26 красавiка 2024, Пятніца, 8:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МВФ: Калі ўлады не могуць утрымліваць дзяржпрадпрыемствы, іх трэба прыватызаваць

9
МВФ: Калі ўлады не могуць утрымліваць дзяржпрадпрыемствы, іх трэба прыватызаваць

Аналітыкі МВФ не перастаюць падкрэсліваць неэфектыўнасць беларускай планавай эканомікі.

Беларускія ўлады на мінулым тыдні пачалі чарговы раўнд перамоваў з Міжнародным валютным фондам. Адно з пытанняў, якое ў гэтай сувязі абмяркоўваецца ў экспэртных колах, - як Расея паставіцца да супрацоўніцтва Беларусі з заходняй фінансавай арганізацыяй. Паводле інфармацыі БелаПАН, афіцыйная пазіцыя Масквы заключаецца ў тым, што рэкамендацыі МВФ беларускім уладам варта выконваць.

Пастанову аб выдзяленні крэдыту любой краіне прымае выканаўчая рада Міжнароднага валютнага фонду. У верасні гэтага года беларуская тэматыка абмяркоўвалася на пасяджэнні рады, і рэкамендацыі, якія крэдытор адрасуе Беларусі, былі падтрыманыя выканаўчымі дырэктарамі МВФ, паведамляе onliner.by.

Дырэктары валютнага фонду віталі крокі ўладаў Беларусі, накіраваныя на захаванне эканамічнай стабільнасці, але пры гэтым паказалі на неабходнасць глыбокіх рэформаў, якія закладуць аснову для доўгатэрміновага эканамічнага росту.

Між іншым, прадстаўнікі краін Еўразвязу (маюць у МВФ блізу траціны галасоў) рэкамендавалі Беларусі павышаць рынкавую арыентацыю эканомікі і зніжаць ступень умяшання дзяржавы ў справы прадпрыемстваў.

Еўрапейскія краіны ўважаюць неэфектыўнай практыку давядзення да камерцыйных арганізацый мэтавых паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі і мяркуюць, што выключэнне дырэктыўных метадаў кіравання беларускай эканомікай дазволіць палепшыць размеркаванне фінансавых і працоўных рэсурсаў, павысіць прадукцыйнасць працы і падняць патэнцыял эканамічнага росту краіны.

Асобна варта спыніцца на пазіцыі Расеі (2,6% галасоў), якая хоць і не мае дамінуючага ўплыву ў выканаўчай радзе валютнага фонду, але пры гэтым аказвае вызначальны знешні ўплыў на Беларусь.

Падчас вераснёўскага пасяджэння выканаўчай рады МВФ Расея падтрымала рэкамендацыі валютнага фонду, адрасаваныя беларускім уладам. Між іншым, расейскі бок уважае, што глыбокія эканамічныя рэформы ў Беларусі неабходныя, і нагадала ў гэтай сувязі аб крэдытнай праграме беларускіх уладаў з еўразійскіх фондам, якая таксама прадугледжвае рэалізацыю рэформаў.

Падчас вераснёўскай выканаўчай рады МВФ прадстаўнікі Расеі віталі цяперашнюю манетарную палітыку беларускіх уладаў, якая дазволіла стабілізаваць узровень золатавалютных рэзерваў і ўзяць пад кантроль інфляцыю.

Новыя перамовы аб старых праблемах

Перамовы беларускіх уладаў з МВФ аб новай крэдытнай праграме доўжацца ўжо прыкладна паўтара года. Пачыналася ўсё вясной 2015 года з падрыхтоўкі так званай дарожнай карты ў структурнаму рэфармаванню эканомікі, якую беларускія ўлады рыхтавалі спецыяльна пад праграму з МВФ.

Аднак ні дарожнай карты, ні вусных заяў афіцыйных асобаў Беларусі аказалася недастаткова, каб пераканаць валютны фонд у гатоўнасці праводзіць глыбокія рэформы, таму перамовы афіцыйнага Менска з крэдыторам аб новай праграме зацягнуліся.

- Патрэба Беларусі ў крэдыце МВФ за апошнія паўтара года ўзрасла: узровень нашых золатавалютных рэзерваў за мінулы перыяд не павялічыўся, але пры гэтым велічыня дзяржаўнай запазычанасці ўзрасла. З іншага боку, урад за гэты час дамогся пэўнай стабілізацыі, але ў той жа час, як паказваюць сённяшнія перамовы з Расеяй у энергетычных пытаннях, наша эканоміка застаецца вельмі ўразлівай, - канстатуе экспэрт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

На думку аналітыкаў, беларускія ўлады ўсё яшчэ схільныя адцягваць глыбокія рэформы ў эканоміцы, таму гатоўнасць афіцыйнага Менска прыняць рэкамендацыі МВФ будзе залежаць ад выніку перамоў з Расеяй у энэргетычных пытаннях.

- Урад будзе спрабаваць скласці кантракт аб газе больш нізкімі коштамі і атрымаць кампенсацыю за падатковы манеўр у нафтавай галіне ў Расеі. У залежнасці ад таго, чым гэты раўнд перамоваў з Расеяй завершыцца, залежыць, наколькі пазіцыя беларускіх уладаў будзе збліжацца з рэкамендацыямі МВФ, - мяркуе навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.

Інакш кажучы, імаверна, што чым менш выгандлюе Менск на перамовах з Масквой, тым больш падатлівым ён будзе на перамовах з МВФ.

Місія МВФ, якая прыехала ў Менск на мінулым тыдні, ужо дала зразумець, што прыярытэтнай, на думку фонду, з'яўляецца рэформа беларускага сектара дзяржпрадпрыемстваў.

- Яна патрэбна для таго, каб прыўнесці больш якасны мэнэджмэнт у дзяржсектар і павысіць эфектыўнасць яго функцыянавання, - адзначыў кіраўнік місіі МВФ Пітэр Долман, адказваючы на мінулым тыдні на пытанні БелаПАН падчас брыфінгу ў Менску.

На першым этапе, тлумачаць экспэрты, гэтая рэформа мае на ўвазе скарачэнне аб'ёмаў фінансавання, якое ў розных формах атрымлівае дзяржсектар ад дзяржавы.

- Гаворка ідзе аб ліквідацыі штучных механізмаў падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў і, як следства, вызначэнне таго, якія з іх могуць самастойна існаваць. Калі не могуць і дзяржава не мае рэсурсаў іх утрымліваць, валютны фонд будзе такія арганізацыі рэкамендаваць прыватызаваць або банкрутаваць, - мяркуе Дзмітрый Крук.

У цэлым, мяркуюць назіральнікі, выкананне рэкамендацый МВФ дасць магчымасць зрабіць беларускую эканоміку больш эфектыўнай.

- Заключэнне праграмы з МВФ - магутны стымул для Беларусі праводзіць рэформы. Калі мы іх зробім, яны стануць крыніцай доўгатэрміновага эканамічнага росту, але нават калі рэформы будуць праведзены часткова, гэта таксама крок наперад. Бо калі пройдзе незалежная дыягностыка дзяржсектара і дзяржава рэальна павысіць якасць кіравання дзяржпрадпрыемствамі, гэта дазволіць павысіць іх эфектыўнасць, - мяркуе Кацярына Барнукова.

Паколькі эканамічная моц рэальнага сектара Беларусі не расце, а пад уплывам знешніх шокаў пастаянна зніжаецца, імавернасць, што краіне давядзецца праводзіць рэкамендуемыя МВФ рэформы, вялікая. Невядомым застаецца час, калі менавіта будзе прынятая адпаведная палітычная пастанова.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках