26 красавiка 2024, Пятніца, 23:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белгазпрамбанк» мае намер вярнуць Беларусі кнігу Францішка Скарыны

5
«Белгазпрамбанк» мае намер вярнуць Беларусі кнігу Францішка Скарыны

Набыццё «Малой падарожнай кнiжыцы» стане знакавым крокам для Беларусі.

Акцыя вяртання кнігі звязаная з тым, што ў 2017 годзе першаму беларускаму друкаванаму слову спаўняецца 500 гадоў, заявіў кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка.

«Мы ўжо дасягнулі ўсіх дамоўленасцей, застаўся толькі тэхнічны складнік. Наступны год – год Скарыны, і мы спадзяемся ў межах гэтага года выступіць вельмі добра, каб яшчэ раз прадэманстраваць адзінства беларускай і еўрапейскай культураў», – цытуе Бабарыка сайт sputnik.by.

«Белгазпрамбанк» цягам некалькіх апошніх гадоў сістэматычна ажыццяўляе фінансаванне сацыяльных і культурных праектаў, накіроўваючы на гэтыя мэты частку прыбытку са згоды акцыянераў банка і матчынай кампаніі. У 2015 годзе банк быў уганараваны за гэтую дзейнасць званнем мецэната культуры Беларусі.

Нагадаем, што яшчэ ў 2012 годзе былы міністр замежных справаў Беларусі Пётр Краўчанка звярнуўся з заклікам пачаць збор сродкаў для вяртання ў краіну аднаго з найкаштоўнейшых рарытэтаў – «Малой падарожнай кніжыцы» Францішка Скарыны.

– Некалькі гадоў таму мне ўдалося знайсці «Малую падарожную кніжыцу». Я магу сказаць, што сёння гэтае выданне знаходзіцца ў Менску. У аднаго з нашых мільянераў – ёсць у нас такія мільянеры – дарэчы, былога журналіста, які прапануе набыць гэтую кнігу нашай дзяржаве, – паведаміў тады Пётр Краўчанка. – Гэта вялікія грошы. На жаль, дзяржава не варушыцца, і гэтая кніга можа знікнуць.

Пра легальных журналістаў-мільянераў, шчыра кажучы, у Беларусі асабліва нічога не вядома да гэтага часу. І ці пра адзін і той самы рарытэт казалі Краўчанка і Бабарыка, таксама невядома. Галоўнае, што кніга ёсць.

«Малая падарожная кніжыца» была надрукаваная ў Вільні ў 1522 годзе (некаторыя даследчыкі мяркуюць, што дакладная дата невядомая). Яна была надрукаваная тады, калі Францішак Скарына вярнуўся з Прагі на радзіму, у ВКЛ. У Вільні Скарына заснаваў першую ўсходнеславянскую друкарню, дзе і выйшла «Малая падарожная кніжыца», якая называецца першай кнігай, выдадзенай на беларускіх землях.

Усяго вядома пра 7 «кніжыцаў», але цягам апошніх 30 гадоў на кніжным рынку Еўропы яны не з'яўляліся.

Паводле ацэнак Пятра Краўчанкі чатырохгадовай даўніны, асобнік «Малой падарожнай кніжыцы» мог каштаваць ад 300 000 да 500 000 даляраў. За якую суму рарытэт мае намер набыць «Белгазпрамбанк», пакуль невядома.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках