2 траўня 2024, Чацвер, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кабзон назваў Крым «непасільнай ношай»

36
Кабзон назваў Крым «непасільнай ношай»
Іосіф Кабзон

Ад гэтай «ношы», са словаў адыёзнага артыста, пакутуюць ахова здароўя, адукацыя і культура Расеі.

Народны артыст СССР Іосіф Кабзон у шосты раз абраны ў Дзярждуму РФ. Ён прадстаўляе ў ніжняй палаце VII склікання Забайкальскі край. Кабзон зрабіў некалькі несуцяшальных заяў аб эканамічнай сітуацыі ў рэгіёне і агулам у краіне. Акрамя таго, дэпутат паведаміў, што можа перадаць свой мандат іншаму адзінаросу, паведамляе newsru.com.

На сустрэчы з журналістамі Чыты 26 верасня Кабзон назваў Крым «непасільнай ношай» для Расеі, піша партал Zabmedia. «Мы ўзялі на сябе непасільную ношу - Крым. Гэта спрадвечна расейская тэрыторыя, але якую мы фінансуем з нашага беднага расейскага бюджэту. Ад гэтага пакутуюць такія галіны, як ахова здароўя, адукацыя, культура і іншыя важныя сферы», - сказаў дэпутат Дзярждумы РФ ад Забайкальскага краю.

Важна надаваць увагу развіццю культуры, на якую сёння вылучаецца вельмі мала сродкаў, падкрэсліў Кабзон. Спявак мяркуе, што менавіта праз недахоп фінансавання ў культурнай сферы шырока распаўсюджаныя алкагалізм, наркаманія і злачыннасць.

На сустрэчы ў пасёлку Агінскага 25 верасня Кабзон назваў «жабрацкім» бюджэт Забайкалля, паведамляе «Чита.Ру». Разам з тым дэпутат заявіў, што новаспечанаму губернатару Наталлі Жданавай прыйдзецца ў гэтых варунках развязваць праблему выплаты пенсій і заробкаў бюджэтнікам альбо пакінуць занятую пасаду. «Жданава цяпер сутыкнецца з каласальнымі праблемамі. Бюджэт краю жабрацкі. Першачарговая задача для Жданавай - выплаціць пенсіі і заробкі бюджэтнікам. Калі яна справіцца з гэтым, то забяспечыць жыццядзейнасць краю, калі не, прызначым іншага начальніка», - растлумачыў артыст.

Са словаў Кабзона, цяжка сказаць, як Жданава будзе развязваць праблему з бюджэтам. Дэпутат прапанаваў падумаць, як дапамагчы кіраўніцы рэгіёну, перш чым яе крытыкаваць.

Днём пазней Кабзон асабіста сустрэўся са Жданавай, паведамляецца на афіцыйным сайце Забайкальскага краю. Дэпутат запэўніў губернатара ў сваёй падтрымцы. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні сацыяльна-эканамічнага становішча краю, развіцця сельскай гаспадаркі, культуры, аховы здароўя. «Таксама абмеркавалі магчымы пошук сродкаў для выплаты запазычанасці Забайкальскага краю і фармавання рэгіянальнага ўрада», - паведаміў Кабзон.

Суразмоўцы дамовіліся, што 5 кастрычніка, пасля першага дня сесіі ў Дзярждуме, будзе арганізаваная сустрэча Жданавай і дэпутатаў, выбраных ад Забайкальскага краю. Мяркуецца, што губернатар разам з парламентарыямі калегіяльна выпрацуе тактыку і стратэгію сваёй працы.

Акрамя таго, Кабзон не выключыў перадачы свайго мандата дэпутату Дзярждумы VI склікання ад «Адзінай Расеі», зорцы тэлесерыяла «Універ» Марыі Кажэўнікавай, паведамляе Zabmedia. Спявак патлумачыў, што мае намер адмовіцца ад месца ў Думе з прычыны далёкасці рэгіёну і свайго сталага веку. «Не хаваю ад вас, хоць для мяне гэта самы блізкі палітычны рэгіён, я задумваюся над тым, каб перадаць мандат больш маладому прадстаўніку. Я пагляджу. Мы цяпер пачнём працаваць, і калі ўсё будзе наладжана, вы не забывайце, што мне пайшоў 80-ы год, а вы (Забайкалле) - не самыя блізкія суседзі майго пражывання. Гэта першае. у нас пачнецца: «Састарэлых абралі ў Думу», - заявіў артыст.

Кабзон нагадаў, што ў новы склад Думы не прайшла «выдатная маладая дзяўчына Маша Кажэўнікава». «Выдатны дэпутат. Нарадзіла за папярэдні дэпутацкі перыяд дваіх хлопчыкаў, стварыла дабрачынны фонд. Сам Бог загадаў, каб такія людзі працавалі. Таму што яны па-сапраўднаму працуюць», - сказаў спявак. Таксама народны артыст прывёў у прыклад дэпутата мінулага склікання Марыю Максакаву, але ўсё ж аддаў перавагу Кажэўнікавай.

Кабзон абіраўся дэпутатам Дзярждумы РФ шэсць разоў. Упершыню спявак увайшоў у склад ніжняй палаты расейскага парламента ў 1997 годзе. Некалькі разоў прадстаўляў Агінскую Бурацкую аўтаномную акругу, якая пазней была аб'яднаная з Чыцінскай вобласцю ў новы суб'ект РФ Забайкальскі край. У 2007 годзе ўступіў у партыю «Адзіная Расія». З 2011 года быў першым намеснікам старшыні камітэта культуры ў Дзярждуме РФ.

У ліпені 2015 года Кабзон паведаміў журналістам, што больш пераабірацца ў Дзярждуму не збіраецца. «Не, не хачу, надакучыла. Я пяць разоў запар абраны, пяць разоў! У маім узросце гэта непатрэбна. Прычым я мяняць акругу не хачу. Гэта была б здрада. Я не (дэпутат ад «Адзінай Расеі» Аляксандр) Хінштэйн, які змяняе Ніжні Ноўгарад на Самару, абы быць выбраным. А я пяць разоў запар ад адной акругі абіраўся! Мяняць яе не хачу, але яна вельмі далёка», - патлумачыў тады спявак у размове з «суразмоўцам».

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках