3 траўня 2024, Пятніца, 23:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кадыраў пра чачэнцаў у Берасці: Іх завабліваюць на Захад спецслужбы

16
Кадыраў пра чачэнцаў у Берасці: Іх завабліваюць на Захад спецслужбы
Рамзан Кадыраў
ФОТА: KP.RU

На думку Кадырава, паведамленні ў СМІ пра тысячы чачэнцаў на мяжы - хлусня.

Кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў мяркуе, што тых, хто едзе ў Еўропу, назваць уцекачамі нельга.

- Я часам чую, што нібыта тысячы чачэнскіх уцекачоў спрабуюць перайсці на тэрыторыю Польшчы. Гэта абсалютная хлусня! Магчыма, нехта і пажадаў выехаць у Еўропу, каб, пакінуўшы родных і блізкіх, прадаўшы ў Чачэніі дом або кватэру, папасці ў перапоўненыя лагеры ўцекачоў. Але гэта не ўцекачы. Каб іх так называць, патрэбныя прычыны, прычыны для ўцёкаў. Якія для гэтага могуць быць падставы, калі Чачэнія - самы стабільны і развіты рэгіён, калі такой сацыяльнай дапамогі і падтрымкі маючым патрэбу няма нідзе, уключаючы і Еўропу? - гаворыцца ў заяве Рамзана Кадырава, якую распаўсюдзіла прэс-служба ўрада Чачэнскай Рэспублікі, паведамляе «Комсомольская правда».

Пра тое, што кіраўнік Чачэніі ў курсе таго, што сотні жыхароў ягонай рэспублікі ўжо некалькі месяцаў запар штурмуюць беларуска-польскую мяжу, стала вядома яшчэ амаль два тыдні таму.

Тады Кадыраў сказаў, што «тыдзень разбіраўся» ў сітуацыі і нават адправіў у Берасце сваіх людзей. Чуткі пра «людзей Кадырава» сярод чачэнцаў сапраўды хадзілі, але ці камунікаваў хтосьці з імі насамрэч - не вядома.

Са словаў Кадырава, чачэнцы паддаліся на хітрыкі заходніх спецслужбаў, якія спецыяльна завабліваюць іх у краіны Еўропы.

Кожныя суткі на цягніку у памежны польскі Тэрэспаль спрабуюць з'ехаць не менш за 300 чачэнцаў.

- У некаторых еўрапейскіх краінах яшчэ не перавяліся падручныя мясцовых спецслужбаў, якія ў інтэрнэце распаўсюджваюць небыліцы аб райскім жыцці ў Польшчы, Бельгіі, Галандыі...

Клічуць туды чачэнцаў, каб у патрэбны момант выкарыстаць у сваіх непрыстойных мэтах. Яны яшчэ не ведаюць, што мінулі часы Басаева, Хатаба, Умарава. І вяртання да іх не будзе ніколі. Таму, перш чым пазбавіцца ўсяго і ператварыцца ў асоб без пэўнага месца жыхарства (валацуг), страціць сваю рэлігію, традыцыі і звычаі, важна сто разоў падумаць, на што вы выракаеце сябе і дзяцей... Зваротная дарога будзе доўгай і цяжкай», - папярэджвае Кадыраў.

Нагадаем, месяц таму чачэнцы разбілі лагер каля аўтамабільнага памежнага перахода. Яны патрабавалі сустрэчы з прадстаўнікамі польскіх уладаў, каб тыя патлумачылі, з якой прычыны мігрантам адмаўляюць ва ўездзе ў Еўразвяз нягледзячы на заяву аб наданні прытулку. Стыхійны лагер разышоўся праз суткі, але сітуацыя не змянілася.

Валанцёры з Менска прывезлі ў Берасце цэлы прычэп з цёплымі рэчамі для дарослых і дзяцей. Дапамогу мігрантам будуць прадаўжаць збіраць.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках