27 красавiка 2024, Субота, 21:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША і Брытанія расследуюць крыптавалютныя ўгоды Расеі на $20 млрд

3
ЗША і Брытанія расследуюць крыптавалютныя ўгоды Расеі на $20 млрд

Падрабязнасці.

ЗША і Вялікая Брытанія правяраюць крыптавалютныя транзакцыі больш як на $20 млрд, якія былі праведзеныя праз расейскую віртуальную біржу Garantex, паведамілі крыніцы Bloomberg. Паводле іх словаў, размова можа ісці пра адно з найбуйнейшых парушэнняў санкцый супраць Расеі, уведзеных праз яе ўварванне ва Украіну.

Плацяжы, якія звярнулі ўвагу заходніх краінаў, праходзілі з выкарыстаннем прывязанай да даляра крыптавалюты Tether ужо пасля таго, як Garantex сама трапіла ў чорны спіс у красавіку 2022 года. Управа кантролю над замежнымі актывамі ЗША сцвярджала, што біржа «свядома ігнаруе абавязальніцтвы» барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму.

Паводле словаў суразмоўцаў агенцтва, з боку Tether Holdings, зарэгістраванай на Брытанскіх Віргінскіх выспах, паведамленняў пра парушэнні не паступала. У самой кампаніі заявілі, што яна замарозіла актывы ўсіх юрыдычных асобаў, якія трапілі пад санкцыі ЗША, і супрацоўнічае з праваахоўнымі органамі.

«Кожная транзакцыя адсочваецца, кожны актыў можа быць арыштаваны, а кожны злачынец – злоўлены», – падкрэслілі ў Tether Holdings.

Tether (USDT) адносіцца да так званых стэйблкойнаў і з'яўляецца самай гандляванай крыптавалютай у свеце, у звароце знаходзяцца манеты больш як на $100 млрд.

У Garantex не адказалі на просьбу пра каментар. Аднак раней у гэтым месяцы там заявілі, што актыўна супрацоўнічалі з еўрапейскімі і амерыканскімі ўладамі да таго часу, пакуль платформа не патрапіла пад санкцыі. У кампаніі таксама падкрэслілі, што па-ранейшаму імкнуцца прадухіліць выкарыстанне біржы для незаконнай дзейнасці.

Garantex была заснаваная ў 2019 годзе ў Эстоніі, аднак у лютым 2022 года краіна пазбавіла біржу ліцэнзіі на вядзенне дзейнасці. У Вашынгтоне сцвярджалі, што платформа кіруецца з вежы «Федэрацыя» ў Масква-Сіці. На сайце крыптабіржы пазначана, што яна дазваляе выводзіць сродкі праз карты Ашчадбанка, «Цінькоф Банка» і Альфа-банка, якія патрапілі пад блакавальныя санкцыі ЗША.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках