27 красавiка 2024, Субота, 21:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія багацеі ўцякаюць з Дубая пасля праблем з банкамі

9
Расейскія багацеі ўцякаюць з Дубая пасля праблем з банкамі

Дубай становіцца менш дружалюбным да расейцаў і расейскіх кампаній.

Пад ціскам ЗША банкі ўзмацняюць патрабаванні і закрываюць рахункі як тым, хто знаходзіцца пад санкцыямі, так і тым, хто можа быць неяк з імі звязаны. А кошт жыцця моцна вырас, у тым ліку праз прыезд заможных расейцаў - што ўцякалі ад вайны, ці імкнуліся знайсці прытулак для сваіх грошай.

Прыток людзей і капіталаў запавольваецца, а пасяленцы ў Дубаі скарачаюць укладанні і вяртаюцца ў Расею альбо шукаюць магчымасці для пераезду ў больш звыклыя для жыцця краіны, піша Bloomberg.

«Трэнд ідзе ўніз», усё менш расейцаў асядаюць у ААЭ, сказаў агенцтву Філіп Амарант, дырэктар па блізкім Усходзе Henley & Partners, якая надае паслугі атрымання рэзідэнцтва і грамадзянства ў абмен на інвестыцыі: «Некаторыя з маіх расейскіх кліентаў скарацілі ўкладанні ў дубайскую нерухомасць, набытую два гады таму, пакінулі тут невялікую базу і альбо вярнуліся ў Маскву, альбо перабраліся ў іншыя даступныя і вельмі прывабныя юрысдыкцыі накшталт Маўрыкія». Паводле інфармацыі рыэлтарскай кампаніі Betterhomes, трымальнікі расейскіх пашпартоў, якія занялі ў 2022 г. 1-е месца ў куплі нерухомасці ў ААЭ, у 2023 г. перамясціліся на 3-е месца.

Са слоў банкіраў, якія працуюць у Дубаі, хоць у прадстаўнікоў сярэдняга класа, агулам, няма складанасцяў з адкрыццём і абслугоўваннем банкаўскіх рахункаў, некаторыя расейцы, якія патрапілі пад санкцыі, атрымалі ад варот паварот. Праблемы ўзніклі і ў тых, хто звязаны з асобамі пад санкцыямі ці чыноўнікамі ў Расеі.

Больш дбайную праверку зараз праводзяць у дачыненні расейскіх кампаній. Гэта звязанае як з ціскам ЗША, якія імкнуцца не дапусціць абыходу санкцый, так і з тым, што ў лютым Група распрацоўкі фінансавых захадаў барацьбы з адмываннем грошай (Financial Action Task Force - FATF) выключыла ААЭ з чорнага спісу: цяпер улады імкнуцца прадэманстраваць прыхільнасць нормам FATF. Выконваючы санкцыі ЗША, нормы ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб з Расеі ў апошнія месяцы ўзмацнілі жорсткасць такія банкі, як Emirates NBD Bank, Mashreqbank, First Abu Dhabi Bank, дубайскае аддзяленне егіпецкага дзяржбанка Banque Misr.

Праз лагістычныя і банкаўскія складанасці «Нарыльскі нікель» перадумаў адкрываць гандлёвае падраздзяленне ў ААЭ, распавялі Bloomberg людзі, знаёмыя з дзейнасцю кампаніі. Зарэгістраваны ў Швэйцарыі «Еўрахім» (заснаваны Андрэем Мельнічэнкам, які трапіў пад санкцыі, у якога ёсць пашпарт ААЭ і які ў 2023 г. узначаліў спіс расейскіх мільярдэраў часопіса Forbes), летась правёў у Дубаі буйную прэзентацыю. Аднак у апошнія месяцы штат быў значна скарочаны, а многія функцыі, у тым ліку PR, пераведзеныя ў Маскву. Прычынай, са слоў інфармаваных крыніц, стаў высокі кошт жыцця і арэнды, праблем з банкаўскім абслугоўваннем у «Еўрахіма» не ўзнікала. У каментары Bloomberg «Еўрахім» назваў рэарганізацыю «звычайным бізнэс-працэсам».

Некаторыя апытаныя агенцтвам расейцы расказалі, што, паколькі вайна зацягваецца, а жыць у Дубаі дорага і не заўсёды зручна, у тым ліку праз гарачы клімат, яны плануюць пераязджаць. Іван Казлоў, які займаўся вытворнымі інструментамі ў «ВТБ капітале», пасля пачатку вайны з'ехаў з сям'ёй у Турцыю, а ў траўні 2022 г. перабраўся ў Дубай. Там ён заснаваў кампанію Resolv Labs, якая прапануе інвестыцыйныя інструменты, заснаваныя на крыптавалютах. Але цяпер Казлоў мае намер перабрацца ў Еўропу - магчыма, у Гішпанію, дзе жыве яго партнёр па бізнэсе.

Чамаданныя настроі Казлоў назірае і ў іншых расейцаў, кажучы пра Дубай:

«Гэта як кавярня ў аэрапорце, дзе ўсе проста чакаюць свайго рэйса».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках