Пуцін не плануе двухбаковай сустрэчы з Лукашэнкам у Бішкеку
12- 11.10.2023, 21:15
- 10,640
Прэс-служба Лукашэнкі спадзявалася на сустрэчу з кіраўніком РФ.
Асобная двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на саміце СНД у Бішкеку не плануецца. Пра гэта заявіў памочнік Пуціна Юры Ушакоў, паведамляе РІА «Новости».
Паводле словаў Ушакова, Лукашэнка і Пуцін і так даволі шмат размаўлялі сёлета.
«Не, сустрэчы двухбаковай не плануецца. Даволі цесныя кантакты паміж двума прэзідэнтамі, і асабістых сустрэчаў вельмі шмат сёлета, і праз тэлефон яны часта маюць зносіны, але ў Бішкеку двухбаковы кантакт не плануецца», – сказаў памочнік Пуціна.
Раней прэс-служба Лукашэнкі паведамляла, што ён плануе сустрэцца з Пуціным у Кыргызстане падчас пасяджэння рады кіраўнікоў дзяржаваў СНД 13 кастрычніка. Паведамлялася, што яны «дэталёва абмяркуюць пытанні беларуска-расейскіх стасункаў, якія знаходзяцца на парадку дня». Лукашэнка гаварыў, што збіраецца абмеркаваць з Пуціным будаўніцтва чыгуначнай галіны ў Санкт-Пецярбург.