27 красавiка 2024, Субота, 4:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санітарка з Гомеля: Часам з дачкой жывем на 20 - 30 рублёў на месяц

29
Санітарка з Гомеля: Часам з дачкой жывем на 20 - 30 рублёў на месяц
ФОТА: TUT.BY

Сям'я гомелькі Тамары ўжо тры гады змагаецца за выжыванне.

Ліхтугі пачаліся са смерці галавы сям'і, хоць ягоную траўму на працы тады не прызналі вытворчай. Жанчына - простая санітарка ў паліклініцы - засталася адна з дачкой-студэнткай, якая вучылася платна ў медуніверсітэце, піша «Комсомольская правда» ў Беларусі.

- Працуючы на паўтары стаўкі, атрымліваю 300 рублёў на месяц, а вучоба дачкі каштуе амаль 1,5 тысячы новымі грашыма за год. Пасля штомесячнай аплаты вучобы і камуналкі нам з дачкой даводзілася жыць часам на 20 - 30 рублёў на месяц. Таму ў канцы 2015 гады я звярнулася ў сацслужбы, папрасіўшы выдаць адрасную сацыяльную дапамогу. Паводле нарматываў яе налічваюць, калі на кожнага сямейніка прыпадае менш за 80 рублёў на месяц. Я сабрала і падала ўсе дакументы, у сацслужбе пагадзіліся, што мне належыць дапамога, і сказалі адкрыць у банку рахунак для пералічэння грошай. Але ні праз тры дні, як абяцалі, ні праз тыдзень дапамогу не пералічылі, я чакаю яе дагэтуль, - дзеліцца сваёй бядой гомелька.

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамары афіцыйна адказалі, што ў дапамозе ёй адмоўлена, бо «не выяўленая цяжкая жыццёвая сітуацыя, якая парушае нармальную жыццядзейнасць сям'і».

У перапісцы з дзяржорганамі высветлілася, што «выявіць цяжкую жыццёвую сітуацыю» яны не могуць праз тое, што «камісіі адмоўлена ў доступе для складання акта абследавання матэрыяльна-бытавога становішча сям'і». Пры гэтым Цэнтр сацабслугоўвання спасылаецца на пункт указа прэзідэнта.

- Але ў гэтым пункце прапісана, што трэба падаць або дакументы, якія даюць права на атрыманне дапамогі, або акт абследавання. Усе патрэбныя дакументы і даведкі я дала. І толькі потым даведалася ад суседзяў, што ўдзень, у мой працоўны час, прыязджала нейкая камісія і стукала ў дзверы. А я на працы з васьмі раніцы і да шасці вечара. Цяпер я прынцыпова не хачу пускаць камісію ў дом, калі гэта не абавязкова паводле закону, - тлумачыць Тамара.

Яна пісала зварот і ў камітэт працы, занятасці і сацабароны аблвыканкама, тэлефанавала ў адміністрацыю раёна і на жывую лінію губернатару.

- Усе абяцалі разабрацца, а ў выніку звароты скідалі тым, на каго я скардзілася, а яны дасылалі ўсё тыя ж адказы. У траўні я падавала паўторную заяву на выдачу сацыяльнай дапамогі, але мне зноў адмовілі. Хачу абскардзіць гэтыя пастановы праз суд, але пакуль на гэта няма грошай. Абласное аддзяленне прафсаюзаў таксама не дапамагло - я прасіла правесці прававую праверку наконт адмовы ў выдачы дапамогі. Не дапамаглі і ў абласным камітэце прафсаюза работнікаў аховы здароўя ў падрыхтоўцы пазову - адказалі, маўляў, гэта не іх кампетэнцыя. Навошта тады такія прафсаюзы?

Мала таго, цяпер супраць Тамары судзіцца Гомельскі медуніверсітэт, патрабуючы спагнаць пеню за пратэрмінаваную аплату навучання дачкі.

- Яна скончыла год з сярэднім балам 8,6, гэта давала права атрымаць зніжку на аплату адукацыі. Але заяву нашую не прынялі. Мы таксама пісалі звароты і змагаліся за гэтую зніжку, магчыма, таму на нас успалі і налічылі пеню 204 рублі. Хоць раней казалі, што ніякіх запазычанасцяў за намі няма, - распавяла маці.

Тамара папрасіла расказаць яе гісторыю, спадзеючыся, што гэта паўплывае на працу дзяржорганаў:

- Мне ўжо, напэўна, не варта чакаць дапамогі, але колькі такіх, як я? Можа, з іншымі людзьмі так не будуць абыходзіцца.

Званок сацслужбам

- Мы б рады дапамагчы жанчыне, але яна катэгарычна адмаўляе нам у доступе ў жыллё. А паводле закону гэта патрэбна. У жанчыны ёсць другая дачка - старэйшая, яна кажа, што жыве асобна. Таму нам трэба ўстанавіць факт вядзення паасобнай гаспадаркі. Адных дакументаў недастаткова. У нашай практыцы былі выпадкі, калі дапамогу прасілі сем'і, якія паводле дакументаў былі жабракамі, а дома ў іх плазменныя тэлевізары, - адказалі ў Цэнтры сацабслугоўвання.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках