4 траўня 2024, Субота, 6:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрымкі заробкаў і спыненыя заводы: усё толькі пачынаецца

7
Затрымкі заробкаў і спыненыя заводы: усё толькі пачынаецца
Фота: bymedia

Паводле справаздачы МВФ, за апошнія чатыры гады колькасць стратных арганізацый павялічылася больш, чым утрая.

Спачатку недаплачваюць банкам, потым - энэргетыкам, пастаўшчыкам, затым - бюджэту. Нарэшце чарга дайшла да заробкаў. Як паведамляюць крыніцы «Белсата» на Барысаўскім заводзе аўтаагрэгатаў, заробкі і дэкрэтныя плацяжы работнікам гэтага прадпрыемства ўжо некалькі месяцаў прыходзяць са спазненнем.

Незалежныя прафсаюзы сцвярджаюць, што з аналагічнымі скаргамі ў ліпені да іх звяртаўся работнік Менскага завода аўтаматычных ліній. І хоць такія выпадкі пакуль адзінкавыя, ёсць тэндэнцыя - іх пашырэння.

«Цяпер сітуацыя цяжкая. Гэта звязана з тым, што ўрад праводзіць жорсткую манетарную палітыку. Яны сціснулі грашовую масу. Крэдытаў няма, абаротныя сродкі растрачаныя», - растлумачыў Аляксандр Бухвостаў, старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў.

Дэфолты, крэдыты і скарачэнні

Паводле справаздачы Міжнароднага валютнага фонду, за апошнія чатыры гады колькасць стратных арганізацый павялічылася больш, чым утрая і складае цяпер больш за траціну ад усіх кампаній. Рэнтабельнасць усяго дзелавога сектара за гэты час абвалілася больш, чым у 10 разоў і наблізілася да нуля яшчэ летась.

«Нядаўна Мінфін паведаміў, што сем прадпрыемстваў абвясцілі дэфолты ў сваіх аблігацыях. І ніхто дакладна не ведае, колькі прадпрыемстваў з'яўляюцца патэнцыяльнымі кандыдатамі на дэфолт сваіх крэдытаў і аблігацый», - распавёў Леанід Фрыдкін, шэф-рэдактар «Эканамічнай газеты».

Каб стабілізаваць валютны рынак, летась улады пачалі скарачаць грашовыя масу. Іншымі словамі, пачалі абмяжоўваць выдачу заводам новых крэдытаў на выплату старых. У выніку сёлета пратэрмінаваная запазычанасць заводаў банкам павялічылася ў паўтара раза і дасягае $600 млн. Запазычанасць перад энэргетыкамі – прыблізна ў такую ж суму. Пратэрмінаваная запазычанасць за камплектуючыя, так званая крэдыторская запазычанасць, дасягае $1,5 млрд. Прычым спецыялісты МВФ мяркуюць, што нацыянальная бухгалтарская сістэма заніжае гэтыя паказчыкі.

«У любы момант, калі адбудуцца вельмі сур'ёзныя праблемы ў каго-небудзь з буйных пазычальнікаў або даволі буйных банкаў, гэта пагражае ланцужком дэфолтаў», - растлумачыў Леанід Фрыдкін.

Будуць затрымліваць заробкі

Незалежныя прафсаюзы тлумачаць: калі завод пачынае затрымліваць заробкі, гэта азначае, што ён - на апошняй мяжы нястачы абаротных сродкаў, і ўсе астатнія спробы рэструктурызацыі плацяжоў - вычарпаныя. Паводле прагнозу старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў, масава да гэтай мяжы дзяржаўныя заводы могуць пачаць набліжацца бліжэй да лістапада.

«Тая схема, якая раней працавала - крэдыт на крэдыт - больш не працуе, таму чакаецца, я думаю, і затрымка заробкаў праз гэта, і, напэўна нават некаторыя прадпрыемствы будуць спыняцца», - мяркуе Леанід Бухвостаў.

Міжнародны валютны фонд выступае да ўладаў Беларусі з наступнай рэкамендацыяй: калі сродкаў на ўтрыманне дзяржаўных заводаў больш няма, іх трэба прыватызаваць або банкрутаваць. Але працэсу прыватызацыі ў нашай краіне, сярод іншага, перашкаджае адсутнасць незалежнага парламента і судоў. Для інвестараў гэта азначае, адпаведна, непрадказальныя правілы гульні і ненадзейная абарона іх інвестыцый.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках