Лукашэнка зняў з пасад кіраўніка сваёй адміністрацыі і міністра працы
12- 29.03.2024, 11:39
- 14,008
Дыктатар падпісаў указы.
Лукашэнка 29 сакавіка падпісаў указы, згодна з якімі шэраг службовых асоб былі вызваленыя ад займаных пасадаў, паведамілі ў прэс-службе дыктатара.
Ігар Сяргеенка, які «абраўся» ў «палату прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу», вызвалены ад пасады кіраўніка адміністрацыі ў сувязі з пераходам на выбарчую пасаду службоўцы.
На той жа падставе вызваленая ад пасады міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, памочнік Лукашэнкі - інспектар у Менску Аляксандр Барсукоў, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў, рэктар Акадэміі кіравання Вячаслаў Данілавіч.
Таксама генерал-маёр Генадзь Лепяшко вызвалены ад пасады начальніка ўстановы адукацыі "Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь", а генерал-маёр юстыцыі Андрэй Ліс - ад пасады начальніка ўправы Следчага камітэта Менскай вобласці. Ім прыпынена, адпаведна, вайсковая служба і служба ў Следчым камітэце ў сувязі з "абраннем" "дэпутатамі".
Мікалай Маратаеў вызвалены ад пасады намесніка старшыні і суддзі Гомельскага абласнога суда ў сувязі з абраннем на іншую пасаду. Ён таксама выключаны са складу прэзідыума Гомельскага абласнога суда.