3 траўня 2024, Пятніца, 13:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідчанку асудзілі за дакучлівую любоў да святара

14
Лідчанку асудзілі за дакучлівую любоў да святара

Маладая жанчына атрымала два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

У гісторыі, якую апісвае «Лідская газета», маладая дзяўчына (умоўна названая Вольгай) не толькі свядома адышла ад усіх канонаў узаемаадносін святара з прыхаджанамі, але і ўчыніла злачынства, навязваючы яму сваю любоў.

Вольга нарадзілася і расла ў Лідзе. Аднак на лета заўсёды з'яжджала да бабулі ў вёску. Там яна і заўважыла прыгожага хлопца трохі старэйшага за сябе і - закахалася.

Пасля заканчэння школы малады чалавек паступіў вучыцца на святара, а пасля завяршэння вучобы быў накіраваны служыць у адзін з лідскіх касцёлаў. Па збегу абставінаў Вольга аказалася прыхаджанкай менавіта гэтага храма. Пачуцці дзяўчыны ўспыхнулі з новай сілай, і яна стала выкарыстоўваць любую магчымасць, каб пагутарыць са святаром, а неўзабаве прызналася яму ў каханні. Малады ксёндз пастараўся наставіць Вольгу. Маўляў, стасункаў паміж імі быць не можа: паводле канонаў каталіцкай царквы, ксяндзу нельга жаніцца, мець дзяцей, ды і у адказ пачуццяў, на якія спадзяецца дзяўчына, ён да яе ніколі не адчуваў. Аднак усе ўгаворы на маладую асобу не дзейнічалі.

Праз некаторы час святара перавялі несці службу ў суседні раён. Здавалася, тут можна пазбавіцца ад дакучлівага кахання прыхаджанкі. Але не тут было. Пачуцці Вольгі сталі праяўляцца не толькі ў словах, але і неразважлівых дзеяннях. Даведаўшыся, дзе цяпер жыве і служыць малады ксёндз, дзяўчына разбіла ў парафіяльным доме акно, таксама прымудрылася зняць транзітны нумар з машыны. Размяшчала фатаграфіі святара ў сетцы Інтэрнэт. І зноў жа святар імкнуўся ўсё растлумачыць Вользе мірным шляхам. Распавядаў, пераконваў. Спадзяваўся: зразумее. Аднак у чэрвені мінулага года малады ксёндз быў вымушаны звярнуцца з заявай у міліцыю: на капот яго асабістага аўтамабіля дзяўчына выліла вадкасць для зняцця лаку. Была распачатая крымінальная справа. Суд Лідскага раёна прысудзіў Вольгу да 240 гадзінаў грамадскіх прац.

Але і гэта на маладую асобу не падзейнічала. Праз паўгода яна прыдумала чарговы спосаб помсты за нежаданне падтрымліваць з ёй стасункі. На сайце «Аднакласнікі» дзяўчына пераназвала сваю асабістую старонку са свайго імя на імя і прозвішча святара, паказаўшы на ёй звесткі маладога чалавека і апублікаваўшы фатаграфіі. Дадала на гэтую старонку і больш за паўсотні яго сяброў. Затым у сетцы Інтэрнэт Вольга знайшла выпадковыя фатаграфіі маленькіх дзяцей і таксама размясціла на старонцы, нібыта гэта дзеці святара. Надпісы ў вершах пад фатаграфіямі пра дачку і сыночка таксама запазычыла з сусветнага павуціння.

Перш чым фатаграфіі чужых дзяцей, якіх прыпісала яму Вольга, выявіў сам святар, на старонцы пабывалі некаторыя яго сябры, прыхаджане парафій, у якіх служыць і служыў. Думка пра тое, што хлусня аб наяўнасці на баку грахоўнай сувязі можа падарваць яго імідж як святара, прымусіла мужчыну адразу ж звязацца з Вольгай. Ён запатрабаваў выдаліць фатаграфіі. Калі маладая асоба пакінула патрабаванне без адказу, святар чарговым разам быў вымушаны звярнуцца ў міліцыю.

Суд Лідскага раёна прызнаў дзяўчыну вінаватай у распаўсюдзе заведама ілжывай, ганебнай інфармацыі, размешчанай у глабальнай сетцы Інтэрнэт. У якасці пакарання Вольга атрымала два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках