2 траўня 2024, Чацвер, 15:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежнымі журналістамі цікавіцца гэбіст з «Беларусі»

9
Незалежнымі журналістамі цікавіцца гэбіст з «Беларусі»

Ларысай Шчыраковай і Канстанцінам Жукоўскім зацікавілася КДБ.

У чацвер Яўген Меркіс, настаўнік гісторыі і старшыня гомельскай моладзевай краязнаўчай грамадскай арганізацыі «Талака» зайшоў у аддзел дзяржрэгістрацыі юрыдычных асоб Галоўнай управы юстыцыі Гомельскага аблвыканкама высветліць шэраг пытанняў, звязаных са справамі ягонай арганізацыі і яе трыццатай гадавінай, якая будзе адзначацца сёлета.

Напрыканцы размовы з чыноўнікамі Яўгену сказалі, што з ім хоча пагаварыць яшчэ адзін чалавек у суседнім кабінеце.

«Мужчына прадставіўся Аляксандрам і сказаў, што яго цікавяць мэты дзейнасці «Талакі». На маё пытанне, ці ён з «гэбэ», шчыра адказаў «так». Пры гэтым у яго перад носам ляжала тэчка з нашымі архіўнымі дакументамі аб дзейнасці арганізацыі, дзе нашыя мэты прапісаныя вельмі дэталёва», - распавёў Яўген у інтэрв'ю novychas.by.

Меркіс папрасіў выклікаць яго афіцыйнай позвай, на што супрацоўнік КДБ сказаў, што наўрад ці зробіць гэта: «лепш ўдакладніць пару пытанняў адразу».

«Сваё пасведчанне пры гэтым ён паказваць адмовіўся, а нашу краіну ўвесь час называў «Белоруссия», - кажа Яўген.

Талаковец успамінае, што далей была бессэнсоўная балбатня накшталт «Абама развязвае вайны, і пад яго кіраўніцтвам гінуць людзі, тое ж і з Феліксам Дзяржынскім, таму не трэба тут на нас нагаворваць», а таксама пра тое, што «людзям, якія верна служаць дзяржаве , паставяць добрыя надмагіллі і помнікі».

«Не ведаю, можа ў яго мара і мэта дзейнасці такая - хутчэй уласнае надмагілле мець. Гэтакі знак прафесійнага гонару, - распавядае Яўген. - З кабінета ён мяне не выпускаў, а зрабіць з ім хаця б сэлфі не даваўся, толькі круціўся ўвесь час на крэсле, як чорт на патэльні».

На банальныя пытанні «а колькі гадоў вы ў «Талацэ» або «колькі чалавек у арганізацыі?» Яўген раіў глядзець у дакументы, якія ляжалі перад носам ананімнага агента. Пасля гэтага ён паведаміў, што яго цікавяць два сябры нашай арганізацыі - вядомыя журналісты Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі.

«Я на ўсе пытанні, звязаныя з імі і іх дзейнасцю, адказваў, што калі іх цікаўлю не я і не «Талака», то сэнсу працягваць размову няма», - кажа Яўген.

«Ці працуюць Шчыракова і Жукоўскі на «Белсаце»?», - спытаў контрвыведнік.

«Не ведаю, але можаце даслаць афіцыйны запыт у Варшаву, калі вас гэта цікавіць. Гэта будзе гіт, а не ліст! У інтэрнэце скрыншот разыдзецца, думаю, нават чакаць адказу не давядзецца», - адказаў яму Яўген Меркіс.

«Мяркую, цікаўнасць КДБ была выкліканая жаданнем як мага больш даведацца аб дзейнасці незалежных журналістаў у Гомелі, - думае Яўген. - Апошні час Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі здолелі падняць шэраг сур'ёзных сацыяльных і крымінальных праблем, асабліва ў рэгіёне. Магчыма, спрабуюць на іх нешта знайсці, тым больш, «выбары» прайшлі, і ім ужо не трэба сядзець і рабіць твар лібералаў».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках