2 траўня 2024, Чацвер, 16:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камітэт правоў чалавека прыняў шэсць новых пастаноў аб скаргах беларусаў

9
Камітэт правоў чалавека прыняў шэсць новых пастаноў аб скаргах беларусаў

Праваабаронца Леанід Судаленка падрыхтаваў дайжэст беларускіх пастаноў, вынесеных Камітэтам ААН правоў чалавека на апошняй 117-й сесіі летам 2016 года.

Жыхарка Менску супраць Беларусі (справа №2089/2011)

8 верасня 2009 года жыхарка Менска Маргарыта Кароль брала ўдзел у мірнай дэманстрацыі, якая праходзіла ў цэнтры горада. Падчас акцыі ў руках яна трымала плакат са словамі «Маскалі, памятайце 1514». Яе арыштавалі і ў той жа дзень суд Цэнтральнага раёну Менску за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве прысудзіў ёй вялікі адміністрацыйны штраф, піша gomelspring.org.

Устанавіўшы ў гэтай справе парушэнне правоў аўтара на свабоду ўдзелу ў мірным сходзе і свабодзе выказвання свайго меркавання, Камітэт ААН правоў чалавека абавязаў Урад Беларусі перагледзець нацыянальнае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах такім чынам, каб яго выкарыстанне на практыцы не прыводзіла да аналагічных парушэнняў у будучыні, цягам 180 дзён паведаміць Камітэту аб выкананні гэтай пастановы, а таксама афіцыйна апублікаваць яе на беларускай і расейскай мовах. Урад Беларусі абавязаны забяспечыць аўтару эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы выплату выдаткаў разам з адэкватнай кампенсацыяй, уключаючы суму штрафу.

Праваабаронцы з Віцебска супраць Беларусі (справы №2082/2011 і №2093/2011)

30 лістапада 2009 года вядомы праваабаронца з Віцебска Павел Левінаў прасіў гарадскія ўлады дазволіць яму правесці 31 снежня ў апошні дзень года пікет, падчас якога планаваў публічна на вуліцы ў адзенні Дзеда Мароза павіншаваць жыхароў горада з Новым Годам і Калядамі.

20 лістапада 2009 гады жыхар Віцебска Валер Міснікаў падаў у мясцовы выканкам заяўку аб правядзенні 10 снежня ў Дзень правоў чалавека пікету, падчас якога планаваў павіншаваць жыхароў горада са святам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Мясцовыя чыноўнікі забаранілі правядзенне мерапрыемстваў, бо аўтары заявілі пікеты ў цэнтры горада, у той час як паводле пастановы гарадской адміністрацыі пікеты дазваляецца рабіць толькі ў спецыяльна адведзеных месцах на ўскраінах горада. Акрамя таго, аўтары не ўклалі дамовы з міліцыяй для аховы грамадскага парадку падчас пікетаў, з хуткай дапамогай пра медыцынскае абслугоўванне мерапрыемстваў і службай санітарнай прыборкі горада аб прыбіранні тэрыторыі пасля правядзення пікетаў.

Устанавіўшы парушэнне правоў аўтараў на свабоду выказвання меркавання, Камітэт правоў чалавека нагадаў, што Беларусь не падала, хоць у яе была такая магчымасць, інфармацыі аб тым, чаму абмежаванні права аўтараў на выказванне меркаванняў былі неабходныя ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асоб.

Згодна ААНаўскай пастанове, Беларусь абавязаная забяспечыць аўтарам эфектыўны сродак прававой абароны, поўную выплату ўсіх расходаў справы, а таксама зрабіць захады для прадухілення такіх парушэнняў у будучыні. Акрамя таго, Урад Беларусі павінен перагледзець мясцовую пастанову аб масавых мерапрыемствах у Віцебску і нацыянальны Закон аб масавых мерапрыемствах такім чынам, каб іх выкарыстанне на практыцы не прыводзіла да аналагічных парушэнняў у будучыні. Краіна абавязаная цягам 180 дзён паведаміць Камітэту ААН правоў чалавека аб выкананні гэтых рашэнняў, а таксама афіцыйна апублікаваць іх на беларускай і расейскай мовах.

Актывісты са Жлобіна супраць Беларусі (справы №2108/2011, №2109/2011 і №2101/2011)

7 лютага 2011 года жыхары райцэнтра Жлобіна Яўген Басарэўскі, Валерый Рыбчанка і Валянцін Яўзрэзаў падалі ў мясцовы выканкам заяўкі аб правядзенні 23 лютага ў розных месцах горада пікетаў супраць палітычнага пераследу экс-кандыдатаў у прэзідэнты аб выніках снежаньскіх выбараў 2010 года. Мясцовыя чыноўнікі правядзенне мерапрыемстваў забаранілі з той прычыны, што крымінальны кодэкс Беларусі не мае такога азначэння, як «палітычны пераслед».

Устанавіўшы ў гэтых справах парушэнне правоў аўтараў на свабоду ўдзелу ў мірным сходзе і свабоды выказвання меркавання, Камітэт ААН правоў чалавека абавязаў Урад Беларусі цягам 180 дзён паведаміць Камітэту аб выкананні гэтай пастановы, а таксама афіцыйна апублікаваць яе на беларускай і расейскай мовах. Урад Беларусі абавязаны забяспечыць аўтарам эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы выплату ўсіх выдаткаў разам з адэкватнай кампенсацыяй.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках