшыся, зноў ўладкоўваюся на тую ж працу.

Хідэ распавядае, што быў і ў Расеі, і ва Украіне, але ў Беларусі яму выгодней за ўсё.

- Тут я адчуваю сябе ў бяспецы. На вуліцы да цябе як да іншаземца не падыдзе п'яны ці міліцыянт, ніхто не будзе патрабаваць грошай.

«Дакументы на візу можна адправіць поштай, а праз пяць дзён забраць»

У той першы раз, калі з'язджаў з Беларусі дадому, Хідэ дакладна ведаў: праз год ён сюды вернецца. Заставалася толькі грошай назапасіць.

ФОТА З САЙТУ TUT.BY

- Зазвычай у Беларусі я баўлю 3-4 тыдні. Не памятаю, колькі мне трэба было на такое доўгае падарожжа тады, цяпер гэта дзесьці 3000 даляраў. Адразу сабраць такую суму складана, таму на выправу я патроху адкладаю з кожнай заплаты. Затым палова гэтых грошай ідзе на квіткі, а астатняе - на асабістыя выдаткі.

- 1500 даляраў на тры тыдні ў Беларусі?!

- Не, зазвычай прыстойная сума ў мяне яшчэ застаецца, але я заўсёды імкнуся браць з запасам - а раптам нешта здарыцца. Дарэчы, у мяне ніколі не ўзнікала праблем з тым, каб атрымаць візу ў вашу краіну. Цяпер гэта зрабіць наогул проста: калі не хочаш ехаць у Токіё ў амбасаду, можаш поштай адправіць ім патрэбныя дакументы, а праз пяць дзён ужо забіраць.

З кожным годам, кажа японец, прыязджаць у Беларусь яму ўсё прасцей: краіна становіцца бліжэйшай, а сяброў з'яўляецца больш.

- Гэта людзі з Менска, Магілёва, Гомеля, Гародні, Віцебска, Жлобіна, Полацка, - пералічвае Хідэ. - Шмат з кім мы пазнаёміліся праз сацсеткі, і ва ўсіх іх я быў у гасцях. У вас шмат кітайцаў, таму ў вялікіх гарадах мой выгляд нікога не здзіўляе, а вось калі мы ездзім у вёскі, там я ўвесь час лаўлю на сабе чужыя погляды. А калі чуюць, што я яшчэ і па-расейску разумею - наогул шок. А я ж яшчэ і па-беларуску ўмею.

Па-беларуску Хідэ ўмее пакуль не вельмі ўпэўнена: вучыць мову ён пачаў тры гады таму. Пакуль гутарым, ён увесь час устаўляе ў сказы словы і словазлучэнні на мове.

- Я скажу, што ў вас на беларускай амаль ніхто не размаўляе, затое гэтая прыгожая мова гучыць у аўтобусах, метро. Назвы вуліц і паказальнікі на ёй напісаныя. Я глядзеў вакол, слухаў - і зразумеў, што хачу ведаць гэтую мову. Пачаў з самага простага: купіў у нас у кнігарні «Слоўнік беларускай мовы», там 1500 слоў. І расчаўся, а потым прывёз з Беларусі слоўнікі і кнігу «Гавары са мной па-беларуску». Займаюся я збольшага пасля працы і ў канцы тыдня. Вучу, не спяшаюся, да падручнікаў стаўлюся як да мастацкай літаратуры: чытаю ў сваё задавальненне. А каб практыкаваць гутарковую мову, з беларускімі сябрамі стараюся праз скайп гутарыць на беларускай мове. Цяжэй за ўсё ў мяне атрымліваецца «Ы», якой няма ў маёй роднай мове.

А яшчэ Хідэ зняў відэа пра Сэндай на беларускай мове.

- У гэты горад наша сям'я пераехала не вельмі даўно, і было прыемна даведацца, што яны з Менскам пабрацімы. Так і з'явілася ідэя зрабіць ролік пра Сэндай на беларускай мове. Год над ім працаваў: спачатку здымаў, потым напісаў тэкст на японскай мове, пераклаў на расейскую, а з расейскай на беларускую - так мне прасцей. Цяпер думаю над ідэяй наступнага сюжэту.

- Навошта Вам усё гэта?

- Мне цікава. Мае бацькі, як і большасць японцаў, людзі даволі зацятыя. Спачатку яны не разумелі, чаму мне падабаецца ездзіць у іншую краіну і кантактаваць з чужымі людзьмі. Але з кожным годам у іхнім стаўленні да майго захаплення нешта мяняецца. Тое ж, спадзяюся, адбудзецца і з маімі японскімі прыяцелямі, якія, як і я, не любяць сядзець на месцы, але падарожнічаюць толькі па сваёй краіне. Магчыма, калі-небудзь я нават напішу для іх даведнік аб Беларусі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках