27 красавiка 2024, Субота, 3:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Бабарыка: Усякую сацыяльную сфэру ў Беларусі можна ператварыць ва Uber

12
Віктар Бабарыка: Усякую сацыяльную сфэру ў Беларусі можна ператварыць ва Uber
ФОТА C САЙТУ BELARUSPARTISAN.ORG

Аб глабальных пераменах, з якімі неўзабаве сутыкнецца Беларусь.

Харызматычны кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка распавёў «Салiдарнасцi» пра свой канфлікт з «Белавіяй», а таксама пра тое, як беларускай эканоміцы выжыць і стаць паспяховай у новых рэаліях.

Напярэдадні канферэнцыі «Новая рэчаіснасць. Выклікі для Беларусі», якая пройдзе ў Менску 30 верасня і 1 кастрычніка, вядомы банкір, што надоечы раскрытыкаваў сэрвіс дзяржаўнай авіякампаніі, падчас размовы з журналістамі выказаў сваё меркаванне аб некаторых актуальных пытаннях.

Аб глабальных пераменах, з якімі неўзабаве сутыкнецца Беларусь

- Сёння ў свеце адбываюцца каласальныя змены і нейкі цывілізацыйны зрух у сусветнай эканоміцы. Змяняюцца паводзіны спажыўцоў і вытворцаў, яны пачынаюць па-іншаму ўзаемадзейнічаць паміж сабой.

Паглядзіце, як імкліва развіваецца краўдсорсінг, калі людзі з дапамогай інтэрнэт-пляцовак збіраюць грошы на вытворчасць тавараў, якія ім патрэбныя. Або шэрынг - эканоміка, пабудаваная на супольным карыстанні чым-небудзь. Яшчэ адна важная тэндэнцыя - укараненне рабатызаванай лагістыкі. Напрыклад, ужо існуюць робаты, якія ў рэстарацыі не толькі прымаюць заяўкі, але і прыносяць страву кліенту. Я мяркую, што гэтыя тэндэнцыі ўжо найбліжэйшымі гадамі зменяць сутнасць эканамічных стасункаў у свеце.

І гэта вялікія выклікі для Беларусі. Цяпер мы маем спробы не заўважаць гэтых тэндэнцый, захаваць структуру дзейнай эканомікі. У той жа час мы маем добрыя шанцы і добрую магчымасць скарыстацца сітуацыяй і дамагчыся поспеху ў гэтых варунках.

Пра тое, чаму Беларусь можа стаць паспяховай

- Першымі поспеху дамогуцца не гіганты і не малыя краіны, а краіны, дзе жывуць ад 10 да 50 мільёнаў насельніцтва з высокім інтэлектуальным і адукацыйным патэнцыялам, якія ўмеюць хутка прыстасоўвацца да новых варункаў.

Беларусь валодае ўсімі гэтымі якасцямі. І нам трэба быць гатовымі да гэтых перамен.

Пра тое, чаму моладзь не бярэ крэдыты

- Усё больш людзей пачынае задумвацца пра тое, што, набываючы рэч, ты карыстаешся ёю вельмі абмежаваны час. Напрыклад, купіў самаход і ездзіш на ім толькі на працу і з працы, а заплаціў за ўсе 24 гадзіны на дзень.

Неўзабаве мы сутыкнемся з дзіўнай рэччу - маладыя людзі наогул не захочуць браць крэдыты. Новае пакаленне хоча жыць і карыстацца, але не хоча ісці ў кабалу, калі ўзяў крэдыт і павінен 20 гадоў яго аддаваць. Яны хочуць запрасіць дзяўчыну і адвезці яе ў рэстарацыю на «Альфа-Рамэа», толькі яны не хочуць за гэта плаціць усім сваім жыццём, выплачваючы крэдыт.

У гэтых варунках той, хто прапануе пагадзінны механізм карыстання гэтым задавальненнем, напаткае каласальны рост попыту. Калі я буду даваць магчымасць карыстацца гэтым самаходам за 100 даляраў, а не плаціць 150 тысяч крэдыту. Гэта і ёсць шэрынг, які будзе мяняць структуру эканомікі.

Пра будучыню, якая чакае ІТ-спецыялістаў

- Мяне ў нейкай ступені палохае, калі людзі кажуць, што хутка нічога не застанецца, акрамя IT-спецыялістаў. Маўляў, будуць наўкол школы праграмістаў, усе будуць працаваць у структурах, якія займаюцца распрацоўкай. Гэта сёння на вуснах ва ўсіх, усе кажуць: «Ура!».

Усё гэта нагадвае мне сітуацыю ў канцы 80-х, калі навокал былі адны бухгалтары, банкіры, мэнэджары... А потым раптам высветлілася, што іх вельмі шмат і проста няма куды падзець.

Баюся, гэта ж можа адбыцца з беларускімі праграмістамі.

Пра тое, як зрабіць дзяржаву дзейснай

- Бярэм выдатковую частку бюджэту. (Тое, што датычыць эканамічнага складніка, я не чапаю, бо я не дзяржаўны чыноўнік). Возьмем тую частку, якая ўжо набіла ўсім аскому - сацыяльныя праграмы, культурныя ініцыятывы і гэтак далей.

Мы маем нейкія грошы, якія дзяржава выдаткоўвае. І ва ўсіх ўзнікае пытанне, а што добрага на гэтыя грошы робіцца? Маем мы класныя выставы, пастаноўкі? Так, ёсць «Славянскі базар», але астатняе ўсё вельмі абмежаванае.

А вы ўявіце, калі б мы ўкаранілі падыход краўдфандынгу. Дзяржава прыходзіць і кажа ўсім ахвочым: хлопцы, я маю бюджэт, які вылічаецца мільёнамі. Калі ты сабраў 20, 30 або 50% ад патрэбнай сумы на свой праект, я табе астатняе зафундую.

Адчуваеце розніцу? Гэта наколькі больш магло б стаць новых цікавых праектаў! Гэта былі б гарантавана цікавыя праекты і эфэктыўнае выдаткоўванне бюджэту.

Пра сваю дыскусіі з «Белавіяй»

- Гэта была не дыскусія, а маналог, які выпадковым чынам трапіў у сеціва, але сутнасць тут іншая. Беларусы маюць дзіўную боязь запатрабаваць сэрвіс, адэкватны кошту. Усё адно, гэта бізнэс-сэрвіс ці сэрвіс плацкартнага вагона. Існуе заяўлены кошт і заяўленая якасць паслугі. Калі мы хочам жыць у развітой краіне, то мы павінны патрабаваць гэта на кожным кроку.

Пра тое, што рабіць са стратнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі

- Ёсць дзве стратэгіі, як можна дзейнічаць у гэтай сітуацыі. Адна з іх кажа - калі ёсць вялікае дзяржаўнае прадпрыемства, банкруцтва якога выкліча каласальныя змены, то мы яго будзем закідваць грашыма, толькі б яно выжыла. Будзем яго карміць і ўтрымліваць - і барані бог яно памрэ!

Другая стратэгія - не дапускаць фармавання такіх вялікіх дзяржаўных кампаній, банкруцтва якіх можа прычыніцца да катастрафічных наступстваў.

Я мяркую, што мае працаваць прынцып натуральнага дабору, калі выжываюць самыя моцныя. Лёс вялікіх кампаній мусіць залежаць ад таго, наколькі эфектыўна яны працуюць. Ведаю дакладна, што будучыня не за вялікімі кампаніямі, а за малымі, якія змогуць аб'яднацца і працаваць разам.

Аб беларускіх чыноўніках і сэрвісе таксі Uber

- Я ўпэўнены, што ўсякую сацыяльную сфэру ў Беларусі можна ператварыць ва Uber - і гэта не будзе каштаваць вялікіх грошай. Але ў чым ёсць вялікі мінус? Гэта страта кантролю. Дзяржава пры гэтай схеме ўжо не будзе вызначаць, што рабіць людзям.

Але тут ужо мы маем вызначыць, ці трэба нам дзяржава для народу або народ для дзяржавы.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках