8 траўня 2024, Серада, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акупаваная Запарожская АЭС на мяжы калапсу

6
Акупаваная Запарожская АЭС на мяжы калапсу

МАГАТЭ папярэдзіла пра пагрозу катастрофы.

Шэсць з сямі стандартаў ядзернай і фізічнай бяспекі МАГАТЭ поўнасцю або часткова парушаныя на акупаванай Запарожскай АЭС, паведамляе DW.

Паводле словаў генеральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Грасі з моманту расейскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года, станцыя восем разоў была абясточаная, а кваліфікаванага персаналу для абслугоўвання ЗАЭС не стае.

«Станцыя прадаўжае сутыкацца з праблемамі, звязанымі з кадравым забеспячэннем, праверкай і абслугоўваннем крытычна важных сістэмаў бяспекі, а таксама надзейнасцю лагістычнага ланцужка паставак», – заявіў Грасі.

Прэзідэнт украінскай дзяржкампаніі «Энэргаатам» Пётр Коцін адзначыў, што больш за 300 супрацоўнікаў, якія не падпісалі кантракт з расейскім «Расатамам» пазбавіліся доступу да станцыі. Ён дадаў, што да пачатку вайны ва Украіне цеплавыя блокі ЗАЭС былі мадэрнізаваныя, яны істотна адрозніваюцца ад расейскіх аналагаў, а для іх абслугоўвання патрэбныя кваліфікаваныя кадры.

«Там набраны персанал з найбліжэйшых гарадоў, пасёлкаў, які ўвогуле не разумее, што такое атамная станцыя – яны яе здалёк бачылі», – заявіў Коцін. Экспертка ў ядзернай энэргетыцы Вольга Кашарная заявіла, што ўкраінскім спецыялістам, якія не падпісалі кантракт з «Расатамам» забараняюць з'ехаць з акупаванага Энэргадара, а Кіеў і МАГАТЭ не вядуць перамоваў пра іх вызваленне.

Са свайго боку кіраўнік аддзела аналізу бяспекі Дзяржаўнага навукова-тэхнічнага цэнтра ядзернай і радыяцыйнай бяспекі Украіны Дзмітрый Гумянюк растлумачыў выданню, што нават стан станцыі, якая не працуе, уяўляе пагрозу. Расейскія ўлады паведамлялі пра праблемы з выцечкай борнай кіслаты, што можа прывесці да карозіі і сур'ёзнай адмовы абсталявання.

«Калі будзе прадаўжацца несанкцыянаванае і некарэктнае выкарыстанне станцыі, расце верагоднасць таго, што будзе адмаўляць абсталяванне, нават калі блокі знаходзяцца ў стане халоднага прыпынку», – адзначыў Гумянюк.

Рада кіраўнікоў МАГАТЭ на пасяджэнні ў сакавіку запатрабавала ад Расеі вярнуць Украіне кантроль над атамнай станцыяй, а таксама вывесці адтуль увесь некампетэнтны персанал, у тым ліку вайскоўцаў. У сваю чаргу Масква адмовілася выканаць патрабаванні арганізацыі.

«Любыя рэзалюцыі, а таксама заявы афіцыйных асобаў і міжнародных арганізацый, якія заклікаюць да "вяртання" ЗАЭС Украіне або ўстанаўлення над ёй міжнароднага кантролю, разглядаюцца намі як спроба замаху на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Расеі», – заявілі ў расейскім МЗС.

ЗАЭС была захопленая расейскімі войскамі ў першыя дні ўварвання ва Украіну. Пасля анэксіі часткі Запарожскай вобласці прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін перадаў аб'ект пад кіраванне «Расэнэргаатама».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках